1
Весткі з фронту даходзілі ў глыб Палесся зусім не суцяшальныя. А тут яшчэ гэта гітлераўская пахвальба: не сёння дык заўтра іх войскі будуць у Маскве.
Яна сабрала падпольшчыкаў.
— Гітлераўцы пахваляюцца, што да наступлення халадоў іх войскі захопяць Маскву. Хлусня і паклёп! А нашы людзі не ведаюць, што робіцца на фронце.
— Праўду кажаш, Сямёнава,— падтрымаў Аляксандр Шаўцоў.— Не ведаюць.
— Праўду павінны людзі ведаць,— горача падказаў Міхаіл Шаўцоў.
— Адкуль узяць тую праўду, калі і сам нічога не ведаеш,— скрушліва даводзіў Ахрамовіч. — Трэба сабраць з якіх-небудзь запчастак радыёпрыемнік,— сказала Феня.— Слухаць і запісваць зводкі.
— I распаўсюджваць,— узрадавана загаварылі разам.
— Мой «Калгаснік» можна выкарыстаць,— сказаў Іван Насановіч.
— Вельмі вялікая рызыка. У вёсцы і старыя і малыя ведаюць, што цябе перад вайной узнагародзілі за ўдарную працу радыёпрыёмнікам, а ты яго не здаў. А за невыкананне загаду нямецкага каменданта — расстрэл,— з насцярожлівасцю сказала Феня.
— Калі што, скажу: адвёз у Мінск рамантаваць. А тут вайна. Хто шукаць будзе? Дасюль не патурбавалі. Відаць, нічога не ведаюць.
— Не патурбавалі, бо пакуль ціха сядзелі,— сказала Феня.
— Ат, ста смярцям не бываць, адной не мінаваць,— рашуча сказаў Адам Насановіч.— Трэба паслухаць Маскву.
Позна вечарам прывёў Іван Насановіч у паўзакінуты склеп на ўскраі вёскі. Вобмацкам адчынілі дзверы ў прыгрэбіцу — у нос ударыла цвіллю. Па хісткай лесвіцы спусціліся ў пограб. Феня пачула — нешта ў куце зварухнулася. Яна інстынктыўна ўхапілася за локаць Шаўцова:
— Пацукі!
— Камандзір, пацукоў баішся,— засмяяўся Аляксандр.
Насановіч запаліў сярнічку і прыладкаваў самаробную газовачку. Рабяты ўбачылі чорную скрынку радыёпрыёмніка.
Насановіч доўга корпаўся каля яго, нарэшце ўключыў. 3 дынаміка данёсся шум, нейкі трэск. Іван асцярожна пакручваў рэгулятар настройкі, не губляючы надзеі натрапіць на Маскву. Нарэшце твар яго асвяціла ўсмешка:
— Масква,— і з прыёмніка пачулася: «Гаворыць Масква! Ад Савецкага інфармбюро!»
Усе прыхінуліся да прыёмніка. «На працягу сёмага верасня нашы войскі працягвалі весці жорсткія баі на паўднёвым напрамку».
— Нашы вядуць жорсткія баі,— гучным шэптам паўтарыў Міхаіл Шаўцоў.
— Ціха вы,— суцішыў Насановіч.
— Выходзіць, спынілі фашыстаў...
— Спынілі,— радавалася Феня.
— Слухайце, пра Беларусь перадаюць,— зноў нагадаў Насановіч.
Дыктар гаварыў, што на тэрыторыі Беларусі, захопленай фашыстамі, разгарнулі актыўную дзейнасць партызанскія атрады Ціхана Бумажкова і Фёдара Паўлоўскага. У жніўні за выключныя подзвігі ў барацьбе з ворагам праслаўленым партызанскім камандзірам прысвоены званні Герояў Савецкага Саюза. Цяпер у рэспубліцы дзейнічаюць дзесяткі партызанскіх атрадаў.
— Запісаць трэба,— сказала Феня.— Людзі павінны ведаць праўду пра становішча на фронце.
Водгулле вялікага бою, што разгарнулася ад Чорнага да Баранцавага мораў, быццам даляцела ў закінуты, стары склеп на ўскраіне Нежына.
Насановіч выключыў прыёмнік. Феня стала каля дзвярэй, абапёршыся плячыма аб вушак, і прыязна пазірала на хлопцаў. Насановіч не спяшаючыся, па-гаспадарску прыбіраў у склепе. Нагнуўся, каб паправіць газнічку, і яна ўбачыла яго твар, задумліва-мужны, супакоены і рашучы. Як мяняюцца людзі! Яшчэ ўчора, заўчора яны проста сустракаліся, працавалі, нешта рабілі па гаспадарцы, сябравалі. Сёння яны — падполыпчыкі, члены адной арганізацыі, аб існаванні якой хутка даведаецца вораг.
— Адной зводкі недастаткова,— сказала Феня і прапанавала: — Напішам зварот да моладзі, хай ведаюць — падпольная камсамольская група дзейнічае.
Затым звярнулася да Пелагеі і Марыі:
— Вам, дзяўчаты, даручэнне. Перапісаць па дваццаць экземпляраў, а хлопцы ноччу разнясуць іх па навакольных вёсках. I яшчэ хацела сказаць,— яна на хвіліну задумалася,— мне трэба адлучыцца на некалькі дзён. За мяне застанецца Пелагея.
2
Феня з Пелагеяй асцярожна ішлі загуменнем, узіраліся ў цемень ночы, слухалі ціхі, амаль нячутны шум дажджу. У змроку зніклі, як растварыліся, адзінокія постаці хлопцаў. Стала неяк няўтульна. «Вытрымкі больш, не бянтэжыцца... Разведчыку нельга паддавацца роспачы,— незадаволена думала пра свае ваганні Феня.— Ты ж не толькі пасыльная падпольнага райкома партыі, табе даручана далучаць моладзь да актыўнай падпольнай барацьбы. Значыць, трэба ісці да моладзі, згуртоўваць яе, праводзіць камсамольскія сходы, весці прапаганду, арганізоўваць падпольныя патрыятычныя групы...»
— Ведаеш, Пелагея, мне чамусьці так цяжка адлучацца,— сказала яна ціха.
— Я дык не ўяўляю, як наша падпольная група застанецца без цябе,— не магла супакоіцца Пелагея.
— Думаю, з гэтай работай справішся ты.
— Баюся, што мяне ніхто слухаць не будзе.
— Дысцыпліна для ўсіх аднолькавая,— строга сказала Феня.— Асцярожнасць, вытрымка... Адзін няпэўны крок, адна памылка... Кожны падпольшчык сам павінен адказваць за свае ўчынкі. А ты — адказваеш за ўсіх. Цяпер у тваіх руках лёс многіх людзей, лёс усёй нашай арганізацыі.
— Ці ж спраўлюся?
— Справішся. Цябе рабяты паважаюць,— Феня раптам рэзка аглянулася і заўважыла адзінокую постаць чалавека, які трымаўся воддаль, не адставаў і не набліжаўся.— Нехта сочыць за намі,— яна выцягнула з кішэні наган і ўзвяла курок.
— Гэта свае. Не хвалюйся,— супакоіла Пелагея.
— Свае? Адкуль ты ведаеш?
— Ведаю,— сумелася Пелагея.— Гэта Іван Насановіч. Следам за мною ходзіць як цень. Абараняе...
— О, ды тут, я бачу, усё няпроста,— раптам, нібы нешта зразумеўшы, засмяялася Феня.— Ды ты не інакш закахалася, даражэнькая?
Пелагея сарамліва змоўкла, калі загаварыла, голас яе задрыжаў:
— Адкуль ты ведаеш?
— Не сляпая, бачу.
Гарачымі хвалямі ўзнікаюць розныя думкі, радасна і пакутліва ад іх наплыву, хочацца многае сказаць сяброўцы, адкрыцца, штосьці параіць. Бо хто ж ёй можа параіць — справядліва і шчыра?
— Не магу, каб доўга не бачыць, месца сабе не знаходжу.
— А ён ведае?
— I не здагадваецца,— уздыхнула Пелагея.— Ён жа мне слова баіцца сказаць.— I тут жа сумелася, спытала: — Пра Івана нічога не чуваць?
— Не чуваць,— уздыхнуўшы, прамовіла Феня.— Мо недзе ў акопах. Пад кулямі, снарадамі... Здаецца, каб ведала, дзе ён і што з ім — лягчэй было б.
Яна ведала, жыццё каханага ёй дарагое, але цяпер і гэтыя юнакі і дзяўчаты ёй не менш дарагія, як дарагая ёй тая справа, дзеля якой яна і жыцця не пашкадуе...
Ёй шмат хацелася сказаць Пелагеі: знаходзіліся справы, што засталіся нявырашанымі, і словы, што не паспелі сказаць адна адной. Але калі шчыра, то Фені здавалася, што цяпер не час для кахання.
Асенні дождж церусіў нудна, безупынку. Цемра ціха распаўзалася па наваколлі, ахутвала вёску. 3 Арэсы цягнула холадам. У вёсцы ні агеньчыка, ні гуку. Дзяўчаты спыніліся каля пуні, пастаялі, услухоўваючыся ў начную ціш.
— Ты ж яму нічога не скажы, не прагаварыся,— папрасіла Пелагея.
Феня падышла, паклала рукі сяброўцы на плечы, мякка сказала:
— Нам трэба моцнымі быць перад вялікімі выпрабаваннямі. Трэба сілы збіраць, якія ёсць, у адно. Забыць пра слабасці і пачуцці,— яна павярнулася да сяброўкі і гаварыла цяпер яшчэ больш пераканаўча: — Шмат гора наўкола, столькі гора і пакут, сэрца мала, каб ахапіць. А надалей яшчэ больш стане.
Чуваць уначы, як праляцела непадалёк позняя птушка ці мо кажан прамільгнуў. Недзе на тым канцы вёскі падаў голас певень...
— Бач, убярогся ад фрыцаў, кукарэкае,— усміхнулася Феня.
Пелагея прытулілася да яе, ціха вымавіла: «Я такая, такая шчаслівая...» Феня рашуча дадала:
— Без патрэбы каб не бегалі адно за адным, дысцыпліна ёсць дысцыпліна.
3 шырока расплюшчанымі вачыма Пелагея стаяла побач. Дастаткова працягнуць руку, дакрануцца да яе, і тады паміж імі знікне недагаворанасць і яны пачнуць і думаць і адчуваць аднолькава. «Ты цяпер без мяне зможаш,— горача зашаптала Феня.— У мяне заданне... Мне заставацца ў вёсцы нельга». I ў тым перарывістым шэпце чуваць было, што ёй не хочацца развітвацца, што яна ведала: хвіліны гэтыя, пэўна, больш ніколі не паўторацца.
— Не трэба, Феня, развітвацца. Я не люблю гэтыя словы,— сказала Пелагея.
Феня пацягнулася да сяброўкі і пацалавала яе...
Ішла Феня, расстаўшыся з сяброўкай, і думала, што каханне аднолькавае і ў суровыя выпрабаванні, і вось у такія ціхія, асеннія вечары. Жывое, усеахопнае пачуццё можа раптоўна ўспыхнуць у самых непрадбачаных абставінах. Тут загады бяссільныя, бо тое пачуццё мацней за страх, за небяспеку — яно не дае ачарсцвець душы, адмежавацца ад людзей... Вялікае, шчырае, светлае пачуццё. I гэта шчасце, калі хвалюе адно толькі слова, якое можа выказаць і стан тваёй душы, і настрой. Кахаю... Гэта нават не слова. Гэта вечнае пачуццё маладосці, якое зведвае кожны. I шчаслівы той, хто збярог у сабе нават у гэты суровы час здольнасць шчыра сказаць: «Кахаю».
3
У хату ўбегла Алена, яна назірала за вуліцай, крыкнула:
— Паліцаі! Сюды ідуць!
— Што рабіць будзем? — Пелагея разгублена паглядзела на яе.
— Без панікі, Мікалай,— загадала Феня Курчычу.— Бяры гармонік. Грай.А мы танцуем, спяваем... Вячоркі ў нас...
Чуваць з вуліцы моцны стук у дзверы.
— Адчыняй! — моцна грукалі прыкладамі.
— Ану, тальяначка, не падвядзі,— і Мікалай урэзаў польку-трасуху.
Закруціліся пары ў танцы, аж пыл падняўся слупам. У хату ўваліліся паліцаі, а наперадзе — старшы паліцай. Рыпнуў і заціх гармонік. Танцоры застылі ў напружаным чаканні. Паліцай, трымаючы ў руках за дула вінтоўку, стукнуў прыкладам аб падлогу:
— Весяляцца, бач. I стуку не чуюць. Нядобра зачыняцца. Чым мы горшыя,— і пайшоў па крузе, прыглядаючыся да дзяўчат. Убачыў Маню, узяў за плячук, зарагатаў: — Дык дзе хаваецца твой мужанёк? Ён жа цяпер над усімі камсамольцамі ў раёне галава. За яго галаву шмат марак немцы дадуць.
— Мой муж у Чырвонай Арміі,— звонка адказала Маня.
— Хлусі, ды меру ведай. Мо быў, ды вярнуўся,— хіхікнуў паліцай.— Прыціснем — скажаш.
Хлопцы стаялі злосныя, насцярожаныя, моцна сціскалі кулакі: здаецца, яшчэ хвіліна — і кінуцца ў бойку. Феня сядзела ў другой палавіне хаты, і сэрца яе шчымела ад прадчування нечага нядобрага. «Няўжо забяруць Маню? — яна падрыхтавалася да самага горшага.— Не дам Маню ў крыўду,— намацала наган пад кофтай: —Калі што — страляць буду». Але тут жа прымусіла сябе супакоіцца: «Трэба пачакаць, не хапала вось так неабдумана загубіць усю справу». Неспадзявана адчыніліся дзверы і на парозе з'явіўся сам бургамістр, усё ў той жа паўвайсковай форме ды ў новых хромавых ботах. На партупеі — кабура ад нагана. У руках — скрутак паперы.
Ён павітаўся і акінуў усіх насцярожаным позіркам, быццам шукаў каго сярод прысўтных, прайшоўся па-гаспадарску па хаце і памяркоўным голасам загаварыў:
— Навіны важныя, хлопцы. Заробкі вам прывёз.
— Якія ж гэта заробкі, пан бургамістр? — перапытаў Аляксандр Шаўцоў.
— Загады каменданта. Па пяць тысяч марак абяцаюць за кожнага партызана, жывога ці мёртвага... За камандзіраў — удвая больш...
— Высока ацанілі. Відаць, добра ім насалілі...
— Калі хто ведае, дзе хаваюцца партызаны, гаварыце, камендант усё споўніць, што абяцаў,— гаварыў бургамістр і свідраваў сваімі вочкамі прысутных.
— Абяцанкі-цацанкі, а дурню радасць,— Шаўцоў сплюнуў у чалеснік.
— Ну, ты, разгаманіўся. А то заткну горла,— паліцай адпусціў Маню і зрабіў крок да Аляксандра, замахнуўся прыкладам.
— Няхай паны паліцыянты ідуць у гэтыя заробкі. У іх, вунь, стрэльбы,— спакойна сказаў Аляксандр і адвёў рукой стрэльбу.
— Трэба ж ведаць, дзе яны хаваюцца,— зноў пачаў нудна гаварыць бургамістр.
— А адкуль ведаць, пан бургамістр? — заступілася за Шаўцова Пелагея.
— Баіцеся лясных бандытаў? — спачувальна перапытаў бургамістр.— Дык, скажу, баяцца не трэба, хлопцы. Ідзіце служыць у паліцыю...
— Нам і ў сваёй вёсцы нядрэнна,— падаў голас Заблоцкі.
— Хто служыць не пойдзе, таго ў Германію на працу пашлём. Немец, хлопцы, добры гаспадар і не любіць тых, хто не працуе.
— Кось, кось, пакуль у аглоблі,— зноў не ўтрываў, падкалоў Шаўцоў.
— Шампалоў захацеў, дык атрымаеш,— прыгразіў старшы паліцай.— Дагаворышся сёння...
— Дык падумайце добра пра тое, што я вам сказаў,— бургамістр узяўся за клямку.— Хутка збяром вас усіх. Каб позна не было.
Бургамістр, а следам за ім і паліцэйскія пайшлі з хаты. Мікалай весела зайграў марш.
Крутымі шляхамі
1
Выйшла Феня на агарод і каля плота ўбачыла нейкую цень. Феня аж войкнула ад нечаканасці. Чалавек прыўзняўся, падняў руку: «Цішэй!» Яна пазнала Гарбачова. На яе твары адбілася адначасова захапленне ад такога ўмення з'яўляцца нечакана і разгубленасць ад таго, што не змагла саўладаць з сабой...
Гарбачоў перасцярог:
— Даўно цябе чакаю. У хату ісці не рашыўся,— гаварыў ён напаўголаса, папраўляючы светлыя зблытаныя валасы.
Феня і без тлумачэнняў здагадалася, што калі прыйшоў Гарбачоў сам у вёску, значыць, чакаць ён больш не мог, прыспешвала неадкладная справа.
У хаце Яўстрат Дзянісавіч стомлена апусціўся на ўслон... Да госця адразу падышоў Гаўрыла Карнеевіч:
— Жывы, здаровы? Нешта даўно цябе, браце, не было відаць у нашым краі,— Гаўрыла Карнеевіч абняў Гарбачова як сына.
— Неяк шляхі-дарогі ўдалечыні ад Нежына праходзілі,— нават разгубіўся ад такой шчырасці Гарбачоў.
Конанавых ён ведаў даўно і давяраў Гаўрылу Карнеевічу так жа, як і яго дачцэ. А той, яшчэ моцны, высокі, з густою барадой, позірк вачэй адкрыты і смелы, у любы час гатовы выканаць адказнае заданне разведчыка.
Феня, між тым, сабрала вячэру. Гарбачоў не спяшаючыся еў, размову вёў аб справах. Не часта цяпер выпадалі хвіліны, калі вось так можна пагаварыць. А пасля яны прыселі на лаву каля напаленай печы, і напаўголаса Гаўрыла Карнеевіч расказваў пра вясковыя навіны, пра тое, якія чуткі ідуць з навакольных вёсак. Галава ў Гарбачова занята адной думкай — перахітрыць вопытнага ворага. 3 павадкамі фашысцкіх агентаў Гарбачоў добра знаёмы, а вось сувязным многае трэба тлумачыць у працэсе работы.
— Нам памыляцца недаравальна,— даводзіў Гарбачоў.— Памыліўся, скажам, сапёр, і гэта будзе каштаваць яму жыцця. Памыліўся разведчык, яго недакладныя даныя, а часам і запозненыя, могуць прывесці да гібелі многіх людзей...
— 3 гэтым я згодзен,— церабіў сівую бараду Гаў-рыла Карнеевіч.— Толькі скажы, як распазнаць усе хітрыкі ворага?
— Вось, скажам, Гаўрыла Карнеевіч, даведаліся вы, што накіраваўся з Кузьмічоў у лес вялікі атрад гітлераўцаў,— Гарбачоў усміхнуўся.— Што вы будзеце рабіць?
— Зраблю ўсё, каб папярэдзіць партызан.
— А калі позна?.. Партызаны не паспеюць падрыхтавацца як належыць? — Гарбачоў устаў, прайшоўся па хаце.— За жаданне папярэдзіць вялікае дзякуй. Але партызаны павінны загадзя ведаць пра намеры ворага. Разгадваць гэтыя намеры. Гітлераўцы нічога так сабе не робяць. Да ўсіх сваіх мерапрыемстваў яны рыхтуюцца старанна: салдат не пашлюць у лес, калі ім невядома, куды ісці. А раз паслалі, значыць, дакладна папрацавала іх разведка, іх шпіёны да гэтага наведаліся ў навакольныя вёскі і лясы, а мы іх не распазналі, не раскрылі, калі яны збіралі звесткі. Тут мы прагледзелі... Адным словам — прамаргалі.
— Заўважу падазронага чалавека — паведамлю,— узгарэўся Гаўрыла Карнеевіч.— Ды я тут у акрузе ўсіх ведаю...
— Не так проста распазнаць шпіёна. На ім не пазначана. Ды і выгляд прыме ен самы непрыкметны, бяскрыўдны. А які, трэба іншы раз падумаць.
Падышла, стала побач, уважліва прыслухоўваючыся да размовы, Феня. Гарбачоў гаварыў далей:
— Магчыма, з'явіўся ў вас непадалёку новы чалавек. Бяскрыўдны зусім, непрыкметны кравец, кажухі на зіму шые...
— Дык такі з'явіўся, далібог жа, з'явіўся,— падхапіўся Гаўрыла Карнеевіч.— На хутары Вопін цяпер жыве, боты шые. Штанко ці Штанюк яго прозвішча. Да яго вунь з усіх навакольных вёсак ідуць людзі.
— Вось так: шые, гутарыць з людзьмі,— падхапіў Гарбачоў.— 3 ім душу адвесці лёгка, за словам у кішэню не лезе, вясёлы. I скажа нейкая цётка, што сын наважыўся ў лес ісці ці прыходзяць да суседа з лесу партызаны, а той слухае ды запамінае, каб назаўтра данесці куды след...
— Усё зразумеў, таварыш Гарбачоў,— нібы адрапартаваў Гаўрыла Карнеевіч.— Цяпер я з таго шаўца вачэй не спушчу, за кожным крокам сачыць буду.
— Сачыць трэба,— пахваліў Гарбачоў.— Але так, каб тое ў вочы не кідалася...
— Урок патрэбны. Прадметны ўрок вы нам выклалі,— адобрыла Феня.
— Я ж таксама сякі-такі педагог,— усміхнуўся Гарбачоў.— Былы настаўнік — у Смалявічах працаваў у школе. Спатрэбіліся цяпер і тая навука і той вопыт.
— Толькі таварыш Гарбачоў,— хітра прамовіў Гаўрыла Карнеевіч,— да нас не за тым прыходзіў, каб лекцыю прачытаць...
— Загаварыўся зусім,— спахапіўся Гарбачоў.—-У мяне да Фені справы. Неадкладныя...
Гаўрыла Карнеевіч пачаў завіхацца па гаспадарцы, а яны паціху гаварылі між сабой.
— У працяг нашай размовы: гітлераўцы нешта задумалі. Партызанам неабходна ведаць іх намеры,— Гарбачоў уважліва паглядзеў на Феню.— Табе трэба прабрацца ў Слуцк. Адтуль цяпер для нас галоўная пагроза.
— А група? — міжволі вырвалася ў Фені, хоць яна ведала, што звычайна такіх пытанняў не задаюць: групу яна павінна пакінуць на надзейнага чалавека, а такія ў яе ёсць. Пра гэта, пэўна, ведае і Гарбачоў.
— Групу пакінь на Беразун.
Гарбачоў замаўчаў і прыязна пазіраў на Феню: яна нават заўважыла ў яго вачах пяшчоту і шкадаванне, якіх дасюль неяк не заўважала. «Няўжо ён шкадуе? Пасылае ў разведку і шкадуе?» — падумала яна пра сябе і ўсміхнулася.
Ён сумеўся, першы адвёў позірк, знаёмая лагодная ўсмешка мільганула на твары:
— У горадзе будзь асцярожнай. Не рызыкуй. Яны таксама сочаць за нашай разведкай... Не хапала ў рукі ім трапіць.
— Думаеце, не вытрымаю?..
— Вытрымаеш... Але прайсці праз тыя катаванні не кожны здолее,— Гарбачоў раптам спахапіўся.— Ды што мы гаворым... Табе трэба спачатку дабрацца да Слуцка. Я папярэдзіў сваіх людзей. Прымем меры, не хвалюйся,— бадзёра закончыў Гарбачоў.
Затым ён дастаў нейкія паперкі.
— Тут, Сямёнава, дакументы: аўсвайс, і вось яшчэ глядзі,— і ён пачаў раскладваць даведкі.— Паперкі павінны саслужыць сваю службу, асабліва калі раптам адменяць прапускі ці камендатура ўвядзе нейкія іншыя абмежаванні.
Феня паспрабавала запомніць значэнне кожнай даведкі.
— Слуцкі гарнізон самы буйны на Палессі. Ад цябе чакаем звестак пра колькасны састаў гарнізона і ўзбраенне, знаходжанне ўмацаванняў на подступах да горада, ахову... А яшчэ нам вельмі трэба ўстанавіць парваную сувязь з падпольшчыкамі, забраць са сховішча разведданыя... Як бачыш, не простая задача ў цябе, Сямёнава,— Гарбачоў выпрабавальна паглядзеў на разведчыцу.
— Паспрабую зрабіць,— проста адказала Феня.
— Зборы не адкладвай. Раніцай у дарогу,— прыспешваў Гарбачоў.— Я цябе правяду... Буду чакаць на могілках за вёскай...
2
Феня стала рыхтавацца ў дарогу. Прынесла з істопкі, куды складвалі непатрэбнае рыззё, старую ватоўку, у ёй яшчэ маці ўпраўлялася па гаспадарцы, у многіх месцах зацыраваную хустку, даматканы доўгі, амаль да пят, андарак, насунула старыя, пашытыя бацькам, боты, папярэдне на ногі накруціла анучы — падумала, што ў анучах, бадай, лепшы схоў.
Феня паглядзела ў люстэрка, не ўтрымалася ад усмешкі: «Ну і прыгажуня. Ніводзін гітлеравец не паквапіцца...» Патрымала ў руках парабелум, падарунак Казлова. Узяць з сабой, мо спатрэбіцца. 3 ім у дарозе неяк смялей і не гэтак адзінока.
Бацька нічога не пытаўся. Стаяў каля прыпечка, пыхкаў сваёй самасейкай у бараду. Спытаў толькі:
— Мо запрэгчы коніка, падкінуць?
— Не трэба, тата. Лепш, каб не бачылі чужыя вочы.
— А я ўсё ж падкіну. Хоць да Рэдкавіч,— настаяў на сваім бацька і пайшоў запрагаць каня.
Феню за вёскай, у лесе, чакалі... Выбіралі глухія лясныя пуцявіны.
Калёсы падскоквалі на выбоінах, часам па самую ступіцу правальваліся ў яміны з вадой, а на выспах патаналі ў сыпкім пяску. У драбінах на ахапцы сена сядзела Феня. Паставіўшы нагу на ляжэйку, прыладкаваўся збоку Гарбачоў. Ён не мог уседзець, саскокваў, ішоў за возам, насцярожана ўзіраўся ў пануры маўклівы лес, ахутаны густым туманам.
Цэлую ноч безупынку церусіў дождж. На світанні туман падняўся. На хваёвых лапках, на галінках бяроз дрыжалі буйныя кроплі. Дарога крыху прычарсцвела, але ў лесе было сыра і золка, і Феня ўхуталася ў ватоўку, ямчэй завязала на галаве хустку. Доўгі шлях, капеж навявалі самоту. Гаварыць было неахвота, між сабой яны зрэдку перакідваліся адным-двума словамі. У галаве мроіліся невясёлыя думкі. Феня ведала, гэта заданне вельмі рызыкоўнае, але спадзявалася на поспех, хоць і разумела, што могуць здарыцца любыя выпадковасці.
Але ці можна разведчыку без рызыкі? У яе ж была яшчэ задума — пра гэта яны гаварылі з Адамам Майстрэнкам — наведаць Рэдкавічы, сустрэцца з камсамольцамі.
Феня саскочыла з драбін — захацелася прайсціся.
Прыпыніўся і Гарбачоў, і яны паволі тупалі за возам.
— Неспакойна нешта на сэрцы,— прызналася Феня.— Як усё адно бяду нейкую адчувае.
— Усё будзе добра,— супакоіў Гарбачоў.— Во зараз каля Азярнога адпусцім Гаўрылу Карнеевіча і разыдземся кожны сваёй дарогай.
Феня развіталася з бацькам. I ён павярнуў каня, паехаў назад. Яны ўдваіх моўчкі ішлі па лясной дарозе...
Феня першая парушыла маўчанне:
— Яўстрат Дзянісавіч, раскажыце што-небудзь цікавае пра сябе...
Гарбачоў асабліва пра сябе расказваць не любіў. Зусім мала ведае Феня пра яго жыццё. Што яно поўнае небяспекі, штодзённых цяжкасцей. Ды каму цяпер лёгка?
Яўстрат правёў рукой па вачах, нібы зганяючы стому, і адразу нейкім прасветленым позіркам глянуў на сваю спадарожніцу:
— Мы з табой, Сямёнава, у хованкі з небяспекай гуляем. Па лязу брытвы ходзім,— памаўчаў з якую хвіліну і паўтарыў: — Са смерцю ў хованкі не дужа цікава гуляць. Мы — звычайныя людзі... I жыць хо-чацца. Перамогу нашу сустрэць, сына свайго ўбачыць,— ён раптам павярнуўся да Фені і з нейкай цеплынёй у голасе загаварыў: — Сын у мяне нарадзіўся, а я яго не бачыў. Правёў Ганну да Краснаполля... Яна нарадзіць збіралася, пакінуў у знаёмых, а сам назад... Бегла яна за мной, плакала, крычала... Іншы раз ноччу прахопліваюся ад таго крыку, а ён усё адно ў душу рвецца... I вось не так даўно мне давялося наведаць тыя мясціны, дзе пакінуў я жонку. Сказалі, нарадзіўся ў мяне сын. Мы ж так сына чакалі і імя яму выбралі — Алег.
— Вельмі прыгожае імя,— адобрыла Феня.
— Мужнае, гераічнае імя,— пагадзіўся Гарбачоў.— Але сына я так і не бачыў. Сказалі, пайшла з малым Ганна ў калоне бежанцаў на ўсход. Дзе яны цяпер, ці жывыя?..
— Пабачыце, Яўстрат Дзянісавіч. Абавязкова сына пабачыце,— супакоіла Феня.— Гады вашы маладыя. Усё жыццё наперадзе.
— Хто ведае, колькі ў нас наперадзе таго жыцця? — сумеўся Гарбачоў. I раптам строга паглядзеў на Феню.— Толькі дорага я аддам сваё жыццё. Вельмі дорага...— і паправіў аўтамат на плячы.
Феня пакратала парабелум у кішэні, нібы таксама прадэманстравала сваю незалежнасць і самастойнасць:
— I мяне не проста пакрыўдзіць, Яўстрат Дзянісавіч.
— Гэта добра, калі чалавек адчувае гонар за сваю чалавечую годнасць. Але дрэнна, што даводзіцца нам даказваць гэта з дапамогай зброі.
— Не бярэш у рукі гэту зброю, дык і спакойна на душы. А возьмеш, дык адразу хвалюешся, як у баі,— паскардзілася Феня.
— Выкінь з галавы лішняе: мы сваю зямлю ад ворагаў баронім.
— Гэта я разумею... Гарбачоў спахмурнеў:
— Цяпер толькі адна надзея на зброю. Таму і выходжу я на заданне, гатовы прыняць бой. Партызан павінен быць непрыступнай крэпасцю для ворага, не дрогнуць, не прайграць свой бой. I я не лянуюся насіць з сабой і аўтамат, і гранаты, і патроны,— жорстка нагадаў.— Шмат табе яшчэ трэба зразумець, Сямёнава. Не была ты ў Пагосце, не бачыла, як людзей жыўцом закопвалі, як здзекаваліся з іх за калючым дротам, давілі танкамі.
— Адплаты ім не мінуць...
— Адплату мы павінны рыхтаваць. Сёння рыхтаваць,— усё адно як кропку паставіў Гарбачоў.— Не чакаць, пакуль яны нас...
Феня паважала яго за крыштальную сумленнасць, за вытрымку і мужнасць. У глыбіні душы яна была вельмі ўдзячна, што і ў гэты суровы час ён застаўся самім сабою, захаваў у сэрцы пяшчоту да жонкі, сумуе па сыну, якога ніколі не бачыў...
3
Яны выйшлі на нейкую палянку і не падумалі пра небяспеку, што падсцерагала на адкрытым месцы. I тут пачулі тупат. Ад лесу скакалі верхавыя.
— Назад! У лес! — крыкнуў Гарбачоў.
Яны кінуліся да лесу, але не дабеглі, заляглі ў нейкіх карчах з адной думкай: мо не заўважылі, праедуць міма.
— Ад мяне ні на крок,— цвёрда загадаў Гарбачоў і пачаў рыхтавацца да бою.— Нам бы толькі да лесу, а там шукай у полі ветру.
Але іх заўважылі. Верхавыя спыніліся, штосьці раіліся, а пасля, расцягнуўшыся ланцугом, пачалі ахопліваць іх з двух бакоў.
— Правялі старога вераб'я на мякіне,— роспачна заўважыў Гарбачоў.— Любанскі гарнізон атрымаў падмацаванне. Відаць, з тых... Карнікі. Ад іх зусім няпроста адбіцца,— і паклаў пад руку запасныя дыскі да аўтамата, падрыхтаваў гранаты: — Дудкі, проста так я вам не дамся!
Наперад, зусім наблізіўшыся да іх, выехаў малады афіцэр у чорным шынялі, прыўстаў у сядле, паднёс да вачэй бінокль. Але туман яшчэ не зусім рассеяўся, і яму, відаць, гэта вельмі перашкаджала. У цішы стыла і неяк прыглушана пачуўся яго зычны голас на рускай мове:
— Гэй, партызан, здавайся. Ты акружаны! Гарбачоў заклапочана глянуў на Феню:
— Я секану па іх з аўтамата. А ты тым часам бяжы да лесу!
Яўстрат націснуў на курок.
Адчайна захроп конь, узняўся на дыбкі і асеў на заднія ногі, а потым цяжка паваліўся на бок. Афіцэр паспеў дастаць са стрэмя ногі і схаваўся за канём.
— Я прапаную — здавайся! — крычаў ён. Гарбачоў адказаў кароткай чаргой.
Першая варожая куля ўедліва ціўкнула над самай галавой. Потым стрэлы забухалі з розных бакоў.
— Не страляць! Жывым яго браць! — павярнуўся да сваіх гітлеравец.
— Ты яшчэ тут,— не на жарт раззлаваўся Гарбачоў.— Хутчэй адпаўзай да лесу, я прыкрыю.
— Адна не пайду,— заўпарцілася Феня.
— Я загадваю! — прыкрыкнуў ён.— Будзем прабівацца па аднаму.
— Толькі разам,— стаяла на сваім Феня.
— Я цябе прашу,— неяк зусім лагодна папрасіў Гарбачоў.— Удваіх мы не праб'ёмся.
Яна з нейкім жалем паглядзела на яго, быццам бачыла ў апошні раз, і паціху пачала паўзці да лесу, выбіраючы нізінкі: у іх усё яшчэ трымаўся густы туман.
Гітлераўцы кароткімі перабежкамі акружалі Гарбачова. Калі пярэднія былі ўжо каля самых кустоў, ён дачакаўся моманту, націснуў на спускавы кручок, і кароткая аўтаматная чарга скасіла самага смелага. Астатнія заляглі. Шалёная перастрэлка ўзмацнілася...
Феня паўзла да недалёкага лесу. Заставалася зусім блізка, нейкі дзесятак метраў. I тут яна ўбачыла ў тумане дзве постаці: салдаты асцярожна заходзілі ім у тыл. Яна падпусціла іх зусім блізка, выстраліла, ускочыла на ногі і пабегла да недалёкай купкі соснаў. Там на хвіліну спынілася, прыслухалася.
Перастрэлка не сціхала. Пачуліся выбухі гранат, пасля часта невялікімі чэргамі страчыў аўтамат. «Гарбачоў страляе»,— падумала яна і пабегла далей. Сэрца ў яе калацілася, і не магла яна схаваць хваляванне — як там Гарбачоў?
У тумане яна страціла напрамак, але неўзабаве выйшла з лесу і натрапіла на балацявіну, зарослую чэзлым хмызняком. Не раздумваючы кінулася праз яе, пераскокваючы з купіны на купіну... Спынілася, калі адчула пад нагамі цвёрды грудок. Наўкола, як у параным малацэ — бель, нічога не відаць. Прысела каля нейкай карабатай хвойкі, аддыхалася. Ўзрушанасць ад нечаканай сутычкі пачала спадаць, ды і страляніна сціхла. Пакрысе туман пачаў рассейвацца. Феня агледзелася і ажно ўздрыгнула: балотца і грудок былі непадалёк ад вёскі — да яе выразна далятаў брэх сабак, рыканне кароў, якіх, відаць, выганялі на пашу.
Свежы вецер хутка разагнаў туман. Прасвятлела, нават сонейка выглянула, паднялося над ляском. Палагоднела ў паветры, стала не так золка. Феня раптам заўважыла, што яе прыстанішча зусім ненадзейнае — побач дарога, і заставацца тут, на гэтым грудку, калі вецер разгоніць апошнія латкі туману, небяспечна.
Яна не адчувала страху, але каму невядома прадчуванне небяспекі, калі сэрца моцна застукае, заб'е трывогу. Трэба гнаць з душы тое пачуццё, пакуль яно не ўкаранілася, не захапіла ў палон. Страх разведчыку — першы вораг. Нельга паказаць нават самому сабе, што чагосьці баішся, на адно хоць імгненне страціў веру ў сябе. Ідзеш на заданне — знайдзі ў сабе сілы пераадолець пачуццё няўпэўненасці і боязі, павер у сваю шчаслівую зорку. Нават у самых безвыходных сітуацыях разведчык абавязаны верыць у шчаслівы зыход, прайсці варожыя гарнізоны і пасты, мінаваць засады, тварам у твар сустрэцца з самой смерцю і перахітрыць яе... Так, лічыў сам Гарбачоў, павінен дзейнічаць разведчык.
Феня прыслухалася — добра такі чуваць, як тарахцяць на дарозе калёсы. Яна вызначыла кірунак і таропка пайшла ў напрамку возера...