Андруховіч Анатоль Антонавіч

    Дачка Арэсы. 14. Задача з трыма невядомымі


    1
    Обер-лейтэнант Рудольф прыехаў у Любань са спецыяльным заданнем. Малады афіцэр трымаўся надзвычай самаўпэўнена, не хаваў сваёй перавагі перад «правінцыяламі», «тылавымі пацукамі», як ён кпліва называў каменданта Гляйса і яго акружэнне, і ўсім адразу даў зразумець, што доўга ў гэтай глухамані затрымлівацца не мае намеру.
    Па ўсім відаць, малады афіцэр меў цвёрдую руку і падтрымку. «Нічога, шаноўны, і тут гузакоў можна нахапаць»,— непрыязна думаў пра обер-лэйтэнанта камендант Гляйс, аднак з першых дзён запрасіў яго абедаць да сябе на кватэру. — Дзякуй,— стрымана адказаў Рудольф і прыняў запрашэнне.
    Першы раз збіраўся ён да каменданта вельмі незадаволены. Доўга прыводзіў у парадак абутак і адзенне, злаваўся.
    — У вас тут не вуліцы, а балота,— скардзіўся Рудольф, атрасаючы заляпаны гразёю мундзір.— Вечарам нікуды не выйдзеш, а пра тое, каб выехаць за горад, і гутаркі няма. Тут усе баяцца партызан. Я ніколі не думаў, што яны гэтулькі страху нагналі на нашых адважных салдат.
    — Гэта так,— пагадзіўся камендант.— Ноччу нават у гарадку я не рэкамендую выходзіць далей гарнізона. Ну, а за горадам і днём і ноччу там гаспадары не мы — партызаны.
    — Я навяду парадак. Я дакажу гэтым лясным бандытам, што такое новая ўлада,— пахваляўся обер-лейтэнант.
    Ён тут жа пачаў выкладваць каменданту свой план знішчэння ў раёне партызан і падпольшчыкаў, прапанаваў арганізаваць так званыя «лятучыя» атрады, адрэзаць партызан ад насельніцтва, якое іх падтрымлівае, рабіць засады на дарогах, што вядуць у лес.
    — Вось і займіцеся гэтым непасрэдна,— адразу і вельмі ахвотна пагадзіўся камендант.— У вас падрыхтавана для такіх дзеянняў спецыяльная каманда... Толькі адно скажу, Рудольф, іх з кожным днём усё больш і больш робіцца.
    — Ліберальнічаеце, камендант,— у голасе обер-лейтэнанта прагучала неадабрэнне.— Ствараеце спрыяльную глебу... У загадах камандавання прама сказана — знішчаць не толькі партызан, але і насельніцтва, якое іх падтрымлівае... Разумееце, знішчаць,— паўтарыў ён з асаблівым націскам.
    Гляйс з трывогай паглядзеў на афіцэра: што яшчэ выкіне гэты напышлівы обер. «3 такім вуха востра трэба трымаць. Не гаварыць нічога лішняга. А то нядоўга і на фронт адсюль трапіць»,— падумаў ён з прыкрасцю.
    За абедам, прапусціўшы чарку-другую, обер-лейтэнант крыху палагаднеў, разгаварыўся:
    — Я разумею, што вам тут не соладка, гэр камендант. Абяцаю пры выпадку замовіць слоўца ў цэнтры,— і як між іншым пацікавіўся: — А што ў вас зроблена, каб папярэдзіць раптоўны напад партызан?
    Гляйс гучна і бесклапотна засмяяўся:
    — Вось ужо сапраўды праўду кажуць у Расіі, што ў страха вочы вялікія,— і тут жа паспрабаваў запэўніць обер-лэйтэнанта: — Не думаю, каб партызаны асмеліліся напасці на такі буйны гарнізон. Ні сілы, ні тым больш зброі ў іх патрэбнай няма.
    — А вы, камендант,— не застаўся ў даўгу Рудольф,— спадзеяцеся на славутае рускае авось...— I загаварыў тонам загаду: — Нам трэба мець надзейных людзей у партызанскіх атрадах і зонах...
    — Шпіёны, правакатары, лазутчыкі,— паціснуў плячыма Гляйс.— Гэта не па маёй частцы. Мяне больш хвалююць пытанні збору харчавання, адпраўкі на работу ў Германію, усталяванне новай улады... А шпіёны... Гэта, мусіць, па вашай частцы, гэр обер-лэйтэнант.
    — Стане і вашымі клопатамі,— строга сказаў Рудольф.— Вы дарма не ацэньваеце іх значэнне. У вас ёсць на прыкмеце патрэбныя для таго людзі?
    — Хіба толькі здраднікі ды ў мінулым асуджаныя. У іх рэпутацыя вядомая. Ніхто ім давяраць не будзе. Драбяза. П'яніцы, зладзеі...
    — Так,— працягваў Рудольф.— Небагата. 3 такімі, зразумела, пагоды не зробіш. Калі нават некаторыя і дадуць згоду падпальваць, высочваць, рабіць даносы, забіваць з-за вугла, то сапраўднай разведвальнай работы яны не адужаюць. Не...
    — Трэба рыхтаваць, вучыць,— падказаў Гляйс.
    — Не так усё і проста,— задумліва прамовіў Рудольф.— Але такіх людзей трэба мець хоць бы ў самых гарачых месцах.
    — Я вам назаву гэтыя, як вы сказалі, гарачыя месцы,— ахвотна адклікнуўся Гляйс.— У раёне іх некалькі,— ён падышоў да карты.— Вось тут,— ён правёў алоўкам па рацэ Арэсе,— пачынаецца партызанская зона: вёскі Рэдкавічы, Азярное, Ямнае, Баянічы, Барыкоў, Нежын,— Гляйс задумаўся на адну хвіліну.— Асабліва непакоіць мяне абстаноўка ў Нежыне. Там, па маіх даных, дзейнічае цэлая група. I кіруе яе дзейнасцю нейкая Сямёнава...
    — Нежын,— падняўся обер-лейтэнант Рудольф.— 3 сённяшняга дня я займуся гэтым неадкладна...

    2
    Трывожна шуміць лес. Вецер гамоніць у вершалінах векавых хвой. На невялічкай палянцы — партызанскія зямлянкі. Патрэсквае агонь у кастры. Каля вогнішча сядзяць двое: Гарбачоў і кіраўнік камсамольскага падполля ў раёне Майстрэнка. Яўстрат Гарбачоў задумліва пазірае ў агонь, і думкі яго пра нешта сваё, што, відаць, не дае яму спакою:
    — Вось дык задача...
    — Што за задача? — пытае Майстрэнка.
    — 3 трыма невядомымі...
    — Ты наконт Любані?
    — У тым, Адам, і задача — штаб вырашыў страсянуць Любанскі гарнізон.
    — Моцны арэшак...
    — Моцны-то моцны, але трэба раскусіць. I каб зубы не паламаць. Як свае пяць пальцаў трэба нам ведаць пра ўсе яго ўмацаванні, сістэму аховы,— працягваў разгортваць сваю думку Гарбачоў.
    — Дык каму ж пра тое лепш ведаць, як не табе, камандзіру разведкі,— пасміхваецца Майстрэнка.
    — Няўдача за няўдачай... Людзей шмат губляем,— уздыхае Гарбачоў.— Сілай пакуль не адужаць. Хітрасцю трэба...
    — Перакрылі гітлераўцы ўсе хады-выхады з лесу. Засады, патрулі. Вось і гінуць нашы сувязныя,— уздыхнуў Майстрэнка.
    Гарбачоў ускочыў, захадзіў каля кастра:
    — Таму і вырашана ўдарыць, ды так, каб адчулі нашу сілу. У штаба ёсць задума. Плана няма. Поўных даных пра гарнізон не маем... Вось я і хачу прыцягнуць да разведвальнай работы Феню. Без яе як без рук. Ты не супроць? — Гарбачоў выпрабавальна паглядзеў на Адама.
    — Я не супроць,— адказаў той, крыху падумаўшы.— Толькі і падпольную работу мы не маем права на самацёк пускаць. Ты ж ведаеш, нежынская камсамольская група аказвае партызанам неацэнную дапамогу...
    — Тады камусьці з нас давядзецца ісці... Ці табе, ці мне...
    — Карысці, што мы пойдзем. Нас у райцэнтры кожны ведае,— махнуў рукой Адам.— Нам ісці — справу праваліць.
    — Сямёнаву таксама ведаюць гітлераўцы... Д'яблам у спадніцы называюць.
    — Д'ябал! — усміхнуўся Адам.— Шкада, Феня пра гэта не чуе.
    — I ты яе хваліш: Конанава зможа, Конанава здужае,— паддзеў Гарбачоў.
    — Падпольная камсамольская работа ў раёне на такіх, як Конанава, і трымаецца, такімі моцная,— гарачыўся Майстрэнка.— За што Конанава ні возьмецца, зробіць.
    — Супакойся, не гарачыся,— спыніў яго Гарбачоў.— I я так думаю. Таму і выклікаў цябе з Конанавай у штаб,— паглядзеў на гадзіннік.— Нешта затрымліваецца Феня. Ці не здарылася што,— ён задумаўся на хвіліну, нібы вярнуўся да сваіх думак: — Не трэба ў шапку спаць, нам планы Гляйса трэба ведаць.
    — Не пашкодзіла б,— адгукнуўся Майстрэнка.— 3 самім камендантам Любані параіцца.
    — Не абавязкова з самім камендантам,— усміхнуўся Гарбачоў.— Можна і з кім з яго акружэння...
    — Выходзіць, трэба ў гарнізоне мець свайго чалавека... На службе.
    — Ёсць на прыкмеце людзі. Перацягнуць іх трэба на свой бок,— і, задаволены зробленым уражаннем, падкінуў сушняку ў агонь.
    — Вось, значыць, што ты задумаў,— яшчэ зусім не разумеючы намераў Гарбачова, сказаў Адам.— Феню падключыць.
    — Зыходжу з інтарэсаў аднаго шыкоўнага фон-барона,— хітра ўсміхнуўся Гарбачоў.— Яму падабаюцца прыгожыя паненкі. Дык будуць яму мясцовыя прыгажуні, абавязкова будуць...
    Феня падышла зусім ціха, спынілася каля вогнішча. Гарбачоў з Майстрэнкам здзіўлена паглядзелі на яе. Дзяўчына не змагла схаваць сваю ўсхваляванасць, заплакала:
    — Арыштавалі Насановіча і Курчыча...
    — Правалілася арганізацыя? — ускрыкнуў Майстрэнка.
    — Самі пайшлі... Каб выратаваць заложнікаў...
    — Куды пайшлі? — спытаў Гарбачоў.— У Кузьмічы? У гарнізоне іх трымаюць?
    — Адразу ў Любань павезлі,— праз слёзы адказала Феня.
    — У СД. А там спрактыкаваныя майстры...— злосна прамовіў Гарбачоў.— Не выдадуць?
    — Яны ж камсамольцы і клятву далі.
    — I табе пасцерагчыся трэба,— папярэдзіў Адам.— У Нежын пакуль не хадзі.
    — Толькі б папярэдзіць сваіх...
    — Я сам пайду і папярэджу,— строга сказаў Адам.
    — А хлопцы, што будзе з хлопцамі?
    — Задача нялёгкая...— задумаўся Гарбачоў.— Паспрабуем звязацца з любанскімі падпольшчыкамі, пастараемся вырваць іх з рук СД,— памаўчаў.— Калі паспеем... У фашыстаў суд кароткі,— павярнуўся да Фені: — I ад цябе самой многае будзе залежаць. Ёсць адно вельмі рызыкоўнае заданне...
    — Усё зраблю, што загадаеце. У самае пекла пайду. Кажыце, што рабіць?
    — Пранікнуць у Любань,— сказаў Гарбачоў.— Будзеш жыць у нашай сувязной Любы. Ва ўправе, калі пацікавяцца, скажаш — сваячка. Ратуешся ад партызан.
    — I гэта ўсё? — сумелася Феня.
    — От спяшаешся,— папракнуў Адам.—Слухай па парадку.
    — Нам неабходны дакладныя звесткі пра гарнізон. Колькасць салдат і іх узбраенне, дзеючыя ўмацаванні і агнявыя кропкі, сістэма сувязі і ахова подступаў да камендатуры, казармы... Нас там яшчэ адзін фон-барон цікавіць. Обер-лейтэнант Рудольф. Прыбыў ён у Любань са спецыяльным заданнем з Бабруйска. Ён нам патрэбен жывы. Разумееш — жывы і здаровы. Дзейнічаць будзеш не адна,— супакоіў Гарбачоў.— Людзі нашы дапамогуць. I я там хутка буду. Калі што — выручым,— дастаў паперы.— Тут адрасы, яўкі, паролі. Запомні, усё запомні як належыць.
    Феня чытае як пра сябе:
    — Пусціце пагарэльцаў пераначаваць...
    — Гэта пароль. Вось такі будзе водгук.— Гарбачоў паўтарыў і раз і другі.— Усё запомні, нічога не зблытай. А цяпер развітвацца будзем і ў дарогу.
    — Мне абавязкова трэба зайсці ў Нежын,— сказала Феня.
    — Нельга табе ў Нежын,— папярэдзіў Адам.
    — Перагаварыць хачу з адным чалавекам...
    — Няўжо сардэчныя справы? — лагодна ўсміхнуўся Гарбачоў.

    3
    Вярталася Феня ў вёску позна, на зямлю апусціліся поцемкі. Нанач браўся лёгкі мароз. Ісці было лёгка. Неўзабаве праглянуліся знаёмыя абрысы вясковых могілак. Светлы серп месячыка выглянуў з-за хмар, неба радавала спакойным, чыстым высевам зорак. Калісьці ў дзяцінстве бацька расказваў, быццам нараджаецца чалавек і на небе запальваецца зорачка. I куды б потым ён ні ішоў, яго зорачка блукае следам. «А дзе ж мая шчаслівая зорка?» — узняла на неба вочы Феня.
    Усяго два дні адсутнічала яна ў Нежыне. Цяпер спяшалася пасля небяспечных блуканняў па лесе ўбачыцца са сваімі. «Відаць, хлопцы не чакаюць,— з трывогай думала Феня, калі на адзінокай сасне пры дарозе не заўважыла ўмоўных знакаў.— Не маглі ж яны забыцца пра ўмоўны знак»,— трохі, аднак, дзівячыся гэтай бяспецы, спынілася, у роздуме пастаяла, але жаданне хутчэй убачыць сваіх перамагло. Феня сышла з дарогі, яшчэ раз агледзелася, трывога расла ў душы. Паспрабавала супакоіцца. Яна ж у Нежын прабярэцца з завязанымі вачамі, тут кожны кусцік, кожная сцяжынка вядомыя... Паўзіралася: здаецца, усё спакойна, за паваротам дарогі — невысокая сасна і адразу кусты алешніку. За імі — гала, чыстае поле. I могілкі. Добра летам, калі тут высокае жыта. Можна паўзком, па разоры. А цяпер падмарозіла, пры месячыку — чалавек як на далоні.
    Яна ніколі дагэтуль не баялася, а цяпер ішла праз сілу, насуперак сабе. Іншы раз тут, у гэтым алешніку, ці на могілках, камсамольцы ўсё правераць, абмацаюць за некалькі кіламетраў наўкола, пададуць умоўныя знакі...
    Феня спынілася на ўскрайку, не ў стане пераадолець прадчуванне, вельмі знаёмае разведчыку, які не ўпершыню рызыкуе, але ніколі не пакажа свайго стану. Пазірала на могілкі, але нічога падазронага не магла ўгледзець. Ціха. Порсткі ветрык зрэдку налятаў на хвойнік і глуха шумеў у вершалінах. Цішыня такая, ажно ў вушах звініць. «Ды хто тут можа быць у такую пару»,— падумала яна і рашуча пашыбавала да могілак, праўда, на ўсякі выпадак дастала з кішэні наган. I адразу супакоілася, нават пасмейвалася над гэтымі страхамі: «Колькі ўсюды хадзіла, не баялася, а тут, каля сваёй хаты, спужалася». Яна прыспешвала крок. Ахапіла неадольнае жаданне хутчэй выбрацца з гэтага маўклівага месца. Яна неасцярожна абаперлася на крыж, і ён не вытрымаў, з сухім трэскам зваліўся на зямлю, рассыпаўся на кавалкі. Дзесьці тут, непадалёку, і магіла маці. Над ёй таксама стаіць крыж, перавязаны белымі стужкамі... Феня прытулілася да старой хвоі. Вось так некалі яна даверліва тулілася да маці, адчувала яе цёплую, шурпатую далонь на шчацэ, і ўсялякія крыўды рабіліся дробязнымі і нязначнымі.
    Падзьмуў ветрык: тут, на ўзгорку, асабліва адчуваўся холад. 3-пад хусткі выбілася непаслухмяная пасмачка і рассыпалася па шчацэ, Феня паспрабавала прыгладзіць яе рукой, але ніяк не магла даць рады: круціў вецер.
    Воддаль у вёсцы пачуўся ўстрывожаны брэх сабак. Феня насцярожылася: «Пэўна, у вёсцы чужыя». Збіралася павярнуцца назад і зусім нечакана схамянулася — непадалёку за дрэвам нехта стаяў. Феня да болю ў вачах узіралася ў паўзмрок могілак. «Там сапраўды нехта затаіўся,— і яна аж здрыганулася ад здагадкі: — На могілках засада».
    Ад дрэва аддзялілася постаць і асцярожна пачала набліжацца. Пакрысе прасоўваліся цені злева. Пералічыла: шасцёра. Падумала: у нагане шэсць патронаў. На кожнага па аднаму. «Не, і сабе патрэбна адзін пакінуць. Толькі не жывой у іх рукі...» Той, што ішоў першы, спыніўся, загадаў:
    — Хальт!
    «Жывой не дамся»,— цвёрда вырашыла Феня і адступіла да суседняй хвоі.
    — Партызан! Здавайся! — зноў падаў голас, відаць, старшы і загадаў: — Узяць яго!
    Абходзілі яе злева, перабягалі ад дрэва да дрэва, няўмольна набліжаліся.
    «Трасца на вас, толькі б не акружылі»,— злосна падумала Феня, узяла на прыцэл таго, за дрэвам, падцікавала, як толькі высунуўся, стрэліла. Чалавек паваліўся на зямлю, пачулася дзікая лаянка.
    Яе праследавацелі дружна пападалі. Кляцнулі затворы, і прагрымелі вінтовачныя выстралы.
    Феня стаяла за дрэвам. Пад нагамі адчувала мяккую ігліцу. Вецер шапацеў рудой пасохлай травой. Неяк зусім звычайна падумала: «Зараз ачухаюцца, падымуцца, і тады кола замкнецца. Трэба паспець дабегчы да канавы каля могілак»,— і паціху пачала адпаўзаць, маскіруючыся за магіламі.
    — Жывым яго, жывым,— не сунімаўся старшы, але голас у яго цяпер быў не такі рашучы.
    Феня ўскочыла і праз кусты кінулася да канавы. На бягу ўпала за нейкі каменны помнік, убачыла: за ёю следам бягуць, і, не раздумваючы, націснула на курок, а сама хуценька адпаўзла з гэтага месца.
    Праследавацелі пачалі бязладна страляць у тое месца, адкуль раздаліся стрэлы. Старшы стагнаў і лаяўся: відаць такі, куля яго закранула. Нехта падняўся за дрэвам і кінуў гранату. Ад асколкаў ажно трэскі паляцелі — гэтак яны секанулі па дрэвах.
    Выкарыстаўшы зацішша пасля выбуху, зноў зрабіла рывок, затаілася. «Падпушчу бліжэй, выстраламі ва ўпор уціхаміру аднаго ці двух і паспрабую праскочыць».
    Гітлераўцы самі аблегчылі задачу — папаўзлі наперад па-воўчаму: галовы прыгінаюць, а спіны тырчаць над зямлёю. Яна падпусціла зусім блізка і выстраліла амаль не цэлячыся. Адзін раз, другі: адчула — трапіла, кінулася да канавы, пачакала з хвіліну і — далей ад небяспечнага месца.
    «Не прамахнулася,— мільганула думка.— Цяпер ім не да мяне...»
    Страляніна на могілках калаціла начную ціш. «Мабыць, не заўважылі мой манеўр»,— з палёгкай падумала Феня і пабегла далей. Вось і агароды, невысокі плот, гумно.
    Доўга яшчэ на могілках чуліся стрэлы.
    Аднак партызана не змаглі схапіць, а на месцы засады ляжаў адзін мёртвы гітлеравец, а другі сядзеў каля дрэва, перабінтоўваў нагу...
    Гітлераўцы акружылі Нежын і пачалі аблаву, шукалі разведчыка. Партызан як праз зямлю праваліўся. Аперацыяй камандаваў непасрэдна сам обер-лейтэнант Рудольф, а яму дапамагаў кузьмічоўскі бургамістр.
    — Выслізнуў, вылузаўся,— не мог супакоіцца бургамістр.
    — Хто выслізнуў? — не зразумеў обер-лейтэнант.
    — Вядомы партызанскі разведчык Гарбачоў...
    — Хто, хто? — спытаў яго обер.— Сам Гарбачоў?
    — Ды каму ж іншаму быць? Обер-лейтэнант сціснуў кулакі:
    —Другі раз ён выскачыў з маіх рук...— і кіўнуў на забітага і параненага.— Акружыць вёску, і каб ні адна жывая душа не выбралася.
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район