Ёсць дзе адпачыць

    Некалькі гадоў назад бераг Арэсы, што працякае каля самых будынкаў Любані, быў непрыбраным і запушчаным. Звычайны луг, на якім пасвіліся любанскія козы... Менавіта тут, ніжэй моста праз рэчку на глускай дарозе, вырашана было стварыць парк. У 1989 г. Да Арэсы прыйшла тэхніка, быў выраўнены і спланаваны ландшафт. Штогод вясной і восенню прыходзілі з рыдлёўкамі работнікі камунгаса, усе гараджане.
      На плошчы больш 20 гектараў быў высаджаны выдатны, багаты відавой разнастайнасцю парк, у якім сёння расце 56 парод дрэў і кустоў. Асфальтавыя і бетонныя дарожкі, з густам дэкаратыўна аформлены ўваход, дзесяткі атракцыёнаў. Ёсць кінатэатр, дыскатэчная пляцоўка, памяшканні для адпачынку з гульнявымі аўтаматамі, більярднымі пакоямі, відэасалонам. Абсталявана майстэрня па вырабу керамікі. Парк стаў любімым месцам адпачынку гараджан, дзе можна весела, з карысцю правесці час.
     
     Парк культуры і адпачынку ў г. Любань
    Не менш папулярнае месца — гарадскі стадыён, будаўніцтва якога закончана ў 1990 г. Метадам народнага будаўніцтва быў часткова рэканструяваны стары стадыён, але асноўная частка ўзведзена нанава — глядзельныя трыбуны, якія адначасова могуць змясціць 5 тысяч чалавек, гульнявыя пляцоўкі, месцы для правядзення спаборніцтваў практычна па ўсіх відах спорту. Тут праводзяцца ўсе раённыя спартыўныя мерапрыемствы і спаборніцтвы, абласныя, нярэдка — рэспубліканскія. Часта выступаюць госці горада, калектывы мастацкай самадзейнасці.

    В. I. Карпіевіч


    © 2024. П а м я т ь. Любанский район