3 успамінаў М. А. Шаплыкі, жыхаркі в. Сарачы

    Да вайны мы жылі ў Рэдкавічах. Кожную нядзелю мама хадзіла ў Любань. I ў той дзень, калі вярнулася з райцэнтра, яна сказала бацьку: «Людзі кажуць, вайна пачалася...» Бацька не паверыў. А хутка пачуўся гул чужых самалётаў , і праз некалькі дзён у вёсцы з'явіліся немцы. Салдаты кватаравалі ў хатах вяскоўцаў. У нас жылі пяць немцаў. Маці гатавала ім абед.
    Восенню вайсковая часць адправілася, здаецца, на фронт, у вёсцы ўсё часцей пачалі з'яўляцца эсэсаўцы. Колькі гора зведала ад іх! Наша хата стаяла на-водшыбе, была абсаджана кустамі. Партызаны заўсёды нам перадавалі, калі едуць карнікі, а мы папярэджвалі ўсіх вяскоўцаў. Звычайна я, старэй шая — мне было ўжо шэсць гадоў — бегла да бліжэйшай хаты. Людзі хуценька збіралі клункі з самым неабходным — і ў лес. Напярэдадні вайны маці нарадзіла хлопчыка, з-за яго аднавяскоўцы ніколі не бралі нас з сабой: маўляў, будзе крычаць, усіх выдасць. Бацька быў у партызанах, мама адна з трыма малымі вымушана была хавацца. Аднойчы мы начавалі ў нейкай канаве, было цёмна, холадна, пад нагамі хлюпала гразь. Страшна: калыхне вецер куст — здаецца, немцы ідуць. Маленькі плача... Мама ўзяла хусцінку і заткнула яму рот. Так і сядзелі, пакуль не развіднела.
    Кожны раз, вярнуўшыся ў вёску, мы не далічваліся адной ці двух хат. Спачатку фашысты палілі пабудовы, што стаялі на ўскраіне, а ў 1942 г. ператварылі ў попел амаль усе Рэдкавічы. Згарэла і наша хата разам з усім скарбам. Суседка дала нам такую-сякую вопратку, і мы падаліся ў Верачагошч, дзе жылі родзічы. Але хутка немцы дабраліся і сюды. Жыхары вымушаны былі перасяліцца ў лес. Амаль год туліліся ў зямлянках, па некалькі сем'яў у кожнай.
    Ніколі не забуду таго страшнага дня 1944 г. Была адліга, ішоў мокры снег з дажджом. Раптам здалёку пачуліся стрэлы, брэх сабак, усё бліжэй, бліжэй... Мы зразу мел і, што немцы прачэсваюць лес. Выбеглі з зямлянак, бачым, ужо партызаны падаспелі — іх лагер быў недалёка ад нашага. Пачалася перастрэлка. Чутно было, як свішчуць над галавой кулі. Тады і бацьку забілі. Ён упаў на нашых вачах. Мы ляжалі ў мокрым снезе і не маглі нават падпаўзці да яго. Партызаны адступілі, нас усіх схапілі і пагналі ў Азёрнае. Так і не пахавалі бацьку...
    Нас зачынілі, здаецца, у гумне. Памятаю, падлога была земляная, у кутку стаяла печ. Напіхалі нас столькі, што яблыку не было дзе ўпасці. Але людзі неяк умудраліся і сесці, і перадрамаць. Малым дазвалялі днём выходзіць на вуліцу, астатнія ўвесь час пакутавалі ў цеснаце і духаце. Так нас пратрымалі каля двух тыдняў.
      Аднойчы раніцай дзверы адчыніліся, усіх пачалі выганяць на двор. Немцы выбіралі ў натоўпе больш маладых і здаровых, саджалі на падводы, якія стаялі непадалёку. Як потым даведаліся, іх адбіралі для адпраўкі на работу ў Германію. Астатніх — спаліць. I наша сям'я загінула б, калі б сярод фурманаў не аказаўся знаёмы мамы. Ён непрыкметна вывеў нас і схаваў у сена на сваёй павозцы. На нашых вачах забілі дзверы хаты і падпалілі разам з людзьмі. Да сённяшняга дня ў вушах стаіць той жудасны енк і крыкі...

    Н. А. Каратчэня
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район