Цудам засталіся жывымі

    Напярэдадні вайны я вучылася ў Мінску. Улетку 1941 г. цяжка захварэў старэйшы брат Іван, яго адвезлі ў адну з мінскіх бальніц. Я некалькі разоў наведвала яго. А на світанні 22 чэрвеня горад палаў... Невядома, што здарылася з братам, ён так і загінуў без вестак. А я пешшу дабралася дадому. Ішла па занятай ворагам тэрыторыі, цяжкім, крывавым быў той шлях: бамбёжкі, смерць на кожным кроку.
      Не намнога цішэй і лягчэй было і дома. Моладзь акупанты адбіралі для адпраўкі ў Германію. Схапілі і мяне. Спачатку трымалі ў лагеры ў Старых Дарогах. Халодным зімовым днём 1943 г. нас упіхнулі ў таварныя вагоны і павезлі на захад. Але партызаны ўзарвалі чыгунку, немцы высадзілі ўсіх нас і адправілі ў лагер смерці Азарычы. Тое, што давялося нам там перажыць, не прысніцца і ў самым жудасным сне... Людзі знаходзіліся на голай, мёрзлай зямлі, іх амаль не кармілі. Давалі крыху поліўкі з бруквы і дохлай каніны тым, каго адпраўлялі капаць акопы. Адольвалі вошы, хваробы, холад і голад... Вельмі многія ні ў чым не вінаватыя людзі знайшлі ў лагеры сваю смерць. А вясной тыя, хто выжыў, дачакаліся вызвалення.

    Н. А. Каратчэня
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район