Писатели о крае

    Янка Купала НАД РАКОЮ АРЭСАЙ

    ЗАМЕСТ УСТУПУ

    Шмат злажылі казак,
    I легенд, і песень
    Людзі пра балота,
    Пра сваё Палессе.

    А не чуў я песні
    Пра жыццё камуны,
    Слаўных камунараў,
    3 сваёй справы думных.

    Як яны аддана
    У глухое далі
    Для ўсяго Саюза
    Славы прыбаўлялі.

    А не чуў я песні
    I праўдзівых сказаў,
    Што і камунаркі
    Йшлі змагацца разам.

    Як на топкім полі
    Ў грамадзе рабочай
    Сіл не шкадавалі
    I красы дзявочай.

    А не чуў я песні
    Пра герояў працы,
    Змусілі што багну
    Сабе пакарацца.

    Як, супроць ідучы
    Цяжкасцей трывожных,
    Выйшлі на шлях роўны,
    Выйшлі пераможна.

    I не чуў, не чуў я
    Новых гулкіх песень,
    Што пяе сягоння
    Новае Палессе.

    АБ МІНУЛЫМ

    Крумкач глюгу звесіў
    Над згніўшай калодай...
    Прысніла Палессе
    Мінулыя годы.

    Былі тут калісьці
    Багнішчы-балоты,
    Ў дрыгве прэла лісце,
    Асокі, чароты...

    Ідзе чалавек там,—
    Засмокча смугою,
    Са стогнам і крэктам
    Загіне з душою.

    Звер блукае дзікі
    Ў пагоды, ў імжакі,
    Гусей дзікіх клікі,
    Гадзюкі, вужакі...

    Мядзведзь смокча лапу
    Ў бярлозе санліва,
    Лось высунуў храпу —
    Шукае спажывы.

    Дзік ходзіць з дзічыхай,
    За ім — табун воўчы.
    Ўсялякае ліха —
    Ў дзень белы і ўночы.

    Там-сям човен вузкі,
    Нібы дамавіна,
    Прасунецца ў грузкіх
    Катлінах-багнінах.

    Адно з вясной яснай
    Палессе ускрэсне,
    Спаткае няшчасна
    Вясну і прадвесне.

    Свой спеў салавейка
    Ў галлі адшчабеча,
    Аб шчасці жалейка
    Гаротна ад'енча.

    Скукуе зязюля
    Адвечнае ку-ку,
    Паліча бабуля,
    Ці шмат яшчэ мукаў.

    А там зноў магілай
    Палессе замоўкла,
    Зноў спіць яго сіла
    Пад багнай пажоўклай.

    А людзі? а людзі? —
    Іх мала-нямала,—
    Упаўшыя грудзі,
    Бяда ўслед навалай.

    Між топкіх багнішчаў,
    На выдмах пясчаных,
    Як на папялішчы,
    Рад хат, бы курганаў.

    Жывуць людзі ў хатах,
    Плятуць сабе лапці,
    Каб з торбай у латах
    Пайсці жабраваці.

    Пад шум бесканечны
    Бярозаў і соснаў
    Сахой недарэчнай
    Аруць пясок млосна.

    Іх розум балота
    Трымае палонна,—
    Красуе цямнота,
    Растуць забабоны.

    Легенды і казкі
    Прыгонных законаў
    Паўзуць мохам вязкім,
    Багуннем зялёным.

    Праз леты і зімы
    Паданне йшло ў векі:
    — Палешукі мы,
    А не чалавекі!

    ЗАШУМЕЛА, ЗАГУЛО...

    I
    Зашумела, загуло,
    Бы землетрасенне,
    На палескае сяло
    Найшло утрапенне.

    Люду хмара наплыла,
    Покліч птушны ўзвіўся,
    Небам сіняя імгла...
    Скуль яны ўзяліся?

    Украінцаў тут гурма
    Й старобінцаў нашых
    Набрыло, як на кірмаш,
    На багнаву пашу.

    Безлік хлопцаў-звадыяк,
    Дзядзькаў барадатых,—
    Пілы вострыя ў руках,
    Тапары, лапаты.

    Што-та будзе тут цяпер?
    «Нічога не будзе!» —
    Хітра думалі ў чацвер
    Палескія людзі.

    А ў нядзелю, чуць зара,
    Сякеры запелі,
    Ад лапат балот кара
    Рвецца ў тошсім целе.

    Шум і гоман навакол,
    Як на тым ігрышчы,
    А лапаты рэжуць дол,
    А сякера свішча.

    Рыюць людзі топкі торф
    У вадзе па пахі,
    А у жылах бурліць кроў,—
    Багна ім не ў страхі!

    Яны знаюць, што ўжо так
    Не быць, як калісьці,
    Што пакінуць яны знак
    Вялікай карысці.

    За канавай — як струна —
    Новая канаваі, —
    Ўсе падобны, як адна,
    I злева, і справа.

    Спанаваў звярыну страх,
    Ад людзей страх гоніць —
    Па тарфянні, па карчах,
    За гонямі гоні...

    На гектары абнялі
    Канавамі нетры,
    Далей мераць пачалі
    Ўжо на кіламетры.

    Магістралі прад табой —
    Не змераць і вокам,—
    Тарфянішча прад сяўбой
    Блізкай, недалёкай.

    Магістралі, дрэнажы
    Шляхі ў багне значаць...
    Ой, дарэмна варажыў
    Паляшук няўдачу!

    Недабачыў паляшук
    3 хаты безаконнай
    Дзён надходзячых без мук,
    Без трудоў прыгонных.

    Раскаваў балота з пут,
    3 дрыгвы непраходнай
    Гераічны вольны люд
    Працаю свабоднай.

    II
    I ляжаць канавы,
    Тыя магістралі,
    Па іх воды рэчкай
    Усё далей, далей...

    Бягуць да Арэсы
    Сярод яшчэ пустак,—
    Цаліной балота
    Залягае густа.

    Магістралі складна
    Шлях працерабілі,—
    А йшчэ шмат работы
    Чалавечай сіле,

    Каб зрабіць прыгоднай
    Глебу ў самым дзеле,
    Каб на полі роўным
    Трактары запелі,

    Каб высокі, буйны
    На тарфянні чыстым
    Зашумеў чаротам
    Колас залацісты.

    Чакае Палессе
    Людзей смелых, жвавых,
    Каб прыйшлі і дружна
    Ўзяліся за справу.

    Рук яно чакае
    Новых, гаспадарных,
    Спаборнікаў стойкіх,
    Брыгадаў ударных.

    Яны хутка прыйдуць,
    Вогнішчы разложаць,
    Да канца балота
    3 багны адварожаць.

    Бо йдуць чуткі сільна
    Па цэлай краіне,
    Што адкрыты скарбы
    Ў балотнай пустыні.


    КАМУНА

    I
    Вясной з'явілася іх-сем
    Свет новы будаваць,
    А восенню прыйшло яшчэ
    Іх семдзесят і пяць.

    3 Самарскае дывізіі
    Было найбольш за ўсіх —
    Балотных здольных піянераў,
    Ахвочых, маладых.

    Прыйшлі і фрунзеўцы варочаць
    Супольна цаліну,
    На дрэмлючых спрадвеку землях
    Заводзіць навіну.

    Таксама і з Чангарскай
    Дывізіі ўдалой
    Сюды з'явілася іх восем
    Наступнаю вясной.

    Жаданне ладзіць новы лад
    Сюды ўсіх прывяло,
    Надзея, вера ў лепшы час —
    Багацце іх было.

    Не страшны смелым ім былі
    Спякота, халады,
    Асенняя слата, імжа,
    Снягі, марозы, льды.

    А Забалоццем той бугор
    Зваў паляшук здаўна,
    Дзе першы раз нагу сваю
    Паставіў камунар.

    Балота, забалаць балот,
    Як там ні называй,
    Але ступіў тут бальшавік —
    Ён зменіць гэты край.

    Палаткі, пілы, тапары
    Прывалаклі з сабой.
    I згодна, як адной сям'ёй,
    Пайшлі ў рашучы бой.

    Адны ў дрыгве карчуюць гаць —
    Паўзуць уверх карчы,
    Другія вараць у катлах
    Ім скромныя харчы.

    А трэція цягаюць лес,
    Каб збудаваць барак...
    Ў палатцы добра ўлетку жыць,
    Але зімой — не так.

    Карчуюць нетру дзень у дзень
    Удоўж, ушыр, углыб;
    Палаткі з імі след у след,—
    Другіх няма сяліб.

    За крокам крок, за метрам метр,
    За гектарам гектар —
    Чысцее поле тарфянішч,
    У сонцы ўжо абшар.

    II
    Кіпіць работа, як нідзе,
    Гарыць ажно яна ў руках,
    Што знача праца ў грамадзе,
    Які палёт, які размах!

    Здавалася б, чаго хацець,—
    Працуй ды весела пяі,
    Але павук расставіў сець
    У камунарскае сям'і.

    I пазіраюць спадылба,
    Як бы тачыў на іх хто нож,
    Там-сям прарвецда і кляцьба,
    Скрабецца ў сэрцы нейкі смоўж.

    У камуне быццам нелады,
    Бы менш дабра, а болей зла..
    А таго ліха, той бяды
    Прычына простая была.

    3 васьмі чангарцаў пяцярых
    Няўдалых выйшла змагароў:
    Яшчэ нявольніцкіх, старых
    Не пазбыліся ланцугоў.

    Камуна ім была няўцям,
    Трымаліся, як дзікуны;
    Палатку й то асобна там
    Сабе паставілі яны.

    Імкнуцца быць не на віду,
    Самі сабой гуляюць, спяць,
    Ўсю неспакояць грамаду
    Нягодных «камунараў» пяць.

    Работа ў іх — курам на смех,
    Работа іх ідзе за плот,
    А як пасееш, так пажнеш,
    Такі мець будзеш умалот.

    Работа валіцца ім з рук,
    Ды йшчэ давай круцель-муцель:
    Каб, мабыць, менш было дакук,
    Аддзельна ўзялі сабе дзель.

    Ды на «дзялянцы» на «сваёй»
    На месцы топчуцда, як цьмы;
    3 бязглуздай працаю такой
    Не дачакацца вам вясны.

    I камунарам іх цярпець
    Не стала болей ужо сіл;
    Няхай пустуе лепей клець,
    Чымся заводзіць у ёй пыл.

    Хвалюецца люд малады,
    Склікае сход аднаго дня.
    На сход прыйшоў, як заўсягды,
    Таварыш Модзін — старшыня.

    I слова ўзяў, і кажа так:
    — Тут не прыстанішча у нас
    Для гультаёў і для гуляк,
    А месца для працоўных мас.

    Мо й смачны хлеб вам дармавы,—
    Малая ж гэтакім цана.
    Камуне не патрэбны вы,
    Без вас абойдзецца яна.

    Адзін з пяцярых:
    — Ды як жа так?
    Працуй, працуй,
    Адно багно,
    Ў дрыгве начуй,

    Ні табе сон,
    Ні ў час яда,
    Сячэ камар,
    Смярдзіць вада.

    Адзін з камунараў:
    — А што ж, вы мо хацелі б
    Пуховае пасцелі?
    Гарэлкі пяць бутэлек,
    Як бы дзе на вяселлі?

    Каб на стале бліноў і сала
    Гара высокая ляжала,
    Ды не рабіць зусім нічога
    Ні для сябе, ні для нікога?

    Другі з пяцярых:
    — Ты контрафалдаў
    Нам не мялі,—
    Свабодных земляў
    Шмат на зямлі.

    Не трэба нам
    Тваіх балот,
    Дзе ногі сам
    Паломіць чорт.

    Адзін з чангарцаў
    (да пяцярых):
    — Як вам не сорам, як не стыд
    Сябе так весці між братвы!
    Чангарцы вы дасюль былі
    I не чангарцы ужо вы!

    Як добрых тутка вас прыняў
    Камуны вольнай калектыў,
    Каб вольна, згодна, без прынук
    3 балота йсці да яснаты.

    I праўду кажа старшыня,
    Да слоў яго і я дадам:
    Вы нашай здрадзілі сям'і —
    Не месца ўжо ў камуне вам!

    Другі з камунараў:
    — Ды што з імі цацкацца,
    Ды што валаводзіцца?
    Без гэткіх камуншчыкаў
    Камуна абойдзецца.

    Не нам з адшчапенцамі
    Такімі ўжо братацца,
    3 няўдалай «брыгадаю»
    Пара нам рассватацца!

    Трэці з камунараў:
    — Пад партыйным кіраўніцтвам
    Працуем на якасць,
    Нам урад ідзе насустрач
    I наша грамадскасць.

    За ўсім крэпка назіраем
    Вокам гаспадарскім
    I мітрэнжыць не дазволім
    Лад наш камунарскі.

    Ці то лодыр, ці прагулыпчык —
    Тут не жыць такому...
    Забірай манаткі з хаткі,
    Выбірайся з дому!

    Старшыня Модзін:
    — Таварышы, цішэй!
    А то ўжо надта громка,
    У нашай грамадзе
    Яно як бы й няёмка.

    3 усіх вашых прамоў
    Мне ясна тут адно:
    3 камуны трэ было
    Іх выключыць даўно.

    Але, як проста кажуць,
    Лешп позна, як ніколі;
    Я галасую справу,
    Як быць тут — ваша воля!

    Хто «за», за выключэнне,—
    Прашу падняць тых рукі.
    Хто проць, хто устрымаўся? —
    Няма. Без лішняй мукі.

    Прайшло аднагалосна,
    Каб выключыць за барскасць
    3 камуны пяцярых тых
    3 дывізіі Чангарскай.

    Чацвёрты з камунараў:
    — Ды выдаць ім паперы
    I прыпісаць за кару,
    Каб у Саюзе зналі,
    Што з іх за камунары.
    ……………………….
    А траіх чангарцаў
    Працуе й сягоння
    На тых раскаваных
    Камунарскіх гонях.

    ІІІ
    Як з плеч гара звалілася
    3 нялёгкай гэнай з'явай.
    3 «пяцёркай» расквіталіся
    I далей зноў за справу.

    У думках прасвятлелася
    У камунараў нашых,
    Камуне новастворанай
    Разлад ужо не страшан.

    Кіпіць работа цяжкая
    Ад рання і да ночы,
    Ніхто не йдзе з дакорамі -
    Такі ўжо люд рабочы.

    Загон балотны шырыцца,
    Ачышчаны з карэння,
    Іграюць пілы пілынчыкаў —
    На дошкі йдзе бярвенне.

    Адны рыхтуюць торфішча
    Для севу безупынку,
    Другія — дрэва звонкае
    Пад новыя будынкі.

    Цягнулася так месяцы,
    Ды выплыла такое,
    ІПто не хапае нечага
    Камуне маладое.

    Яны ўсе аглядзеліся,
    Што ў іх няма жанчынаў,
    Што так без гаспадыніных
    Рук трудна жыць мужчынам.

    *
    Сход. На сходзе, як звычайна
    Старшынёй таварыш Модзін;
    3 нейкай думкаю патайнай
    Сход вачыма ён абводзіць.

    — Буду коратка мець слова,—
    Кажа ён, як бы меў клопат: —
    Для камуны нашай новай
    Жанчын трэба, ну, і ўсё тут.

    — Трэба! Трэба! — стогалосна
    Загучэла гулка маса,
    Ажно рэха пайшло ў соснах
    Ад тэнораў і ад басаў.

    — Галасую! — крычыць Модзін.
    — Так прыняць? нашто час траціць!
    I прынялі, і ніводзін
    Проць не меў чаго сказаці.

    — Дык вось,— Модзін далей кажа,
    Па чарзе дадому едзьце,
    I хай кожны з вас разважа,
    Як і што мець на прымеце.

    Ліквідуйце гаспадаркі —
    Парасят, авечак, коні,
    I прывозьце у камуну
    Камунаркі, хоць сягоння.

    Хто жанаты — вязі жонку,—
    Без падушкі ці з падушкай;
    Хто не мае жонкі,— звонку
    Пашукай сабе падружку.

    Пасля гэтакай прамовы
    Ідуць весела дахаты,
    Усе давольны з пастановы —
    Нежанаты і жанаты.

    I жаніцца, дык жаніцца,—
    Байцы рады пастарацца,—
    Святлей будзе у святліцы,
    Ямчэй пойдзе ў полі праца.

    А ў рабоце на балоце
    Немалая будзе помач,
    Бо жанчына пры ахвоце
    Не паддасца ўжо нікому.

    *
    Шум і гоман вакол,
    А што за навала?
    То камуна ужо
    Ўдвойчы большай стала.

    I работа пайшла
    Там спарней удвое,
    Камунарскі народ
    Ходзіць буйным роем.

    Ідзе ў свет новы год —
    Дзевяцьсот трыццаты;
    Які ж будзе, які:
    Бедны ці багаты?

    Бягуць дні, як вада,
    Снег ужо сыходзіць -
    Сваё права вясна
    На зямлі заводзіць.

    Лес зялёны шуміць,
    Песнямі заліўся,
    Над палянкай цвірчаць
    Жаўрукі у высі.

    А ў камуне, глядзі,
    Вялікае свята:
    Трыста гектар зярна
    Засеяў ім трактар.

    Пахаджаюць сабе
    Зважна камунары
    Каля першай сяўбы,
    Як тут гаспадараць.

    Пахадзілі сабе
    Ды зноў у балота —
    Карчаваць ды араць
    Ударнаю ротай.

    IV
    Шмат чаго зрабілі
    Камунары ўжо:
    Выраслі будынкі
    Над балот мяжой.


    Хаты і аборы,
    Хоць не ўсе яшчэ,
    Сталі роўным радам,
    Стала жыць лягчэй.

    Хутка збудавалі
    I млын паравы,
    Пры ім лесапілку
    У два паставы.

    Млын вурчыць ды меле
    На муку зярно,
    Рэжа лесапілка
    За бярном бярно.

    Пры той лесапілцы
    Працаваў змагар,
    Барысенкам. зваўся
    Гэны камунар.

    Падкладаў калоды,
    Дошкі аднімаў,
    Але рукой моцнай
    Долі не ўтрымаў.

    Аднаго так разу,
    Неўспадзеў зусім,
    Адляцела дошка,
    Гакнула па ім.

    Гакнула без жалю,
    Як тым абухом...
    Народ збегся быстра,
    Абступіў кругом.

    На нарах панеслі,
    Клалі ў ложак з нар;
    Тры дні і тры ночы
    Ўміраў камунар.

    I сканаў ваяка
    За быт камунарскі;
    Ўжо яму не трэба
    Ні трудоў, ні ласкі.

    Над магілай свежай
    Капнула сляза;
    Чулую прамову
    Старшыня сказаў:

    «Спі, наш Барысенка,
    Камунарскі сын!
    У сям'і у нашай
    Быў ты не адзін.

    Арміі Чырвонай
    Верны быў салдат,
    Полк з цябе быў рады,
    I начальнік рад.

    Ой, таварыш любы!
    Рана, браце, згас,
    Камуністам стойкім
    Быў на варце ў нас.

    Спі, наш Барысенка,
    Лёгкім будзь,пясок!..
    Па табе застаўся
    Твой малы сынок.

    Ен цябе падменіць,
    Не здрадзіць табе,—
    Першым будзе ў нашай
    Ворцы і сяўбе.

    Будзе ён ударнік,
    Будзе брыгадзір...
    Спі, наш Барысенка,
    Працы камандзір!»

    Сыпнулі зямлёю
    На сасновы гроб;
    Грабарок уважна
    Курганок нагроб.

    Камунаркі збоку
    Плакалі няўзнак,—
    Свайго камунара
    Шкадавалі так.

    Ды йшчэ галасілі
    Бабулі на ўмор:
    — На каго ж пакінуў?
    — А нашто ж памёр?

    Ідзе будаўніцтва,
    Ідзе карчаванне
    Усё далей, шырай,
    Шчыра, безустання.

    У камуне школа,
    Электрычнасць, яслі,
    Дымныя лучыны
    Назаўсёды згаслі.

    У камуне ў сотні
    Кароў бродзяць стады,
    Іржуць рэзва коні,
    Растуць буйна грады.

    А з прыселля глянуць,
    Вокам кінуць вокал:
    Разляглося поле
    Далёка-далёка.

    Трактары шнуруюць
    Над Арэсай-рэчкай,
    Сякуць плугам, дыскам
    Торфішча на сечку.

    Жыта, авёс, бульбу,
    Каноплі, капусту
    Засяваюць, садзяць
    На той глебе тлустай.

    I сёння зайздросціць
    «Мінарал» балоту:
    Бо ўраджай на торфе,
    А на ім пустота.

    Так расце, расце ўсё
    Небывалым ростам,
    I, здаецца збоку,
    Усё так ясна, проста.

    Як бы тут спрадвеку
    Ўсё так вырастала,
    Бы сама сабою
    Багна полем стала.

    Але так здаецца...
    Ўсё зрабілі рукі,
    I іх не забудуць
    Патомкі-унукі.

    Што зрабілі людзі
    3 балотных палеткаў,
    Сведкай верш мой гэты,
    Вясна гэта сведкай.

    Тысяча гектараў
    Ды яшчэ са трыста
    Засеяна збожжа
    На балоце чыстым.

    *
    Я сяўбу сам бачыў,
    Палеткі абходзіў,
    На жыццё камуны
    Наглядзеўся годзе.

    Тут жа я прымеціў
    З'явішча такое:
    Як бы ўся ў іх праца
    Шла сама сабою.

    Бо як ні ўзіраўся
    Гэтак ды іначай,
    Я там прыганятых
    Ніякіх не бачыў.

    Таксама начальства
    Не чуваць, не відна...
    Як жа так без панства,
    Без прынук агідных?

    Ды такое нешта
    Яшчэ я заўважыў,
    Што для чужаземца
    Здалося б міражам.

    Гэта перад светам
    Павінен адзначыць:
    Мне людзей там смутных
    Не прыйшлося бачыць.

    I не чуў ў камуне
    Скрытных уздыханняў,
    Лаянак і сварак,
    Горкіх нараканняў.

    VI
    Да саўгаса «Сосны»
    Па балоце — рэйкі,—
    Гэта ад камуны
    Йдзе вузкакалейка.

    Правялі ударна
    Па даўгім абшары
    Зімою мінулай
    Яе камунары.

    Не было ў іх спецаў,
    Ані там прарабаў,
    Самі ж яны зналі
    Інжынерства слаба.

    Зналі адно толькі,
    Што чыгунка трэба,
    Як дождж на пасевы,
    Як да стравы хлеба.

    Гутарак нямала
    Прыйшлося правесці,
    А тут з мінскіх цэнтраў
    Аніякай весці.

    Раяцца, мудруюць
    Камунары чынна;
    Думка аб чыгунцы
    Ім загнала кліна.

    Узяцца проста з моста
    За гэтую справу,
    Нарабіць так можна
    Шкоды для дзяржавы.

    За блытню ж такую
    Дасціпных малойцаў
    Ужо не пагладзяць
    Гладка па галоўцы.

    Раяцца з сабою
    Весела, то хмурна,
    Часам згодна, ціха,
    Часам вельмі бурна.

    Аж тут абазваўся
    Громка Адзярыха:
    — Будзем мець чыгунку,
    Хай мне будзе ліха!

    Служыў на заводзе
    Калісь я ў майстэрні,
    Склёпываў рысоры,
    Складываў шасцерні.

    Вылажу й чыгунку,
    Будзьце ўжо спакойны.
    Усё, што належа,
    Зробім самастойна.

    Пад яго камандай
    Пайшла справа гладка...
    I палеглі шпалы,
    Як за кладкай кладка.

    Па іх рэйкі — шнурам,
    Як на скрыпцы струны.
    I ўжо ўсё гатова,—
    Карыстай, камуна!

    Строіў Адзярыха
    Для працоўных масаў,
    Чырвонаармеец,
    Адстаўны да часу.

    Не вучыўся ў ВТУЗах,
    Не быў інжынерам,
    Камунар быў толькі,
    На аўто шлях мераў.

    3 тым ці іншым стажам,
    Але камуністы,
    Пралажыў чыгунку
    Па шляхах дрыгвістых.

    *
    Бягуць каляіны
    У сем кіламетраў,
    Цягнік — па калеях,—
    Адно свішчуць ветры.

    Камунары пішуць —
    Стараюцца ўмела,—
    Што ўжо іх чыгункай
    Можна ездзіць смела.

    — Прыедзьце, ўпішыце
    Ў дзяржаўны прыбытак,
    Правам узаконьце
    Новы наш здабытак.

    Прыехалі «спецы»,—
    Як жа не прыехаць,—
    Пачалі дарогу
    Аглядаці нехаць.

    — Як так? Дзе дазволы? —
    Пачалі адразу:
    — Хто форміў па форме
    Падрады, заказы?

    — Хто месца адводзіў?
    Планаваў хто планы?
    Чаму цыркуляры
    Ў вас не захаваны?

    I ўсё так бурчэлі,
    А зласней, чым далей,
    I не далі рады:
    Каляю прынялі.

    *
    Свіснуў раз, свіснуў два
    Шустры паравозік,
    I павёз, і павёз
    За возікам возік.

    Ваганеткі бягуць
    Па рэйках чыгунных
    Туды ў «Сосны», ў саўгас
    Ад самай камуны.

    Ад саўгаса назад
    У камуну едуць.
    Колькі радасці той,
    Трэба толькі ведаць!

    То не жарт, то не смех,—
    Маюць на падмогу
    Ў гаспадарцы сваю
    Жалезну дарогу.

    Ты кукуй, не кукуй,
    Зязюлечка-птушка...
    Камунарцы цягнік
    Празвалі «кукушкай».

    VII
    А на рэчцы на Арэсе
    Сталася прыгода:
    Ідзе наступ на балота
    3 поўначы, з усходу.

    Там красуе ўжо камуна
    На тарфянні бурым...
    Паляшук жа адзіночка
    Ўсё йшчэ бровы хмура.

    Не хмурыся, добры дзядзька,
    Гэтак хмурна, сумна!
    Для тваёй жа лепшай долі
    Вырасла камуна.

    *
    А па рэчцы па Арэсе
    Бегае «маторка»; -
    Стары човен, як карыта,
    Пазірае горка.

    Дажывае свайго веку
    На яве ўжо новай,
    Бо ўжо човен у Палессе
    Ўрэзаўся сталёвы.

    Новы човен сілы повен,
    Гордасцю лялее...
    Паланеецца Арэса
    Чырвонай лілеяй.

    *
    А на рэчцы на Арэсе
    Тэмп узяты шпаркі:
    Камунары, камунаркі
    Глядзяць гаспадаркі.

    Тут спаборніцтва ў пашане,
    Ударніцтва такжа,
    Кожны месца сваё знае,
    Бо іначай — як жа?!

    Не пагаснуць для іх зоркі,
    Як дасюль не гаслі;
    Пашыраецца камуна,
    Пашырае яслі.

    *
    А на рэчцы на Арэсе
    Растуць акцябраты,
    Піянеры, камсамольцы -
    3 бальшавіцкім гартам.

    Расце змена камунарам
    Стойкім, гартаваным.
    Служыць будуць камунарству
    Як бацькі, аддана.

    Не папусцяць сябе ў крыўду
    Ў буры, ў ліхалецці;
    Для іх цэлы свет — край родны
    Для іх сонца свеціць

    *
    А на рэчцы на Арэсе
    Будынкі, будынкі!
    Пахнуць соснаю смалістай,
    Пахнуць свежым тынкам.

    Сцены гладка склютаваны,
    Стрэхі з бляхі белай,
    Столь, падлога габляваны,
    Вокны ў сажань цэлы.

    Днём іх сонца асвятляе,
    Электрыка — ўночы..
    Так сабе сам іх пастроіў
    Камунар-рабочы.

    *
    А на рэчцы на Арэсе
    Многа, многа дзіва;
    Жывуць сабе камунары
    Весела, шчасліва.

    Ды камуну сваю ладзяць,
    Каб што дзе ды лепей,
    Запяваюць гулка песні:
    — Калі хто зачэпе,

    Ды час прыйдзе, ды паклічуць
    Да новай работы,—
    Пойдзем асушаць з вінтоўкай
    Пінскія балоты.


    САЎГАС
    I
    Мар'іна балота,
    Ніхто не ймець веры,
    Колькі ты хаваеш
    Багаццяў без меры!

    Мар'іна балота,
    Колькі ў табе красаў!
    На сабе гадуеш
    Камуну, саўгасы.

    Мар'іна балота,
    Буйнае прыволле!
    Людзей сёння корміш,
    Даеш корм жывёле.

    *
    Ідуць рэхі ў светы
    Аб камуне цуднай,
    Што так забуяла
    Хутка, не марудна.

    Ідуць рэхі ў светы...
    А тым самым часам
    Побач ля камуны
    Паўсталі саўгасы.

    На прыселлі Сосны
    Адзін заснаваўся,
    На гіганта вырас,
    Адно дзіву дайся!

    А другі — Загалле —
    Па той бок Арэсы
    Зацвіў на балотах,
    На тых пусталесах.

    Сорак тысяч топча
    Пад сабой гектараў.
    Гэта вам не жарты.
    Гэта вам не мара!

    Але я Загалля
    Не хачу узвышыць -
    Крытыкі хай лепей
    Пахвалу напішуць.

    Лепш я сваё слова
    Адлажу на потым,
    Бо там непаднятым
    Пахне йшчэ балотам.

    Сосны, мае Сосны!
    Спрадвеку раслі вы,
    Бачылі нямала
    У век свой нешчаслівы.

    Паншчыну, лад царскі
    Бачылі вы, Сосны,
    Многа зімаў, летаў,
    Восеняў і вёснаў.

    Бачылі каранне
    Убогага люду,
    Ланцугі на шыі,
    Голых трупаў груды.

    Сосны, мае Сосны!
    Сягнулі далёка,
    Хоць расці над багнай
    Было вам нялёгка.

    Выраслі ж вы буйна
    Усяго за тры годы,
    Горда узняліся,
    Забуялі горда.

    Ці то сонца свеціць,
    Ці то месяц ясны,
    Вам смяецца неба
    Весела і шчасна.

    Сосны, мае Сосны!
    Для вас яшчэ далей,
    Як у той камуне,
    Ляглі магістралі.

    На вашых палетках
    Калектараў болей,
    Болей і дрэнажаў
    Перасекла поле.

    Тарфяное поле,
    На якое ўчора
    Чалавек баяўся
    Выйсці з сваім горам.

    А сягоння смела
    Спяшыць за машынай
    Па сухой раўніне...
    Як гэта ўсё дзіўна!

    II
    Я не буду ўнутр залазіць
    Падзеяў саўгасных,
    Апішу толькі, што бачыў
    Болей-меней ясна.

    Аб брыгадах аб ударных
    Ўспомніць добрым сказам
    Аб рабочых, трактарыстах —
    Можа іншым разам...

    Тут пачну я апісанне,
    Як пішацца ў казках,
    Бо іначай не выходзіць,—
    Слухайце, хто ласкаў!

    За гарамі, за даламі,
    Ў балотах пустынных
    Паўставала, вырастала
    Новая краіна.

    Непраходныя былі дзе
    Балотныя гаці —
    Там красуюць, там буяюць
    Нівы, сенажаці.

    Поле роўнае такое,
    Бы стол габляваны,
    Толькі, дзе самая ферма,
    Высіцца паляна.

    Ад вясны вясёлай, ранняй
    Да восені познай
    Пяе поле трактарамі
    Весела, пагрозна.

    Дзве чыгункі на саўгаскім
    Сходзяцца вакзале;
    Свішчуць, граюць паравозы,
    Аж чутно ў Загаллі!

    То прывозяць, шмат прывозяць
    Па жалезных шынах —
    Угнаенне пад насенне,
    Трактары, машыны.

    То вывозяць, шмат вывозяць
    Грузаў вельмі цэнных:
    Пянькі многа, бульбы многа,
    Найболей жа сена.

    А ў ім колькі інвентару
    Вартасці вялікай —
    Нежывога і жывога,
    Не знойдзеш і ліку!

    Саўгас — горад, не мястэчка,
    Не які там Любань!
    Лад-парадак, люду поўна,
    Толькі глянуць люба.

    Гаспадарнаму саўгасу
    Ёсць чым пахваліцца:
    Ў ім будынкі ў два паверхі,
    Клуб, як у сталіцы.

    Ёсць бальніца, у бальніцы —
    I доктар, і фельчар,
    Хто прыходзіць ці прывозяць —
    Хворых лечаць, лечаць.

    Ёсць аптэка, акушэрка —
    Служыць, ну, за бабку,
    Бо ў саўгасе тэмпы, тэмпы,
    Не спяць людзі ў шапку!

    На рабфаку на вячэрнім
    Вучацца студэнты,—
    Сваю цемру, некультурнасць
    Знішчаюць дашчэнту.

    А рабфакаўцаў нямала —
    3 сем'яў больш бядачых;
    А рабфакаўкі як глянуць,
    Ажно сэрца скача!

    Для рабочых, для работніц
    Выгады, аж міла!
    Яслі, лазня і прачкарня,
    Колькі хочаш мыла.

    Людзі там працуюць дружна,
    Няма ўхілаў панскіх,
    Бо народ усё савецкі,
    Рабоча-сялянскі.

    Ёсць, напэўна, недахопы,
    Бо як жа іначай
    Ў гаспадарстве, ў будаўніцтве?
    Але іх не бачыў.

    У саўгасе электрычнасць,
    Віднаты без кошту,
    Свая радыёўстаноўка,
    Тэлефон і пошта.

    Я закончу, бо апісваць
    Прыйшлося б бясконца...
    Наагул там ценей меней,
    Болей кветак, сонца.


    ЗАМЕСТ ЗАКЛЮЧЭННЯ

    I камуна гэта,
    I гэты саўгас
    Будуць з лета ў лета
    Расці ў добры час.

    Каб прысуд свой выдаць
    Аб новых палёх,
    Сюды людзі прыйдуць
    Зблізку і здалёк.

    Падзівяцца з новай,
    Вольнай грамады,
    Ўспомняць добрым словам
    Герояў тады.

    Сонца, месяц, зоры
    Будуць аглядаць
    Новыя прасторы —
    Ніву, сенажаць.

    Аб новым Палессі
    Яснае зары
    Складаць будуць песні
    Складна песняры.

    Апяюць у песнях
    Працу, гераізм,
    Як на край балотны
    Йшоў сацыялізм.

    Як пад пільнай вартай
    Партыі пабед —
    Бальшавіцкай партыі —
    Вырас новы свет.

    I хоць будзе шкодзіць
    Вораг мо й не раз,—
    Пройдуць у стагоддзі
    Камуна й саўгас.
    1933

    © 2024. П а м я т ь. Любанский район