Писатели о крае

    Вакол балота. Востраў Зыслаў. (Астрэйка Анатоль)

    * * *
    Вакол балота. Востраў Зыслаў.
    I траў няскошаных журба.
    А ты вартуй і праўду выстай,
    Хаця грыміць па ей пальба.

    Я ведаю, што нас не змесяць
    Ні бомбы, ні блакад пятля.
    Не першы дзень, не першы месяц
    Дрыжыць ад выбухаў зямля.

    Няхай сярод іржавай твані
    Не рай нам, не спакойны кут, —
    Ідзе народнае змаганне,
    Вяршым над ворагам свой суд.

    За ўсё фашысцкі звер заплаціць
    Сваей паганаю крывёй,
    За бацькі смерць, за гора маці,
    За лютасць і разбой.

    Не будзем мы чужынцаў цешыць
    I ні асінай, ні сасной,
    Не будзем іх на дрэвах вешаць,
    Шкада ім роскашы такой.

    Бо разлуюцца нават дрэвы,
    Што будзе ім не па сабе,
    I поўныя суровым гневам
    Адкінуць злыдняў ад сябе.

    Ім толькі куля, жвір на вочы.
    Пясок халодны без труны.
    Зямля і тая неахвоча
    Прымала вылюдкаў вайны

    ...Шумяць на Зыславе бярозы,
    Спяваюць спелыя бары.
    Нам вораг заплаціў за слёзы,
    За смерць, за кроў, за пустыры.

    © 2024. П а м я т ь. Любанский район