Паўлаў Уладзімір Андрэевіч

    У Замошшы маім паміраюць мужчыны...

    У Замошшы маім паміраюць мужчыны.
    Нібы тыя дубы пасярод пажарніц,
    Узмахнуўшы здаровай яшчэ верхавінай,
    У камлі надламаўшыся, валяцца ніц.

    У Замошшы маім паміраюць мужчыны —
    Залатыя дзядзькі, дарагія сваты.
    Ім праз дваццаць гадоў дзень блакадны нішчымны
    I заходзіць у тыл, і адольвае тыл.

    На іх век дасталася нялёгкая ноша,
    Між сабой яны чэсна дзялілі бяду,
    Ды ўсё меней мужчын застаецца ў Замошшы,
    Што прайшлі на франтах праз агонь і ваду.

    Быццам ім забаліць, так нясуць асцярожна,
    Быццам мулкія дошкі ім раны натруць,
    Іх нясуць на плячах да апошняй з апошніх
    Вышыні, што заўжды пасля смерці бяруць.

    Ад разрываў удухай душыла іх горкай,
    Іх намацвалі чэргі сваім пісягом.
    I сягоння яны на зялёным пагорку,
    Прыкрываючы вёску, ляжаць ланцугом.
    1966 г.

    © 2024. П а м я т ь. Любанский район