Жыццё ў няволі

    У пачатку вайны немцы наведваліся ў нашу вёску мала. Навокал дзейнічалі партызанскія атрады, пад іх абаронай сяляне жылі больш-менш спакойна. Займаліся сваёй звычайнай справай, дапамагалі партызанам, чым маглі. Сярод іх было многа родных, сваякоў, мы жылі адной вялікай дружнай сям'ёй. Усе беды пачаліся з лета 1943 г. Карнікі абкружылі вёску, пачалася страляніна. Людзі ўцякалі ў лес, многіх злавілі. На выручку прыйшлі партызаны, на гэты раз няпрошаных гасцей удалося выбіць.
    У нас тады жылі яўрэі — бежанцы з Глуска, Бабруйска і Старых Дарог. Усіх іх было дзесяць чалавек, у нашай хаце было вельмі цесна, але мы жылі дружна, хоць і не весела. Спадзяваліся, што ўсе разам дачакаемся вызвалення. Але ў лютым 1944 г. зноў наляцелі карнікі. Мы хаваліся ў зямлянцы ў лесе каля Трайчан. Фашысты схапілі тады многіх вяскоўцаў, болыпасць іх спалілі жывымі ў калгасным кароўніку. Згарэла там і мая маці... Яўрэі з Глуска, каб не трапіць у рукі азвярэлых ворагаў, узарвалі сябе гранатай.
    15 лютага мы хаваліся ў лесе паміж в. Трубяціна і Плюсна. Побач па дарозе ездзілі і хадзілі гітлераўцы, мы з бацькам і сястрой Кацяй ляжалі, баючыся паварушыцца. Цэлы тыдзень не адважваліся выйсці з лесу. Не маглі развесці агонь, нельга было нават заснуць, а стаялі маразы...
    Немцы ўчынілі аблаву, нас схапілі ў в. Трубяціна. Прыгналі ў Любань, трымалі пад вартай больш тыдня. Потым мяне, як малалетнюю, адпусцілі, а Кацю адправілі ў Германію. Каля Брэста яна спрабавала збегчы, яе злавілі, моцна збілі. Тады сястра і страціла здароўе. Вярнулася яна ў снежні 1945 г., а ў наступную вясну, у красавіку, памерла.
      У канцы зімы 1944 г. ворагі схапілі і бацьку, якому было за 50 гадоў. У лагеры ён захварэў на тыф, немцы выпусцілі яго, знямоглага. Я тады была ў в. Дарасіно, дзе замужам жылі мае старэйшыя сестры. Там нас знайшоў бацька, і ўсе мы ў хуткім часе дачакаліся вызвалення.

    В. М. Сяховіч
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район