Паўлаў Уладзімір Андрэевіч

    Не танцаваць "Лявоніху" ў Замошшы...

    Не танцаваць "Лявоніху" ў Замошшы,
    Не біць бы бубну ў прыцемках, калі б
    У паграбах не мелі мы той ношы,
    Імя якой — галоўны наш калібр.

    Ён устае завостраным алоўкам,
    Пад ім ідзе ўпрысядкі карма.
    Прывінчана яму боегалоўка,
    Дзе ні адзінай звіліны няма.

    Вялікі боль і сорам чалавека —
    Пра гэта кожны склад мой і радок —
    Дажыў да нас, да атамнага веку,
    Адвечны, самы дзікі парадокс:

    Са злітка людзі ліст рабілі тонкі,
    Але, спярша, чым ад яго адсеч
    Палоску на вянчальныя пярсцёнкі,
    У пазалоту ўбіралі меч...

    Я слаўлю меч, які капаў аблогу
    I майстраваў калыску і засек,
    Які сабой абараніў малога
    I свастыку фашысцкую рассек.

    Вялікі гонар славіць мір паэтам —
    Зямлі, кахання зіхатлівы німб,
    I я б не ўспомніў нават пра ракеты,
    Пра грозны і галоўны наш калібр,
    Калі б для ўсіх,
    Для ўсіх людзей харошых
    У мірным небе сонца ўзышло,
    Калі б на Волзе і ў маім Замошшы
    Брацкае магілы не было.
    1965 г.

    © 2024. П а м я т ь. Любанский район