Андруховіч Анатоль Антонавіч

    Дачка Арэсы. 20. Стромка падае зорка

    1
    Феня раптам адчула — дрыжыкі пабеглі па скуры, стала холадна. Яна зрабіла нечалавечае намаганне, каб супакоіцца, авалодаць сабой...
    Для допыту разведчыцы спецыяльна выклікалі са Слуцка следчага. Гестапавец добра ведаў рускую мову і, як яму здавалася, вельмі добра ведаў чалавечую душу. Шмат ахвяр прайшло праз яго рукі: ён выхваляўся, што ўмее падбіраць «ключыкі» да самых непакорлівых.
    — Назаві, Конанава, удзельнікаў падполля: адрасы, паролі.
    Яна маўчала.
    — Пра вас усё ведаем. Партызанская разведчыца... Скажы, дзе цяпер партызаны?
    — Партызаны ўсюды, пан афіцэр. Партызаны ўсюды... Паўтарыўшы гэту фразу, Феня нават павесялела. Так яно і ёсць! Яны ўсюды. Яны ведаюць пра яе пакуты і абавязкова прыйдуць на дапамогу. Яе выратуюць — не сёння, дык заўтра.
    — Хто з сувязных і дзе цябе чакалі? Што за данясенне было знішчана? — ён усё яшчэ не губляў свайго глянцу, вытрымкі.— Чыё заданне выконвала, разведчыца Сямёнава?
    Выходзіць, сапраўды, пра яе ведаюць ворагі... Добра, калі пра яе адну. Нездарма ж яны гэтак узрадаваліся, калі даведаліся, хто трапіў ім у рукі...
    Не хаваў сваёй радасці бургамістр:
    — Падрэжуць цяпер крылы. Далёталася, таварыш Сямёнава.
    Яна зразумела сэнс тых пагроз, якія выказаў кузьмічоўскі бургамістр: ён сам не спадзяваўся на сілу сваёй управы і тут жа выклікаў са Слуцка следчага і падмацаванне.
    — Так спакайней будзе, Сямёнава...
    Пайшоў трэці дзень, як прывялі яе ў Кузьмічы. Праз яе, і гэта Феня добра разумела, гітлераўцы думалі напасці на след раённай падпольнай арганізацыі, а калі пашанцуе, дык выведаць, адшукаць дарогу на партызанскую базу.
    Выглянцаваны афіцэр пакуль вёў допыт з уласцівай яму вытанчанасцю, не даводзіў да пагроз і пабояў, але, відаць, і яго вытрымка ўжо канчалася. Феня не магла спакойна бачыць гэту самазадаволеную фізіяномію. Яе калаціла. То быў не страх, а хутчэй агіда, якая не кантралявалася воляй, якая ажывала ў целе кожны раз у прадчуванні новых нечалавечых выпрабаванняў.
    Ў першы дзень гітлераўцы ў кішэні ватоўкі знайшлі акраец хлеба. Следчы, зларадна пасміхваючыся, пачаў яго разглядаць.
    — Са Слуцка ідзеш. Слуцкі хлеб.
    — Выменяла ў жанчыны. Мо яна і са Слуцка, не ведаю, не пыталася.
    — Гавары, з кім сустракалася ў Слуцку? — не вытрымаў, сарваўся дагэтуль такі «абыходлівы» афіцэр.
    — Не была я ў Слуцку. 3 Барыкава іду ад цёткі.
    — Праверым,— нядобра паабяцаў следчы. Раскрышыў хлеб на крошкі, спадзеючыся знайсці запіску ці нешта падобнае на шыфр. Не знайшоў. Аж раззлаваўся і зноў дапытваўся, спрабаваў заблытаць, расстаўляў сілкі, каб яна ў іх заблыталася, усыпляў увагу, каб потым, знячэўку, збіць з панталыку адным фактам, злавіць на слове, якое нечакана вырвалася...
    Трэція суткі допыт ні на хвіліну не спыняецца. Следчаму цяпер дапамагаюць памагатыя. Закасаўшы рукавы, яны, не выбіраючы выразаў, бязлітасна б'юць, топчуць нагамі, заганяюць пад ногці іголкі, смаляць гарачымі папяросамі...
    — Гавары, дзе партызаны? Назаві прозвішчы су-вязных.
    — Гавары! Гавары!
    Феня імкнулася не думаць пра пабоі, не заўважаць прысутнасці катаў. Усё гэта быццам адбывалася недзе далёкадалёка, у нейкім тумане, і дзіўна, нібы не з ёю, з некім іншым. Боль прытупіўся, цела адзеравянела, стала як чужое.
    Безуважліва пазірала ў акно. За ім стаяла марозная ноч, ярка свяціў месячык, неба ў высеве зорак. Іх многа, многа такіх далёкіх зорак. Недзе ёсць і яе зорачка. I яна выразна, да болю яскрава адчула, якая звонкая цішыня там, за гэтай турмой, і да чаго чорнае і бяздоннае неба над галавою. Ад тых думак рабілася не так адзінока, не так балюча.
    Фені вельмі хацелася спаць. Але ёй не дазвалялі нават на хвіліну заплюшчыць павекі. Адной, толькі адной хвіліны паміж тым, як стомлены кат адышоўся, ёй хапіла, каб заснуць. Усё ў ёй, нават пачуцці, застылі ў сонным здранцвенні. Схавала твар у анямелых далонях. Спаць. Спаць. Стаць каменнем, стаць непрыступнай крэпасцю...
    Яе ахапіў нейкі дзіўны стан: адчуванне поўнай абыякавасці. Ні гаварыць, ні плакаць, ні літасці прасіць яна не будзе. Яна ім нічога не скажа, ніводнага слова не пачуюць ад яе пра падпольную групу. Вось толькі каб не пакінулі яе сілы, каб хапіла вытрымкі перанесці ўсе тыя нечалавечыя пакуты...
    Яна зразумела — першы, папярэдні этап допытаў закончыўся. Але палёгкі не бачыла: самае страшнае наперадзе...
    Феня быццам правалілася ў нейкую бездань. Цяжка сказаць, ці быў гэта сон, ці неверагодныя кашмары, якія праносіліся адзін за адным у свядомасці. Ёй здалося, што яна стаіць пад бярозай, а навокал грукоча навальніца, перуны б'юць, ломяць і крышаць таўшчэзныя галіны і вельмі цяжка дрэву бараніцца ад непагадзі, ад раз'юшанай стыхіі...
    А кроплі дажджу, халодныя-халодныя, усё яшчэ капаюць, сыплюцца, льюцца ручайкамі. «Хіба мо з галін...» — думае Феня і адкрывае вочы. На яе лілі ваду з вядра, лужына расцякалася па падлозе. Гітлераўцы пазіралі на яе і рагаталі...
    Яна губляла апошнія сілы, гэта бачыў следчы і разумеў, што з чалавека, які знемагае ад жудасных пабояў, нельга нічога выбіць, і зноў за справу прымаўся сам выглянцаваны афіцэр, спрабаваў ліслівымі абяцаннямі вырваць прызнанне.
    — Вы ведаеце нямецкі. Перад вамі адкрываецца будучыня. Патрэбна толькі пажадаць, і мы забяспечым вас работай ці накіруем у Германію. Падумайце, вы такая маладая.
    Феня не магла расшчапіць вусны, якія ператварыліся ў адну крывавую рану.
    — Спаць...
    — Вы будзеце мець усё, што пажадаеце: дом, мужа, сям'ю, умовы для працы і адпачынку. Назавіце, з кім сустракаліся ў Слуцку? Хто дапамагае вам у Любані? Хто звязаны з партызанамі ў Нежыне?..
    Усё плыве перад вачамі, здаецца, сілы вось-вось пакінуць яе. Дзесьці ўнутры нараджаўся крык адчаю, але не засталося сіл, каб крыкнуць, яна застагнала і страціла прытомнасць.
    I зноў лілі з вядра, здзекаваліся з яе.
    Вытрымка ў чалавека не бясконцая. Дык трэба заклікаць на дапамогу ўсю сваю нянавісць, каб перамагчы слабасць цела, якое стамілася ад пастаянных пабояў, нечалавечага напружання.
    Нянавісць нараджала ў душы пратэст, стома клікала да абыякавасці. Перамагала нянавісць, і следчы цяпер не знаходзіў у яе позірку роспачы, не бачыў адчаю. А ворагі ажно са скуры вылузваліся, каб убачыць яе слабасць, каб хоць на хвіліну стала яна пакорлівай, зломленай, слабай. I стараліся ворагі, і цешылі сябе надзеяй, што чалавечыя сілы не бязмежныя.
    Але партызанка маўчала...
    — Маўчыш, Сямёнава. Маўчы. Ды памятай, не толькі цябе, увесь твой род пад корань выкарчуем,— цадзіў праз зубы следчы.— Сябе не шкадуеш, пра іншых падумай.
    Ведала, вылюдкі і на гэта здольны. Нікога не пашкадуюць, каб пераадолець яе зацятасць, яе волю. I вось ужо ў душы ўзнікла і ахапіла яе злосць, і была яна той іскрай, якая няспынна разгаралася. Феня зрабіла крок да следчага, сціснула кулакі:
    — Не паспееш, вылюдак. Кроўю людскою захліпнешся,— і, сабраўшы поўны рот сліны папалам з крывёю, плюнула ў перакошаны ад злосці твар фашыста.
    — У склеп яе. На мароз,— вішчаў, махаючы кулакамі, гітлеравец.
    Яе вывелі на вуліцу, на мароз. На небе зіхцелі зоркі, мноства далёкіх і блізкіх зорачак. I вось адна раптам пакацілася, пакацілася па небе, пачала падаць і згасаць. «Мая зорачка закацілася»,— з цеплынёй падумала Феня. Ад усведамлення, што, можа, у апошні раз бачыць зорнае неба, стала балюча і горка. Стала адзінока. Адзіноты яна баялася больш за ўсё. Ведала, адзінокі чалавек слабы...

    2
    Раніцай яе зноў вывелі на двор. Яна ажно заплюшчыла вочы: пасля цёмнага, халоднага склепа балюча слепіць вочы снег. Сонца, вялікае, мабыць, разы ў два большае, чымсьці летам, чырвонае, што кроў на снезе, паволі ўставала і цяпер прыпынілася, не маючы сіл адарвацца ад гэтай пакутлівай зямлі.
    За ноч усё прысыпала інеем: і дрэвы ў садзе, і плот, і сена ў стажку... Іней сыпаўся і сыпаўся аднекуль зверху, і мароз браўся такі, што балюча зрабілася разбітым у кроў вуснам. Вецер улёгся, стаяла ціш, мароз хапаў за шчокі.
    Гітлераўцы трымаліся непадалёку, апусцілі ў шапках вушы, наставілі каўняры сваіх зялёных шынялёў. Крыху ўбаку, натапырыўшыся, як варона, стаяў бургамістр у новым, жоўтым кажушку, падпяразаны шырокай дзягай, на якой целяпалася кабура з наганам...
    Адсюль добра відна вёска, засыпаная снегам, пасівелая ад інею. 3 комінаў высока ў неба падымаліся слупы дыму. «Людзі ў печах паляць»,— падумала Феня, пераступаючы з нагі на нагу па халодным снезе, прыпарушаным зверху інеем.
    Да яе порстка падскочыў бургамістр.
    — Адумалася, Конанава? Яшчэ не позна.
    Яна толькі горда ўскінула галаву, не паглядзела нават на бургамістра.
    —Папросішся. Поўзаць будзеш каля ног, цалаваць боты, прасіць спагады,— кінуў ён злосна і загадаў: — Ідзі!
    Яна з намаганнем зрабіла крок. 3 неймавернай цяжкасцю адарвала ногі ад крохкіх, настылых друзлакоў лёду на вытаптанай сцежцы. Друзлакі ўпіваліся вострымі краямі ў жывое цела, на снезе заставаліся крывавыя сляды.
    Яе падвялі да саней, штурхнулі на сена. Нехта накінуў ёй на плечы нейкую посцілку, і сані пабеглі па знаёмым шляху. «Дамоў, у Нежын вязуць,— падумала Феня.— Сваіх убачу». Ад таго «ўбачу» ёй зрабілася лягчэй...
    Феня здзіўлена пазірала на абрысы роднай вёскі, быццам улершыню бачыла бярозу — уся белая, нібы крыштальная, у доўгіх пасмачках-ільдзінках стаяла сцішаная і насцярожаная, маўклівая. I ад той сустрэчы ажно пацяплела ў грудзях.
    Людзі ў вёсцы ўжо ведалі пра Феню. 3 хат выходзілі і старыя і малыя.
    Жудасны малюнак нікога не пакінуў у спакоі...
    Кожны крок па знаёмай вуліцы беззваротна закрэсліваў цяпер кожную хвіліну і ўваскрашаў у яе памяці ўсё былое, перажытае: час за часам, дзень за днём — і яе дзяцінства, і юначую пару, і першае спатканне тут на гэтай вясковай вуліцы. Крок за крокам. Колькі іх, гэтых крокаў, зробленых праз нечалавечыя намаганні... Ёй хацелася, каб гэта апошняя дарога стала не такой хуткай.
    «Вось і насталі апошнія хвіліны, і ніякая сіла не здольна спыніць гэта шэсце,— думала яна.— Тут у гітлераўцаў усё прадвызначана, распісана, расстаўлена па сваіх месцах. Усе дзеючыя асобы прысутнічаюць, ведаюць свае абавязкі і старанна выконваюць свае ролі».
    Гітлераўцы расставілі кулямёты — ні з якога боку да вёскі не падступіцца. Чуваць лаянка, каманды, і далёка разносіцца патрабавальны стук прыкладаў у дзверы хат: «Выходзь!»
    Родная школа... Яе прывялі, аднак, у школу не для таго, каб развітацца: яе перадалі цяпер новаму гітлераўскаму афіцэру, які, мусіць, павінен прывесці прыгавор у выкананне, і ён кіраваў усім гэтым спектаклем.
    — Ты есць партызан. Ты есць лясны бандзіт,— тыцкаў ён рукой у чорнай пальчатцы перад Феніным тварам.— Гавары, хто есць твой сувязны?
    Феня маўчала.
    Афіцэр быў вельмі задаволены сабой. Феня ў цяжкім одуме стаяла каля дзвярэй класа, пазірала з непаразуменнем на гітлераўца. Афіцэр наліў у шклянку вады. Феня пабялела, як палатно, пранізлівая злосць успыхнула ў вачах. I яна, быццам тая шклянка была гарачая, пякла рукі, адштурхнула ад сябе. Шклянка выпала з рук гітлераўца, стукнулася аб падлогу і разбілася на дробныя кавалачкі.
    — Ты што робіш? — падскочыў да яе, часта задыхаў, звузіў вочы Дубік.— Пан афіцэр да цябе па-людску, а ты...— голас яго нібы трэснуў, пераламаўся, у ім чулася халодная вастрыня таго разбітага шкла.
    — Дарэмна час траціце. Я нічога не скажу,— і ў вачах яе гарэла гнеўная нянавісць. Феня адчула новы прыліў сіл, адчула, што можа яшчэ змагацца, можа яшчэ нешта рабіць. Гітлеравец толькі цяпер нібы зразумеў, з кім мае справу, падскочыў да Фені, раз, другі наводмаш, не зусім моцна пляснуў па шчоках.
    — Бандзітка, бандзітка,— лапацеў ён па-руску і махнуў бургамістру: — Зараз жа вывесці!
    Твар у бургамістра скрывіўся, шчокі і губы заторгаліся. Ён бегаў вакол Фені, нібы баяўся падысці да яе, крыкнуў:
    — Ідзі! Ды не затрымлівайся...
    Ісці, ісці сцяўшы зубы, зрабіць яшчэ некалькі крокаў. Ступаць балючымі ступнямі па мяккім снезе, не адчуваць ні болю, ні адчаю. Адна толькі думка смылела востра, неадступна: не ўпасці, не паказаць слабасць.
    Блізка зусім Арэса, але доўга, вельмі доўга цягнецца для Фені дарога. I ў тым павольным шэсці было нешта такое, ад чаго балюча сціскалася сэрца, стыла ў жылах кроў.
    Хто бачыў тое шэсце, не змог яго забыць!
    Балюча адгукваліся Феніны пакуты ў кожным сэрцы. Сціскаліся ў бяссільнай злосці кулакі: «Усіх не заб'яце, не паставіце на Калені». Людзі, якія зведалі страх і трывогу ў чаканні лепшых дзён, не трацілі ўпэўненасці. Як бы ні скручвад вяроўкамі іх рукі, як бы ш скалечвалі цела, людзей не паставяць на калені.
    Вуліца нібы застыла, насцярожылася і плыла ў халодным, марозным паветры, бязмоўным, журботным маўчанні... I гэтыя крокі ў марознай цішы. Павольныя, цяжкія. Усё, здавалася, было запалонена гэтай цішыней і гэтымі крокамі, абяцаючы нешта жудаснае, вельмі журботнае і жахлівае, у паветры хадзіла сама смерць, і людзі адчувалі яе набліжэнне...
    Злавесная працэсія паволі рухалася да Арэсы: дзве шарэнгі салдат і паліцаяў з вінтоўкамі напагатове і наперадзе дзяўчына. Чуваць, як пад ботамі ў фашыстаў скрыпіць снег. I яна, босая, у іх акружэнні... У коратка падстрыжаных валасах набілася снегу ці мо не снег то — яны пасівелі за гэтыя дні. Дзяўчына трымаецца прама, не апускае горда ўзнятую галаву. Вяскоўцы анямелі ад жаху, а вусны вымаўляюць адно: «Трымайся, Феня!», «Вышэй галаву, дачка!..» Яна не разлічвае на літасць ворагаў. Яна хоча сама сваёй смерцю дапамагчы гэтым людзям стаць цвёрдымі, стаць рашучымі. Яны — нібы працяг яе самой. Яны абавязаны завяршыць тую справу, якую пачала яна... «Мы не даруем ворагам за цябе!» — чытае яна ў вачах людзей.
    Феня бачыць скіраваныя позіркі, ідзе сярод блізкіх, зразумелых, знаемых ёй з дзяцінства людзей. Маўклівыя і зацятыя ў сваім горы аднавяскоўцы крочаць за ёю ўслед, ідуць да Арэсы. I яна нібы злучылася сэрцам з імі, і ей цяпер не так адзінока і не так боязна. I твар дзяўчыны прасвятлеў, праясніўся, у вачах заблішчалі сонечныя іскрынкі. А мо і не ад сонца тое, а ад цёплых позіркаў дзяўчат-сябровак. I цяпер у яе позірку смеласць, гонар за іх, за тое, што смерць прымае на вачах у сяброў.
    Людзі не хаваюць сваіх пачуццяў, многія жанчыны і дзяўчаты плачуць. I кожны яе крок насустрач сваёй смерці — выклік. I ёй вельмі хочацца прачытаць у вачах дарагіх ёй людзей: ці так жыла, ці так змагалася, ці так памірае...
    Шарэнгі гітлераўцаў расступіліся, яе падштурхнулі да самага берага...
    — Родныя мае! Не трэба слёз. Будзьце цвёрдымі і мужнымі...
    — Мы з табою, Феня! — пачуліся галасы...

    3
    Непадалёк ад Арэсы дзядуля з сівай барадой дзёўб непадатлівую зямлю. Капаў магілу...
    — Давай, давай! Шавяліся,— падганялі яго салдаты.
    Шорхае жоўты пясок, сыплецца і сыплецца. Лясь, лясь... Рыдлёўка дзяўбе змерзлую зямлю, выкідвае камякі з ямы, і яны коцяцца па снезе...
    — Варушыся, чорт! — крычыць салдат і б'е прыкладам вінтоўкі па сагнутай спіне. Стары падае.
    — Уставай, небарака. Прастынеш! Гітлераўцы рагочуць.
    — Што стаіш? Капай, сюды сам ляжаш... А мо і ў кампаніі... 3 дачкой...
    На дне ямы сядзеў чалавек і не мог зварухнуцца.
    — Уставай. Хутка! — падскочыў да яго салдат і балюча ткнуў у спіну дулам вінтоўкі. Гаўрыла Карнеевіч не кранаецца з месца.
    — Ты што, аглух, не чуеш?
    Гаўрыла Карнеевіч быццам не хоча чуць таго вісклявага голасу гітлераўца, пра сваё думае, здзіўляецца — чаго сагналі сюды столькі людзей. I раптам падумалася, што нездарма яны пра дачку прыгадалі: «Няўжо і Феня тут?»
    Неспадзявана аднекуль здалёку падкрадваліся, быццам з напластаванняў часу, ажывалі мінулыя дні, тыя чорныя падзеі, калі яго схапілі на балоце. «Няўжо іх разам... У адну магілу? Нездарма гэтулькі людзей сагналі... Стаяць, плачуць, нават не выціраюць слёзы... Ды вунь жа і яна — яго Феня... Босая, раздзетая ў такі мароз...» Ён далонню прыкрыў вочы ад нясцерпна яркага сонца і неадрыўна пазірае на дачку. У вачах боль, шкадаванне і гонар за яе...
    Яна стаіць нескароная, гордая, і здаюцца жывымі толькі яе вялікія вочы. У іх агонь жыцця, агонь нянавісці. I ён, быццам звязаны нябачанымі вузламі з дачкой, на адным дыханні вымавіў:
    — Феня, трымайся! Паміраць разам не страшна... Бургамістр чуе тыя словы, кідаецца да Фені.
    — Гавары, хто дапамагаў табе?! — крыкнуў ён.— Не назавеш — яго расстраляем,— і афіцэр паказаў на бацьку.
    Сціскалася сэрца ў бацькі: ён ведаў, не пашкадуюць фашысты Феню. Узнікла толькі адно жаданне — каб усё тое хутчэй скончылася, каб яго першага расстралялі... У яго была ясная галава і зоркія вочы, і ён раптам адчуў, што ў руках рыдлёўка і ёсць магчымасць яшчэ раз, адзін толькі раз напаследак убачыць родны сэрцу абшар, вёску, Арэсу, роднае неба над галавой, дачку Феню і расквітацца з гэтым вылюдкам. I ён адчуў, як аднекуль пачала прасвечвацца свядомасць, пачуліся галасы, і ўбачыў перад сабой, нібы праз туман, чужых людзей і з імі гэтага Дубіка. Яны падыходзілі да яго, набліжаліся, што яму і трэба было.
    У роце зусім перасмягла, ён расшчапіў пачарнелыя вусны, прашаптаў: «Даруй, дачка», падняў высока рыдлёўку, сабраў апошнія сілы і апусціў на галаву бургамістра. Дубік паспеў адхінуцца, рыдлёўка секанула па плячы, распарола кажух. У бургамістра твар перакасіўся ад злосці. Ён нешта гаварыў, паказваў рукой у яго бок, але Гаўрыла нічога не чуў, здагадваўся толькі, што гавораць пра яго.
    — Страляй, крывапівец. Усіх не перастраляеш! Ён бачыў, як адхінуўся ад яго салдат, як падбеглі і падрыхтаваліся страляць. Але старшы махнуў рукой, відаць, нешта прыдумаў новае.
    Гаўрыла Карнеевіч выпрастаўся, падняў над галавой руку з моцна сціснутым кулаком, крыкнуў:
    — Страляйце, душагубы! I вам нядоўга таптаць зямлю.
    Хтосьці з салдат стукнуў ззаду прыкладам... Гаўрылу Карнеевіча звязалі, кінулі ў сані...
    — Не спяшайся, стары. На той свет паспееш,— злосна прасіпеў бургамістр.— Мы табе нешта такое пакажам, што неба з аўчынку здасца...
    Ён паклікаў некалькі ахоўнікаў, і тыя падышлі да яго з сякерамі. Пачалі сячы лёд на рацэ.
    Феня пазірала ў халоднае, нізкае, зімовае неба. Яна чула, як сякуць пельку: шась, шась, шась... Шорхаюць ільдзінкі, сыплюцца і сыплюцца на лёд, як буйное зерне на таку. I так цяжка стала, быццам тымі льдзінкамі яе прысыпалі: давіла грудзі, сціскала, перашкаджала дыхаць...
    «Няўжо пад лёд, у ваду?» — яна нібы адчула, якая халодная і ледзяная зараз вада ў рацэ, і міжволі сцялася. Страху не было. Было толькі адчуванне холаду. «А можа, кінуцца бегчы? Хай страляюць у спіну, хай лепш заб'юць, чым пад лёд». Яна разумела, што не пабяжыць. Яна не зможа і кроку зрабіць.
    Гітлераўцы сякуць сякерамі лёд. Ва ўсе бакі ляцяць ледзяныя пырскі. Завіхаюцца, спяшаюцца...
    — Смерць мне не страшная. Аднаго шкадую, гэтак мала зрабіла, гэтак мала гэтых нелюдзяў на той свет накіравала,— вымавіла праз сцятыя зубы Феня.
    Яна адчувала, як халодны пот выступіў на лбе, закружылася галава, пацямнела ў вачах: «Толькі б не ўпасці. Трымацца. Трымацца».
    — Я ненавіджу вас... Я — партызанка. Хутчэй рабіце сваю справу. Не мучце людзей,— крыкнула яна афіцэру.
    Неба, здаецца, стала нізкім-нізкім, цісне на галаву. У скроні тысячамі малаточкаў стукае кроў... Колькі гэта можа цягнуцца? Колькі?
    —Загаварыла. Акунём у Арэсе — не так загаворыць,— нядобра паабяцаў афіцэр.
    Гітлераўцы схапілі Феню за рукі і пацягнулі з узгорка па заснежаным схіле да ракі. Дзяўчаты загаласілі, падаліся наперад. Феня павярнулася да ўсіх, хто стаяў на беразе, і крыкнула:
    — Біце фашыстаў! Няхай жыве наша Савецкая Радзіма!..
    Салдат стукнуў яе прыкладам у спіну.
    — Шнэль, шнэль! — наперадзе ішоў афіцэр.
    Яе падцягнулі да пелькі і кінулі ў вузкае акенца. 3 апошніх сіл Феня напялася, расставіла рукі, учапілася пальцамі за лёд.
    Афіцэр выстраліў з нагана...
    Яна ўбачыла чырвоны агонь. Агонь быў яркі, невыносна яркі, і яе апякло вострым языком полымя. Стала горача-горача ў грудзях... Успыхнулі і тут жа згаслі ў вачах зорачкі-зарнічкі. Толькі адна, апошняя, зайшлася, бы ў нямым крыку, і пакацілася, пакацілася, нібы правалілася ў свядомасці...
    Праз некалькі дзён фашысты з'явіліся зноў у Нежыне, перавярнулі ўсё ў хатах, на вачах аднавяскоўцаў расстралялі бацьку Фені.
    Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 верасня 1942 года настаўніца Феня Гаўрылаўна Конанава пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Леніна.
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район