Андруховіч Анатоль Антонавіч

    Дачка Арэсы. 16. Чырвоны сцяг над Любанню

    1
    Напярэдадні 24-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі партызанскі лагер на востраве Зыслаў жыў у прадчуванні важных падзей. Партызанскі штаб распрацаваў некалькі буйных аперацый у гонар слаўнай гадавіны. Аднадушным жаданнем партызан было неадкладна разграміць гітлераўскі гарнізон у Любані.
    За горадам даўно сачыў Яўстрат Гарбачоў: там у яго былі свае вочы і вушы. Сувязныя і спецыяльна пасланыя ў гарадок разведчыкі паведамлялі аб усім, што рабілася ў гарнізоне.
    Партызанская разведка мела дакладны план размяшчэння ўмацаванняў і агнявых кропак, рэгулярна даставала звесткі аб усіх намерах камендатуры і гарнізона... Ад дыму самакрутак мігае агеньчык у зробленай з гільзы снарада газоўцы, на сценах мітусяцца цені. Тут, у штабной зямлянцы, сабраліся на нараду члены падпольнага абкома, кіраўнікі партызанскіх атрадаў.
    Згодна з распрацаваным планам па захопу Любані разгром гарнізона даручаўся атрадам Далідовіча, Патрына і Розава... Дзве баявыя групы партызан са станкавымі кулямётамі перарэжуць дарогі з Любані на Слуцк, Старобін і Пагост, а таксама дарогу на Урэчча.
    Адсюль можа прыйсці гарнізону дапамога. Партызанскім разведчыкам неабходна ў гэту ноч абарваць сувязь любанскай камендатуры з суседнімі гарнізонамі. У плане ўдакладнялася кожная дэталь. I вельмі важным было пазбавіць Любанскі гарнізон сувязі.
    — Вы лічыце, надзейныя гэта меры? — задаў пытанне Казлоў.
    — Спадзяюся, так,— пераканана адказаў Гарбачоў.— Тэлефонная сувязь будзе абрэзана, рацыя пашкоджана.
    — Гэта вельмі добра,— адобрыў Казлоў.— Трэба пазбавіць гарнізон усялякай надзеі на падмацаванне...
    Пад прыкрыццём асноўных партызанскіх сіл у горадзе павінна была дзейнічаць ударная група гранатамётчыкаў і аўтаматчыкаў. Ім першым належала пранікнуць да будынка камендатуры ў цэнтры горада, зняць варту і атакаваць раней намечаныя кропкі. Адначасова з імі пачнуць свае дзеянні асноўныя сілы партызан, раздзеленыя на дзве часткі—разгорнуць наступленне з поўначы і з поўдня з тым, каб да раніцы поўнасцю авалодаць горадам.
    — Над планам мы няблага папрацавалі,— выказаў адабрэнне Васіль Іванавіч Казлоў.— Застаецца ажыццявіць,— і ён паглядзеў на прысутных.— Штурмавую групу павядзе Дзмітрый Гуляеў... Падрыхтаваны камандзір. Кадравы афіцэр. Тактыкай бою валодае. I мне здаецца — поспех у многім будзе залежаць ад таго, ці пашанцуе ўдарнай групе бясшумна захапіць мост цераз Арэсу. Там узмоцненая ахова.
    — Гэта так. Мост вырашае агульны поспех,— згадзіўся камандзір партызанскай разведкі Гарбачоў.— Калі ўзнікне трывога, наша аперацыя набудзе зусім іншы ход...
    — Канкрэтна, як думаеце захапіць мост? — паставіў пытанне Васіль Іванавіч.
    — Пераправім праз Арэсу групу партызан,— дакладваў Гарбачоў,— яны са свайго берага дапамогуць авалодаць мостам...
    — Здымем вартавых без шуму,— стрымана адказаў Гуляеў.— Ні адзін гітлеравец не апамятаецца...
    — Што ж, план прымальны,— згадзіўся Казлоў.— Застаецца атрадам і групам своечасова заняць зыходныя пазіцыі. У дзве гадзіны ночы пачынаем аперацыю.
    У гэты дзень у лагеры было асабліва ажыўлена: надыходзіла вялікае свята і кожнаму хацелася стаць яго паўнапраўным удзельнікам. А тут, на партызанскай тэрыторыі, можна даць волю сваім пачуццям і думкам, можна хоць на хвіліну дыхнуць святочным настроем, калі навокал гаспадараць гітлераўцы, даведацца пра добрыя звесткі з фронту, абагрэць душу ў кругу сяброў і аднадумцаў...
    У лагеры сабраліся партызанскія сувязныя, кіраўнікі падпольных груп. Тут можна было ўбачыць многіх з тых, хто прысутнічаў на першым раённым падпольным сходзе.
    Майстрэнка прыладкаваўся на нейкай калодзе каля самага вогнішча. Яго з усіх бакоў акружылі маладыя падпольшчыкі, кіраўнікі падпольных патрыятычных груп. Ішоў своеасаблівы семінар па падпольнай дзейнасці.
    — Сёння ў раёне, бадай, не знайсці ні адной вёскі, ні аднаго населенага пункта, дзе б не пабывалі кіраўнікі падполля. Найбольш адважныя, вытрыманыя і знаходлівыя камсамольцы і моладзь вядуць актыўную разведвальную работу, выконваюць свой патрыятычны абавязак па барацьбе з гітлераўскімі акупантамі. Усюды ствараюцца падпольныя патрыятычныя групы,— Адам абвёў прысутных уважлівым позіркам і працягваў: — Я вас пазнаёмлю з кіраўніком адной такой групы — Сямёнавай.
    Феня падрабязна расказала, як была створана арганізацыя, як камсамольцы і моладзь збіралі зброю і перадавалі партызанам, выратоўвалі нашых байцоў, якія трапілі ў акружэнне, праводзілі дыверсійную работу на дарогах, распаўсюджвалі лістоўкі.
    Да кастра падышоў Яўстрат Гарбачоў, пастаяў, паслухаў Феню, а пасля прапанаваў:
    — А цяпер, сябры, бліжэй да штабной зямлянкі,— ён паглядзеў на гадзіннік.— Маскву паслухаем.
    Каля радыёпрыёмніка, які не так даўно ўстанавілі на востраве, завіхаўся Іван Дзянісавіч Варвашэня. Ён доўга лавіў Маскву, настройваўся на патрэбную хвалю. Нарэшце твар яго асвяціўся радасцю:
    — Масква, таварышы!
    Людзі пачалі падыходзіць бліжэй: кожнаму хацелася пачуць голас Масквы — раз гучыць ён у эфіры, значыць, сталіца жыве. Голас пасяляў у сэрцы надзею, кожны з прысутных на гэтым глухім лясным астраўку перанёсся ў Маскву, прайшоў баявым маршам у маўклівых і ўрачыстых калонах палкоў перад трыбунай Маўзалея па Краснай плошчы. I доўга яшчэ ў вушах гучалі словы Вярхоўнага Галоўнакамандуючага: «Вораг будзе разбіты, перамога будзе за намі!»
    Пасля выступлення Варвашэня сабраў кіраўнікоў падпольных груп і сувязных.
    — Па даручэнню абкома,— паведаміў ён,— заўтра к поўдню будзе выпушчана спецыяльная лістоўка. Задача — як мага хутчэй распаўсюдзіць лістоўкі сярод насельніцтва. Гэта для камсамольцаў-падпольшчыкаў баявое заданне вялікай палітычнай важнасці.
    Надышоў час выступаць партызанскім атрадам. Гучыць каманда строіцца. Партызаны шпарка становяцца ў шарэнгі. На правым фланзе займаюць месца камандзіры ўзводаў, рот. Людзі, апранутыя ў ватоўкі, даматканыя світкі, салдацкія шынялі, кажухі, прыбадзёрыліся, падцягнуліся. Усе ўзброеныя. У многіх на рамянях гранаты і падсумкі з патронамі. У большасці за плячыма вінтоўкі, ёсць і трафейныя карабіны, зрэдку аўтаматы. Настрой ва ўсіх бадзёры.
    Адсюль партызанам ляжаў шлях да Любані...

    2
    Лістападаўская ноч выдалася цёмная і халодная. Рэзкі вецер хвастаў па тварах байцоў дажджом і мокрым снегам. Чвякала пад нагамі яшчэ не замерзлая балотная твань.
    У другой гадзіне ночы 7 лістапада байцы Гуляева і атрад Патрына падышлі да Арэсы там, дзе яна працякае зусім блізка ад гарадка. Спыніліся. Камандзіры ўдакладнялі сумесны план дзеянняў, байцы рыхтаваліся да бою. Вопытныя трымаліся спакойна, спрабавалі неяк падбадзёрыць маладых, неабстраляных, раілі, як трымацца ў начным баі, каб не трапіць пад агонь сваіх.
    I вось раздалася каманда: атрады выйшлі на зыходныя рубяжы. Партызаны падрыхтавалі зброю, разгарнуліся ў баявы ланцуг.
    Група Гуляева пераправілася на заходні бераг Арэсы, асцярожна пачала набліжацца да моста...
    3 усходняга берага подступы да ракі па адкрытай мясцовасці. Усё прастрэльваецца з дзота. Ланцужок байцоў рухаецца амаль нячутна.
    Групы з двух бакоў ад дарогі, па беразе ракі, папаўзлі да моста. Каля парэнчаў відаць постаці вартавых. Яны тупаюць узад-уперад, махаюць рукамі. Відаць, ранішні холад прыціснуў іх.
    У імгненне разведчыкі былі на мосце. Вартавыя і ўскрыкнуць не паспелі... Варожыя кулямётчыкі і некалькі ахоўнікаў таксама былі захоплены знянацку і знішчаны. Успыхнуў і згас ліхтарык на другім беразе Арэсы. Гэта сігнал: шлях свабодны.
    Баявыя групы партызан без перашкод пераадолелі мост цераз Арэсу і рынуліся ў пасёлак, расцякліся да раней намечаных аб'ектаў. Каля белага глінабітнага будынка камендатуры раздаўся стрэл і пачуўся разгублены крык:
    — Партызаны!
    Рэзкая чарга з аўтамата прарэзала начную цішыню. У вокны паляцелі гранаты. Пачуліся выбухі, крыкі. Гітлераўцы выскоквалі праз вокны і тут жа падалі, скошаныя кулямі партызан... Запрацавалі нямецкія кулямёты на вышцы. Аднак у гэтым вогненным пекле білі яны абы-куды. Добра ведаючы размяшчэнне важнейшых агнявых кропак, флангавая група Патрына хутка прымусіла змоўкнуць кулямёты на вышцы. Вялі шалёны агонь кулямёты і на іншых умацаваных агнявых кропках, аднак з перапалоху яны білі неўпапад. У цемры, добра арыентуючыся ў вузенькіх завулках, гранатамётчыкі Гуляева абыходзілі іх з тылу і закідвалі гранатамі, падаўлялі агнём з аўтаматаў.
    3 двух бакоў адначасова ўварваліся ў горад партызаны з атрадаў Розава і Далідовіча. Акупанты спрабавалі абараняцца: на вуліцах, каля асобных будынкаў, пачалася перастрэлка. Гарнізон аказваў жорсткае супраціўленне. Калі ў адным месцы затухала страляніна, дык тут жа ўзгаралася ў другім. Увесь час у неба ўзляталі ракеты і наваколле залівала матава-зялёным святлом: гітлераўцы прасілі дапамогі ў бліжэйшых гарнізонаў. Стала цяпер зусім светла: начную цемру асвятляла зарыва пажару, які асабліва разгараўся ў цэнтры...
    Фені здавалася, што бой цягнуўся цэлую вечнасць. У цэнтры, дзе знаходзіліся камендатура і казармы, усё гарэла, чуліся выбухі і страляніна. Феня паспрабавала пранікнуць у гэта пекла і не змагла. Увесь час над галавой ціўкалі кулі, білі па сценах дамоў.
    Акружаныя з усіх бакоў партызанамі, асобныя групкі гітлераўцаў адстрэльваліся з дамоў, выпадковых сховішчаў, але многія з іх, каму пашанцавала ўцалець, разбегліся і не думалі аб супраціўленні.
    Звінела ў вушах ад выбухаў і страляніны. Усё яшчэ зрэдку ў небе загараліся ракеты, шугала полымя над цэнтрам, але бой заціхаў. Ён цягнуўся каля дзвюх гадзін. Варожы гарнізон быў разгромлен. Больш за сорак гітлераўцаў было забіта, партызаны захапілі шмат трафеяў — зброі, боепрыпасаў, прадуктаў і вопраткі, што таксама было важна перад наступленнем жорсткіх халадоў...
    Неўзабаве партызаны рушылі да месца сваёй дыслакацыі. Байцы ішлі вясёлыя, прыгадвалі эпізоды бою, жартавалі, смяяліся, нехта нават паспрабаваў заспяваць. Людзі разумелі: гітлераўцам цяпер не да іх, можна не хавацца, не тоячыся, адкрыта ісці па дарозе, праз вёскі з высока ўзнятай галавой, з усведамленнем добра выкананай «работы». Толькі калі байцы пазіралі назад, дзе на падводах везлі забітых і параненых, азмрочваліся іхнія твары, мацней сціскаліся кулакі. Будуць наперадзе і новыя баі, і новыя ахвяры, толькі прызвычаіцца да таго заўсёды цяжка.
    Гарбачоў крочыў побач з Феняй. Звычайна вельмі стрыманы, зараз і ён не мог схаваць узрушанасць:
    — Доўга будуць памятаць гэту ноч фашысты!
    Ватоўка на ім пасечана кулямі, цераз плячо дулам уніз — аўтамат, шапка з чырвонай стужкай наўскасяк збілася на патыліцу. Дарога здаецца цеснай, столькі ідзе па ёй узброеных людзей. «Сіла, вялікая сіла»,— думае Феня, і гордасць перапаўняе сэрца.
    Паказаліся Рэдкавічы. Тут камандаванне атрадаў намеціла першы прыпынак.
    Умомант абудзілася вёска. Людзі высыпалі на вуліцу сустракаць партызан — яны яшчэ не бачылі такой сілы. Цяжкі лёс выпаў на долю гэтай вёскі. Ляжала яна на мяжы партызанскай зоны, і не было дня, каб тут не з'явіліся гітлераўцы. Рабавалі, катавалі. Людзі жылі ў пастаянным страху. Але сёння над будынкам школы лунаў чырвоны сцяг. «Няйнакш, камсамольцы пастараліся»,— цёпла падумала Феня.
    Да Фені падышоў Васіль Статкевіч і не без гонару паказаў на чырвоны сцяг над школай:
    — Нашы хлопцы... Ірвуцца ў лес, да партызан. А тут і выпадак такі... Пайду да камандавання прасіцца,— і пашыбаваў да кучкі байцоў, вакол якіх віравалі ўжо мясцовыя камсамольцы, паціскалі партызанам рукі, разглядалі захопленую ў гітлераўцаў зброю.
    Партызан акружылі жанчыны, старыя, падлеткі. Вяскоўцы цікавіліся начным боем: адсюль былі чуваць выбухі і стрэлы, свяцілася зарыва. Людзі не хавалі радасці. «Адальюцца фашыстам нашы слёзы»,— гаварылі жанчыны і выкладвалі перад стомленымі партызанамі свае сціплыя сялянскія запасы харчу, дзяліліся з імі апошнім.
    Сам сабой узнік у Рэдкавічах святочны мітынг.
    Васіль Іванавіч Казлоў павіншаваў партызан і насельніцтва са святам 24-ай гадавіны Вялікага Кастрычніка, расказаў пра становішча на фронце, перадаў змест прамовы Сталіна на ўрачыстым пасяджэнні ў Маскве, заклікаў актыўна ўключацца ва ўсенародную барацьбу з ворагам, дапамагаць партызанам.
    Людзі святкавалі першую перамогу, верылі — прыйдзе дзень і адсвяткуюць перамогу над гітлераўскімі акупантамі. Народ змагаўся, збіраў свае сілы, супраціўленне расло з кожным днём, і ў гэтай барацьбе ў людзей з'яўлялася жаданне змагацца да апошняга дыхання і біць ворага на кожным кроку, хутчэй выгнаць чужынцаў са сваёй зямлі...
    Феня перажывала велізарную, перапаўняючую сэрца, радасць. Масква змагаецца, ідуць на франтах жорсткія баі, і вось гэта аперацыя па разгрому гарнізона ў Любані — ці ж не пацвярджэнне іх сілы, іх згуртаванасці?.. Яна пазірала на гэтых узброеных людзей, і ў душы ўзнімалася гордасць за іх, за іх справу...

    3
    3 таго памятнага дня мінула тыдні два. Зіма ўвабралася ў свае правы. Феню тэрмінова выклікалі ў штаб.
    3 нейкім асаблівым хваляваннем пераступіла яна парог штабной зямлянкі. Даўно не была тут. Завешаныя плашч-палаткай нізенькія дзверы, печачка-буржуйка... На цвіку вісяць: аўтамат, шынель, фуражка, электрычны ліхтарык, сумка з дыскамі патронаў. Каля сцяны — драўляны тапчан, засланы салдацкай апранахай. Анічога лішняга, самае неабходнае. У кутку на сцяне карта, памечаная нейкімі знакамі. На стале стосік кніг, інструкцыі, газеты. У зямлянцы паўзмрок. Яна адразу пазнала Васіля Іванавіча і Гарбачова.
    Казлоў запрасіў сядаць, клапатліва сказаў:
    — Рад, вельмі рад бачыць нашу разведчыцу. Без цябе, Сямёнава, як без рук...
    — А я вось з Пасталоў вярнулася...
    — Цікава, цікава... Што там, у гэтым асіным гняздзе? — спытаў Казлоў.
    — Умацавалі яго гітлераўцы — не падступіцца,— і Феня расказала пра вёску і подступы да яе.— На вышках кулямёты. Прыстраляны вуліцы, падыходы да іх.
    — Баяцца нас гітлераўцы,— паківаў галавою Казлоў.— Умацоўваюцца. Кажаш, і падыходы нельга адшукаць?
    — Чыстае поле наўкола. Нават сады павысякалі вакол вёскі... Пахваляліся гітлераўцы, што іх гарнізон непрыступны.
    — Ну, гэта мы яшчэ паглядзім,— усміхнуўся Казлоў.
    — Шмат у іх зброі,— працягвала Феня.— Тры кулямёты. Гітлераўцы нясуць патрульную службу, па аднаму не ходзяць — удвух, утрох, на дарогах у лес робяць засады.
    — Так, так,— пастукаў пальцамі па стале Казлоў.— На гэтым гарнізоне зубы можна паламаць.
    — Голымі рукамі іх не возьмеш. Тут патрэбна параскінуць, паламаць галаву, як іх выкурыць. Адна надзея на раптоўнасць нападу,— выказаўся Гарбачоў.
    — А можа, выманіць іх з гарнізона?.. Але, бачу, на хітрыкі яны не вельмі ахвотна адгукнуцца. Ды нічога, нешта прыдумаем. А ты, Сямёнава, малайчына. Дасканала разабралася ў абстаноўцы. Цяпер мы будзем думаць, рашаць гэту задачку,— задуменна сказаў Казлоў.— Ох, няпроста яе рашыць, а трэба.
    Казлоў разумеў — важны апорны пункт гітлераўцаў знаходзіцца непадалёку ад размяшчэння Мінскага падпольнага абкома партыі і ўяўляе немалую небяспеку. Пад прыкрыццём Пасталоўскага гарнізона гітлераўцы стваралі і іншыя апорныя пункты ў навакольных вёсках. Акрэп у апошні час і гарнізон з валасной управай у Кузьмічах. Пасталы з Кузьмічамі і Соснамі ператварыліся ў важную харчовую базу гітлераўцаў. Адсюль у навакольныя вёскі рэгулярна выходзілі гаспадарчыя каманды, рабавалі мясцовых жыхароў, сілай выграбалі збожжа, забіралі жывёлу.
    Адсюль на партызанскія сцежкі высылаліся засады, на якія траплялі многія сувязныя і разведчыкі.
    Казлоў паглядзеў на Гарбачова:
    — Табе, Яўстрат Дзянісавіч, і даручым распрацаваць аперацыю па разгрому гарнізона ў Пасталах. Спадзяюся, справішся?
    — Спраўлюся, Васіль Іванавіч,— сказаў Гарбачоў.— Тым больш што ў мяне такі памочнік будзе,— і ён удзячна паглядзеў на Феню.
    — Не трэба паспешлівасці. Цяпер у нас больш важная задача — рыхтавацца да партызанскага рэйду,— ён прыветна ўсміхнуўся.— Эх, гаспадары. Забыліся пра госцю. А ты, Феня Гаўрылаўна, ні словам не абмовілася пра свае справы,— у голасе Васіля Іванавіча прагучалі цёплыя ноткі.— Як там у Нежыне твае маладыя арляняты?
    — Мала мы яшчэ паспелі, а ахвяр — многа,— ад хвалявання яе голас задрыжаў.
    — Нямала, Сямёнава. Нялёгка пачынаць,— суцешыў Казлоў.— Вялікую справу распачалі. На вас камсамольская арганізацыя вобласці глядзіць, ваш вопыт многаму вучыць. I ахвяры недарэмныя. Без ахвяр у гэтай вайне не абысціся. Не...
    — Абставіны так складваюцца, што Конанавай нельга паказвацца ў Нежыне. Пасля захопу эсэсаўскага афіцэра гестапа шукае яе. Спецыяльныя разведвальныя атрады лётаюць па ўсіх вёсках і асабліва актывізаваліся ў раёне Нежына,— заклапочана сказаў Гарбачоў.
    — А як лічыць сама Конанава? — Казлоў паглядзеў на Феню.
    — Я хацела б застацца бліжэй да маіх камсамольцаў,— падумаўшы, цвёрда адказала Феня.
    — Мы не можам рызыкаваць. Спадзяюся, ёсць у Нежыне ў цябе надзейная замена?
    — Есць надзейныя хлопцы і дзяўчаты. Карыстаюц-ца аўтарытэтам.
    — Цябе далей вобласці не пашлём,— засмяяўся Васіль Іванавіч.— Маеш багаты вопыт, будзеш трымаць пастаянную сувязь з моладдзю і камсамольцамі вобласці... Гэта што датычыць цябе,— дадаў Казлоў.— Нам трэба падумаць і пра тваіх родных.
    — Сястра Марыя з братам па суседзях хаваюцца, а бацька...— Феня нахмурылася,— нешта хварэе ён апошні час. Нікуды, кажа, не пайду з роднай хаты.
    — Хату трэба кінуць. Хай да суседзяў пяройдзе. Выздаравее Гаўрыла Карнеевіч, я пагавару з ім, пераправім і яго далей ад небяспекі,— сказаў Гарбачоў і пашкадаваў: — Вельмі шкада, што мы страцілі такую выдатную канспіратыўную кватэру.
    — Канспіратар,— не ўтрываў, папракнуў Казлоў.— Ды ўвесь гэты час хата Конанавых была навідавоку. Людзі ведалі пра сувязь Конанавых з партызанамі і дапамагалі ўсім, чым маглі, і ім, і праз іх — нам.
    — Гэта так,— падтрымала Феня.— Сяляне нам шмат у чым дапамаглі, папярэджвалі пра небяспеку, у іх дамах мы знаходзілі прытулак...
    — Вось, вось,— падхапіў Казлоў.— Нашы людзі не кінуць у бядзе, заўсёды дапамогуць і абароняць. I мы іх павінны бараніць,— ён павярнуўся да Фені, спытаў: — Вось ты, Конанава, скажы, чаму не ў партыі?
    Пытанне было нечаканым, і Феня разгубілася.
    — Я? Час такі, я і не думала пра тое. Лічыла, рана мне, яшчэ мала паспела зрабіць у барацьбе з ворагам.
    — Гэта так, і без партыйнага білета трэба біць ворага,— строга сказаў Казлоў.— Ды толькі зразумей, Конанава, калі ты член партыі — вера людзей у цябе падвойваецца. А асабісты прыклад у падполлі — вялікая сіла,— і ўсміхнуўся лагодна.— Я з ахвотай табе дам рэкамендацыю...
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район