3 кагорты мужных Гарбачоў Яўстрат Дзянісавіч

    Гарбачоў Яўстрат Дзянісавіч (н. 15.12. 1915 г.) — арганізатар партызанскага руху на Беларусі. Да вайны ўзначальваў раённыя аддзелы НКУС у Любанскім і Старадарожскім раёнах. Пакінуты ў тыле ворага для падпольнай работы, з'яўляўся членам бюро Мінскага падпольнага абкома КП(б)Б , партыйнай тройкі ў Любанскім раёне. Кіраваў баявымі аперацыямі па разгрому варожых гарнізонаў, ствараў падпольныя арганізацыі ў Любані і Ніжыне, вёў разведвальную і дыверсійную работу.
    Загінуў Я. Д. Гарбачоў 31 студзеня 1942 г. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Яго іменем названы калгас у Любанскім раёне.

    Яўстрат Дзянісавіч Гарбачоў быў з тых людзей, хто заўсёды знаходзіць сабе справу, сваё месца ў жыцці — ці ў рабоце, ці ў ратнай справе. Ён карыстаўся павагай і аўтарытэтам у людзей у даваенны час, калі, учарашні школьнік, пасля вучобы на педагагічным факультэце працаваў настаўнікам у Жодзінскай школе, потым быў накіраваны ў органы НКУС. Вайна застала Гарбачова на пасадзе міжрайаддзела ўнутраных спраў. Разам са старшынёй райвыканкома А. С. Луферавым і на чальнікам райаддзела М. Я. Ермаковічам ён быў пакінуты ў тыле ворага для арганізацыі партызанскай барацьбы.
    Яўстрат Гарбачоў быў вясёлым і жыццярадасным чалавекам, самаадданым і мужным у час небяспекі. «Партызан павінен быць як непрыступная крэпасць», — гаварыў ён. I не мог здагадвацца, што сваёй гібеллю давядзецца пацвердзіць гэтыя словы.
    Яўстрату Дзянісавічу даводзілася шмат хадзіць па тэрыторыі Любанскага і Старадарожскага раёнаў. Ствараў у вёсках падпольныя трупы і арганізацыі, вёў вялікую агітацыйную і растлумачальную работу. Тых, хто рваўся ваяваць з акупантамі, накіроўваў у партызанскі атрад, найбольш надзейных пакідаў для падпольнай работы ў варожых гарнізонах. Па яго просьбе ў Любані начальнікам раённай паліцыі працаваў савецкі патрыёт I. Гідрановіч і іншыя надзейныя хлопцы.
    Ворагам стала вядома пра падпольную работу Я. Д. Гарбачова. За яго галаву была аб'яўлена вялікая ўзнагарода. Але патрыёт, не зважаючы на небяспеку, працягваў сваю такую патрэбную і рызыкоўную работу ў той час, калі зорка перамогі нават не прадбачвалася на змрочным небасхіле... Яўстрат Гарбачоў доўгі час быў няўлоўным. Яму дапамагалі ўсе добрыя, адданыя людзі, якімі багатая наша зямля. Дзейнічаў ён асцярожна, давяраў толькі тым, каго добра ведаў, валодаў выключнымі асабістымі якасцямі і быў пазбаўлены страху. У ноч на 7 лістапада 1941 г. Я. Д. Гарбачоў кіраваў аперацыяй па разгрому варожага гарнізона ў Любані. Удзельнічаў у смелай аперацыі партызан у Кузьмічах, у многіх іншых баявых справах.
    У канцы студзеня 1942 г. Яўстрат Гарбачоў прыехаў у в. Азломль. Размаўляў з людзьмі, расказаў пра добрыя навіны з фронту. Потым накі раваўся ў размяшчэнне абкома, які ў той час базіраваўся непадалёку ад вёскі. Нечакана ён сутыкнуўся з немцамі. Навокал — поле, з усіх бакоў ворагі.
      Я. Д. Гарбачову давялося прыняць няроўны бой. Вось як апісваў яго гібель камандзір Мінскага партызанскага злучэння В. I. Казлоў. «Яўстрат Дзянісавіч, залёгшы, адкрыў шквальны агонь па фашыстах. Важна было ашаламіць гітлераўцаў, прыціснуць іх да зямлі і паспрабаваць адпаўзці да лесу. Але эсэсаўцы ўпарта імкнуліся зайсці ў тыл Гарбачову, адрэзаць яму дарогу да лесу. Праз нейкі час ім ўдалося дасягнуць гэтага.
     
     Я. Д. Гарбачоў
    Абкружыўшы Гарбачова, эсэсаўцы пачалі набліжацца, і Яўстрат Дзяніса віч убачыў, што выйсці адсюль немагчыма. Ён шпурнуў у групу гітлераўцаў некалькі гранат, потым падняўся на ўвесь рост і кінуўся на прарыў. I тут яго цяжка параніла. Упаўшы ў снег, ён зноў стаў адстрэльвацца, але хутка пачалі здаваць сілы, канчаліся боепрыпасы. Яўстрат Дзянісавіч прыкінуўся забітым, каб падпусціць гітлераўцаў як мага бліжэй. Амаль гадзіну эсэсаўцы не адважваліся падысці да параненага Гарбачова. Калі падышлі на пяць-шэсць крокаў, Яўстрат Дзянісавіч шпурнуў у іх дзве гранаты, а апошняй узарваўся сам... Як потым мы даведаліся, было забіта і паранена адзінаццаць гітлераўцаў. Эсэсаўцы загадалі калгаснікам не кратаць цела Гарбачова і не хаваць яго...»
      13 лістапада 1942 г. Я. Д. Гарбачоў быў узнагароджаны пасмяротна ордэнам Чырвонага Сцяга. Адным Указам Вярхоўнага Савета СССР гэтага ордэна ўдастоены таксама яго брат Міхаіл і сястра Марыя Гарбачовы. Вайна выкасіла ўсю сям'ю Гарбачовых. На фронце і ў партызанскіх атрадах загінулі браты Яўстрата Васіль і Сяргей, расстраляны старэйшая сястра Марыя і бацька Дзяніс Захаравіч Гарбачоў.

    В. Р. Феранц
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район