Андруховіч Анатоль Антонавіч

    Дачка Арэсы. 5. Сход ва урочышчы «Сосны»

    1
    — Кажу, пайду з табою. Бач, надумаўся ўпотай, крадком. Са мною такія жарты не пройдуць,— ушчувала Феня Адама.
    Ён доўга не прызнаваўся, куды збіраўся. Феня не адступалася:
    — Не возьмеш, сама дарогу знайду.
    — Што з табою зробіш. Збірайся,— здаўся Адам. Выйшлі з Нежына раненька, да ўсходу сонца, амаль на світанні. Праясніўся краёк чыстага неба, і Феня падумала, што будзе дзень гарачы. 3 балота цягнула вільгаццю, падымаўся ўгору туман. На траве ляжала раса, і яны на лясных сцежках адразу прамоклі па пахі. Надакучліва лезлі ў вочы жоўтыя вялікія камары. Ад іх не было ратунку. I толькі калі крыху паднялося сонца, пачало прыграваць, камарыная нечысць адчапілася. Дабраліся да ляснога астраўка апоўдні. Добра такі прытаміліся. Мінулі варту. Адам назваў пароль і загадаў ёй чакаць, а сам недзе адлучыўся. Феня села ў цянёк і непрыкметна задрамала. Прахапілася ад галасоў: на палянцы збіраліся людзі. Ёй стала няёмка, што заснула. Ды і Адам добры, не падышоў, не разбудзіў. Міжволі падумала, што мінуў месяц, як ідзе вайна, і сёння ўжо 21 ліпеня. Яна прыйшла на першы ў час гітлераўскай акупацыі партыйны сход.
    Людзі ішлі з самых аддаленых мясцін Любаншчыны. Сувязныя сустракалі іх ва ўмоўленым месцы.
    — Пароль? Называй пароль!
    — Масква!
    — Асака,— чулася ў адказ.— Праходзь! Першыя радасныя прывітальныя словы. Узрушанасць ад сустрэчы з сябрамі, якіх даўно не бачылі. Сышліся разам, засмалілі цыгаркамі, загаманілі. I тая гамонка, як ні дзіўна, спачатку пайшла пра мірны, даваенны час і падзеі, якія не забываліся. Мо таму садзейнічала і гэта надзвычайнасць, урачыстасць моманту: наўкола вораг, а тут, у лесе, сабраліся на сход, як колісь на маёўку... Многія яшчэ не ведалі, што маленькі лясны востраў сярод балота стаў прыстанішчам для Мінскага падпольнага абкома партыі.
    На палянцы з'явіўся стары з сівай барадой, апрануты ў доўгую зрэбную кашулю, пажоўклую ад балотнай рудой вады. У старога за плячыма вялікая торба, з яе вытыркаюць кругі надранага лыка.
    — Гэта ж Труцікаў, старшыня калгаса з Азярнога,— пачуліся галасы.
    — Андрэй Міхайлавіч, ідзі сюды,— падняўся насустрач Сцяпан Карнееў, старшыня сельсавета з Загалля.
    — Няйнакш хочаш нас усіх у лапці абуць,— смяецца Гарбачоў.— Сапраўдны палясоўшчык-паляшук.
    Труцікаў кідае на траву торбу:
    — Канспірацыя. Сам жа вучыў. Сустрэнецца хто: у лесе лыка драў.
    — Андрэй Міхайлавіч урокі няблага засвоіў,— задаволена гаварыў Гарбачоў.
    Труцікаў агледзеўся навокал і задаволена сказаў:
    — Свята ў нас. Сапраўднае свята...
    — Дачакаемся і мы свята. Дачакаемся.
    — Пакуль тое свята,— з сумам гаворыць Труцікаў.— Гора, смерць кругом...
    — У Закальным Грынюка, старшыню калгаса, павесілі,— з горыччу паведаміў Павел Корзун са Старых Дунцаў.
    I адзін за адным загаварылі, як на споведзі:
    — У Асаўцы расстралялі дэпутатаў сельсавета.
    — Ваеннапалонных жывымі закапалі пад Пагостам. Тры дні дыхала зямля, як жывая...
    — У Лісоўні людзей сагналі ў пуню і спалілі...
    — Адрыгнуцца гадам здзекі. Ох, адрыгнуцца,— моцна сціснуў кулакі Сцяпан Карнееў.
    — Толькі, скажу вам, браткі, мы ж сюды не на хаўтуры сабраліся,— падбадзёрыў усіх Труцікаў.
    — Біць іх трэба. Знішчаць, дзе можна,— падтрымаў Аляксандр Калганаў.
    — Нельга сядзець і пазіраць на гэтыя здзекі,— насупіўся Андрэй Труцікаў.
    — Хто сядзіць, а хто і дзейнічае,— падхапіўся гарачы Пашун. I, не хаваючы сваёй радасці, пачаў расказваць, як яго хлопцы каля Камуны сустрэлі гітлераўскіх аўтаматчыкаў і далі ім чосу і нават захапілі трафеі — новенькія чорныя ражковыя аўтаматы.
    — Ходзяць па нашай зямлі гаспадарамі, як хеўра добра падпіўшых гуляк з кірмашу...
    Па тым, як у яго блішчаць вочы, як свеціцца на твары ўсмешка, відаць, што Пашун яшчэ ўзбуджаны ад перажытага і вельмі хоча, каб яго радасць стала радасцю прысутных.
    — Я і кажу хлопцам — ударым раптоўна, быць не можа, не вытрымаюць, пачнуць драпаць. Падпусцілі блізенька, ударылі...
    — Эх, Пашун, і рызыкант жа ты. Са сваімі стрэльбамі супроць аўтаматаў,— не ўтрываў, астудзіў Луфераў.— Ну, пашанцавала, разбегліся. А каб залеглі, прынялі баявы парадак. Што тады?
    — Што, што? — не здаваўся Пашун. I хітра падміргнуў слухачам, якія, бачыў, былі на яго баку, адабралі яго дзёрзкасць.— На тое мы і партызаны. На тое і асвойваем навуку біць малой колькасцю пераўзыходзячыя сілы праціўніка,— ён дастаў трафейны парабелум, пакруціў у руках і працягнуў Луфераву.— Вазьмі, Андрэй Сцяпанавіч, хто ведае, мо недзе на нейкай сцежцы спатрэбіцца. Прыгадаеш тады рызыканта Пашуна.
    — А за падарунак дзякуй,— узрадавана паціснуў руку Луфераў.— I не крыўдуй, прымі мае віншаванні з баявым хрышчэннем.
    Гарбачоў сядзеў непадалёку і ў душы спачуваў Луфераву: нялёгка з гэтым Пашуном. Гарачы, дня не пражыве спакойна. Яму калі дзейнічаць, дык каб як акцябрскія партызаны Ціхан Бумажкоў і Фёдар Паўлоўскі. Тыя не то што на аўтаматчыкаў, на танкі не збаяліся пайсці. А сустрэўшы ў адкрытым баі гітлераўцаў, кінуліся ўрукапашную на пяхотнае падраздзяленне. I зноў іх саюзнікам былі нечаканасць і рашучасць. Нездарма слава пра баявыя дзеянні бумажкоўцаў далёка разышлася па Беларусі.
    — А ёсць, таскаць, апошнія ізвесція,— уключаецца ў размову Андрэй Труцікаў, пагладжваючы сваю акладзістую бараду,— бумажкоўцы напалі на лагер гітлераўцаў. Фрыцы распрануліся і ў чым маці нарадзіла купаліся ў рэчцы, сподняе мылі. От ім тут лазню і наладзілі партызаны,— Труцікаў засмяяўся.— Тры дні потым вылоўлівалі ў лесе голых ваяк.
    — От даюць перцу бумажкоўцы,— паціраў рукі Луфераў.— Трэба і нам пераймаць іх вопыт.
    — А мы і не сядзім так,— пакрыўдзіўся Гарбачоў.— У гэту ноч атрад Ермаковіча па дарозе на Бабруйск разграміў варожы абоз. Сем гітлераўцаў забіта, захоплены зброя, боепрыпасы, запас харчоў. Страт з нашага боку няма.
    А Пашун зноў за сваё:
    — Наша перамога чым не падарунак нашаму сённяшняму сходу.
    Феня слухала гэтых мужных людзей, іх споведзі і думала, што сёння яны, як у недалёкі мірны час, прыйшлі на свой партыйны сход з канкрэтнымі рапартамі. Адсюль весткі аб баявых дзеяннях любанскіх партызан разнясуцца па самых аддаленых куточках раёна, разыдуцца далёка за яго межы. «А я, што я зрабіла? Усё нечага чакаю»,— з горыччу падумала яна.
    Феню заўважыў Андрэй Міхайлавіч, прыветліва запрасіў:
    — Падыходзь бліжэй, дачка, не саромейся. Тут усе свае.
    Андрэя Міхайлавіча Феня ведае даўно. Колькі разоў па дарозе ў Любань спынялася ў яго хаце. I сам дзядзька Андрэй і яго жонка Анюта ветліва сустракалі нежынскую настаўніцу. Размоў заўсёды — за поўнач. Труцікаў з яе бацькам яшчэ ў першую імперыялістычную мерзлі ў акопах, хадзілі ў брусілаўскі прарыў, а потым у грамадзянскую ваявалі з белагвардзейцамі. I цяпер, калі Феня падышла, Труцікаў закідаў пытаннямі:
    — То як там архангел Гаўрыла ваюе з анціхрыстам?
    — Крыўдна, дзядзька Андрэй, фрыцы паводзяць сябе вельмі нахабна. Людзей забіваюць, рабуюць...
    Труцікаў насупіў сівыя, калматыя бровы:
    — Мухі восенню балюча кусаюць — пагібель сваю чуюць.— Ён паглядзеў прыязна на Феню.— А ты чаго такая ўсхваляваная?
    — Боязна мне, дзядзька Андрэй,— прызналася Феня.— Гляджу, сабраліся тут члены партыі, а я ж — беспартыйная.
    Андрэй Міхайлавіч лагодна ўсміхнуўся:
    — А я так скажу, не ў білеце справа, дачка. Галоўнае, што ў цябе ў сэрцы. Зямлю сваю, Феня, патрэбна сэрцам бараніць... Ворагаў люта ненавідзець... А ты — білет. Сюды прыйшлі камуністы з адным жаданнем біць жорсткага ворага. Тут, дачка, усе роўныя перад партыяй і перад сваім сумленнем.
    — Добра сказана, дзядзька Андрэй,— падтрымаў размову Павел Корзун з калгаса «Чырвоная ветка».— Сумленне кіруе гераічнымі ўчынкамі людзей.
    — Прысутнічаць на сходзе табе трэба,— зноў адобрыў намер Труцікаў,— а пасля сходу я цябе з таварышам Казловым пазнаёмлю.
    — Я гэтак многа пра яго чула,— сумелася Феня. Людзей падыходзіла ўсё больш і больш. На палянцы зрабілася ажыўлена. Але камуністы не давалі волі пачуццям, стрымліваліся, гаварылі напаўголаса, а калі зрэдку вырываўся чый задзірысты голас, тут жа чалавек, схамянуўшыся, сарамліва змаўкаў. Той, хто назіраў за гэтымі людзьмі, не мог не адзначыць, што тут вяліся размовы таямнічыя і надзвычай важныя.

    2
    Гадзіны ў тры апоўдні Луфераў акінуў уважлівым позіркам усіх, хто сабраўся на палянцы:
    — Будзем пачынаць.
    Ён, як выконваючы абавязкі сакратара Любанскага райкома партыі, адкрываў і вёў сход. Андрэй Сцяпанавіч стаў за імправізаваным сталом, вялікім пнём пасярод паляны, падняў руку, запрасіў размяшчацца бліжэй. Людзі селі прама на траву. Усталявалася цішыня. Луфераў кашлянуў у кулак, пераступіў з нагі на нагу і глухаватым голасам загаварыў:
    — Сабраліся, таварышы, мы на партыйны сход у суровых ваенных умовах, поўныя рашучасці весці барацьбу з гітлераўскімі акупантамі да апошняга дыхання. I хай сёння нас тут сабралася ўсяго некалькі дзесяткаў камуністаў, але кожны з нас ведае: гэта пачатак, гэта толькі жменька партызан і падпольшчыкаў аднаго нашага раёна. А колькі такіх раёнаў на Міншчыне, у рэспубліцы. Камуністычнае падполле жыве і разгортвае сваю дзейнасць. Сёння на нашым сходзе прысутнічаюць члены падпольнага абкома партыі. Камуністычная партыя жыве і змагаецца. Нягледзячы на зверствы ворага, яна дзейнічае і загартоўваецца ў барацьбе. Упэўнены, заўтра пад нашы сцягі стануць сотні, тысячы адданых змагароў!
    Луфераў замоўк і звярнуўся да прысутных:
    — А цяпер, таварышы, прашу прад'явіць партыйныя білеты!
    Ажыўленне прайшло па палянцы: людзі заварушыліся, пачалі распранацца, распорваць падкладкі, выварочваць шапкі, каб дастаць партбілет, і тут жа чырвоныя кніжкі высока ўзнімаліся над галовамі, і промні сонца ярка загарэліся ў іх — на паляне нібы гарачы агонь раскідаў чырвоныя іскры.
    Андрэй Сцяпанавіч стаяў за сталом, не спускаў уважлівага і ўрачыстага погляду з узнятых партыйных білетаў. I раптам твар яго стаў строгім. Луфераў звярнуўся да Фені, якая сядзела непадалёку ад стала і таксама трымала ў руцэ білет:
    — Таварыш Конанава, а ты калі паспела стаць членам партыі?
    — Гэта ў мяне камсамольскі білет,— звонка і ўсхвалявана адказала дзяўчына.— Я прашу дазволіць мне прысутнічаць на партыйным сходзе.
    Луфераў звярнуўся да сходу:
    — Як, таварышы, дазволім?
    — Дазволім, дазволім,— пачуліся галасы.
    — Добра, Конанава, заставайся,— і тут жа звярнуўся да ўсіх: — Прашу, таварышы, схавайце вашы партыйныя білеты. А наконт членскіх узносаў будзе асобнае ўказанне райкома. А цяпер выберам прэзідыум нашага сходу. Якія будуць прапановы?
    Камуністы выбралі прэзідыум. У дакладзе і выступленнях належала абмеркаваць важныя пытанні партыйнай работы ў святле выступлення I.В.Сталіна 3 ліпеня 1941 года.
    Да стала прэзідыума прайшоў каржакаваты чалавек сярэдняга росту, апрануты ў вайсковае. Ён ішоў не спяшаючыся, як хадзіў у недалёкі мірны час. «Казлоў. Сакратар абкома»,— пачуліся радасныя воклічы.
    Твары ў людзей пасвятлелі, быццам нічога трывожнага і не адбылося ў свеце. Прысутнасць тут, на лясным востраве, кіраўнікоў абкома партыі надало людзям упэўненасці, узняло настрой.
    Сакратар абкома стаяў і ўважліва ўзіраўся ў твары людзей, пазнаваў старых знаёмых, і ў вачах яго свяцілася добрая і спагадлівая ўсмешка.
    — Дзень добры, сябры мае, таварышы па зброі. Вось мы прымаемся за цяжкую і небяспечную работу. Трэба ачысціць зямлю нашу ад гітлераўскіх захопнікаў. Праграма нашых дзеянняў акрэслена ў прамове таварыша Сталіна. Насельніцтва павінна ведаць і бачыць, што барацьба ў тыле не спыняецца ні на хвіліну і што тую барацьбу ўзначальваем мы, камуністы. Гэта надасць людзям мужнасці, да нас прыйдуць сотні, тысячы новых барацьбітоў. I тады вораг адчуе сілу і моц нашых удараў. Не будзе яму спакою на нашай шматпакутнай зямлі ні днём ні ноччу. Пра гэта і ў прамове таварыша Сталіна гаворыцца: усе сілы на разгром ворага! Сёння мы павінны разам вырашыць, як сабраць сілы ў адзін кулак. Яшчэ ў ліпені ЦК КПБ(б) выдаў дырэктыву партыйным, савецкім і камсамольскім арганізацыям рэспублікі аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага. Ва ўсіх раёнах, гарадах і сёлах ствараюцца партыйныя падпольныя ячэйкі, задача якіх — мабілізаваць народ на барацьбу з захопнікамі. Для гэтай мэты мы засталіся на тэрыторыі, часова захопленай ворагам.
    I гэты сход, таварышы, будзем лічыць пачаткам нашай работы па стварэнню шырокага партыйна-камсамольскага падполля ў тыле ворага.
    Вядома, у нас няма ні вопыту, ні практыкі такой работы, многія толькі ў кнігах чыталі пра дзейнасць партыйнага падполля ў гады грамадзянскай вайны... Трэба ўсяляць у людзей упэўненасць, вучыць канспірацыі, каб менш здаралася правалаў і арыштаў, неабходна зарыентаваць партыйныя групы на разгортванне актыўных дзеянняў ва ўмовах акупацыі, на шырокую партызанскую барацьбу...
    Феня сядзела з самага краю імправізаванай залы, побач пачыналіся зараснікі арэшніку, і яна чула, як у лесе кукавала зязюля, спявалі птушкі. А на палянцы вырашалася пытанне: як жыць, змагацца? Ёй вельмі хацелася ўстаць, каб убачыць усіх адразу гэтых людзей, зразумець сілу іх духу, іх рашучасць ісці ў бой па першаму закліку. Камуністы сядзелі, адчуваючы плячыма адзін аднаго, стаялі на ўскраі паляны са зброяй у руках, гатовыя ў выпадку небяспекі прыняць бой, і ў кожнага з прысутных на твары адбіліся перажыванні, адкрытыя, стрыманыя, строгія, без прыкмет разгубленасці. Але адчувалася схованая ў іх сіла і мужнасць... I гэта нараджала ў душы пачуццё гонару, радасці, упэўненасці.
    Васіль Іванавіч шчыра, вельмі проста і даходліва гаварыў:
    — Дзейнічаць ва ўмовах падполля вельмі складана і цяжка. Я хачу, каб вы зразумелі галоўнае: мы — камуністы і людзі будуць глядзець на нас, ісці да нас са сваімі крыўдамі і горам. I мы павінны ўзяць на сябе адказнасць за іх жыццё і лёс, паказваць прыклад змагання ў падполлі, у партызанскіх атрадах,— ён змоўк, выцер насовачкай успацелы лоб, і мо толькі цяпер прысутныя ўбачылі, як ён стаміўся за гэтыя дні і як цяжка яму гаварыць.— Дзейнічаць прыйдзецца і пад чужым прозвішчам, і па чужому пашпарту. Блізкіх, родных лепей за ўсё адаслаць у мясціны, дзе ніхто іх не ведае. Ці мала што можа здарыцца, і мы павінны прадугледзець выпадковасці і па магчымасці абясшкодзіць сябе ад розных здарэнняў. Памятайце, кожны крок павінен быць усебакова і глыбока прадуманы, вывераны. Вялікую справу мы сёння зрабілі,— нібы падвеў вьінік сказанаму Васіль Іванавіч.— Завяршылі першы этап нашай дзейнасці — падрыхтавалі ўмовы для разгортвання шырокага партыйнага падполля. Трэба, каб людзі не толькі ведалі пра партызан, спачувалі ім, але і актыўна дапамагалі, папаўнялі іх рады. Адно шкада, у нас мала зброі,— сакратар абкома рашуча ўзмахнуў рукой.—Здабудзем. У гітлераўцаў адбяром.
    Цяпер кожнаму трэба асвойвацца са сваёй новай і складанай роллю, высвятляць абстаноўку на месцы і дзеннічаць дзейнічаць, падбіраць правераных, сумленных людзей, здольных змагацца з ворагам.
    Васіль Іванавіч паглядзеў на людзей, што цесным колам акружылі яго:
    Тут узнікала пытанне, што рабіць са збожжам? Дык скажу, мы не маем права, каб гэта дабро дасталася ворагу, лічу — гэта прамое пасобніцтва гітлераўскім уладам, і не перапыняйце мяне,— сказаў строга, калі нехта паспрабаваў запярэчыць.— Ведаю, што у многіх гаспадарках жывёлу не паспелі адправіць у тыл. Аляксандр Ігнатавіч,— звярнуўся ён раптам да дырэктара саўгаса «Жалы» Калганава.— Вы як з жывёлай вьрашылі?
    — Вельмі проста, Васіль Іванавіч,— падхапіўся рухавы Калганаў.— Загналі ў лес, на астраўкі, сярод балот ворагу туды не дабрацца. I збожжа схавалі ў надзейным месцы. Машыны разабралі і закапалі.
    Вось, таварышы, выйсце. Можа, і не зусім правільнае, але ў нашай сітуацыі неабходнае. Хаваць ад ворага. I ўраджай гэтага года ўбраць з поля, падзяліць паміж калгаснікамі. Ім жыць трэба, ды і пра нас, партызан, падумаць: ідзе зіма і нам карміцца патрэбна. Толькі, каб ворагу ні грама не дасталася.
    Не даспадобы сялянам новы нямецкі парадак,— выказаўся Труцікаў.— Людзі з надзеяй глядзяць на партызан. Толькі яны і могуць абараніць...
    — Вось, вось,— падхапіў сакратар абкома,— сяляне бачаць у партызанах абаронцаў іх інтарэсаў і спадзяюцца на нас. I мы павінны на справе даказаць, што здольны абараніць і іх жыццё, і іхнія жыццёвыя інтарэсы.
    —Моладзь ірвецца ў лес, у партызаны,— выказаўся Адам Майстрэнка.— Як у гэтым выпадку паступаць падпольшчыкам?
    — Я хачу, каб вы ўяўлялі сабе работу, якую неабходна будзе выконваць,— спакойна працягваў Васіль Іванавіч.— Перш за ўсё нам неабходна падрыхтаваць глебу для шырокай народнай барацьбы...
    На сходзе вылучылі адказных за арганізацыю на месцах падпольных партыйных і камсамольскіх груп. Найболып актыўныя і аўтарытэтныя камуністы ўвайшлі ў склад кіруючага раённага ядра. Адаму Майстрэнку і Фені Конанавай даручылі арганізацыю ў раёне камсамольскіх падпольных груп...
    Феня стаяла разам з усімі і напаўголаса спявала «Інтэрнацыянал». Яна ўслухоўвалася ў шматгалосы стрыманы хор, ганарылася даверам, які аказалі ёй камуністы, і ёй хацелася як мага лепей справіцца з тым адказным заданнем. Яе ахоплівала вялікае пачуццё радасці.
    Учора, здаецца, усе яны толькі здагадваліся аб існаванні народнага супраціўлення. Сёння яны ведаюць — яно існуе, яно крочыць адсюль, з глухога ляснога астраўка, разам з пасланцамі партыйнага сходу ў самыя аддаленыя куточкі вобласці. Будуць наперадзе сутычкі з ворагам, жорсткія баі, трывожныя ночы і дні без спачыну, калі не адзін раз давядзецца заглянуць смерці ў вочы, але яны не пашкадуюць аб тым, што выбралі гэты шлях, шлях змагання. Барацьба загартуе іх, навучыць быць дужымі, мужнымі, рашучымі...
    Сонца стаіць высока, ілье на зямлю гарачыя промні. Над галавой — чыстае, высокае неба, і здаецца, напоўнена яно птушынымі спевамі і гэтай зладжанай песняй мужных людзей. I песня ў іх як клятва, як заклік да змагання...
    Феня заўважыла, як падышоў, побач стаў Труцікаў:
    — 3 табой хоча пагутарыць сакратар падпольнага абкома...
    Васіль Іванавіч моцна паціснуў руку, і ў голасе яго чуліся шчырыя бацькоўскія ноткі:
    — Дык вось якая наша Феня. Чуў. Шмат добрага чуў.
    — Якая такая? — яна смела паглядзела ў вочы.
    — Баявая,— усміхнуўся сакратар абкома.
    Ён на нейкую хвіліну задумаўся, строга паглядзеў на яе. Густыя бровы насупіліся:
    — Трэба моладзь хутчэй уключыць у актыўную барацьбу з ворагам,— сказаў ён, відаць, падсумоўваючы нейкія свае думкі.
    Яна слухала Васіля Іванавіча і спачатку здзіўлялася — столькі ў яго словах было значнасці. Гаварыў ён шчыра, цёпла, з веданнем справы. Яны стаялі на ўскрайку палянкі пад высокім разгалістым дубам і чулі ціхую гамонку падполыпчыкаў, якія рыхтаваліся ў зваротны шлях, а заўтра, і гэта добра ведала Феня, члены падпольнага абкома — Р.Н.Мачульскі, А.Г.Бондар, I.Д.Варвашэня, I.А.Бельскі — таксама пойдуць у самыя аддаленыя раёны вобласці ўстанаўліваць сувязь з падпольнымі групамі і асобнымі камуністамі, аб'ядноўваць людзей, узнімаць на рашучую партызанскую барацьбу.
    Васіль Іванавіч наблізіўся да Фені, паглядзеў у вочы:
    — Скажы, Конанава, якія думкі вынесла з сённяшняга сходу?
    — Душа рвецца ў лес. Каб са зброяй у руках біць праклятых фашыстаў.
    Казлоў насупіў бровы, глыбокая складка пралягла на пераноссі, а жывыя вочы прынялі суровы выраз:
    — Забраць у лес усіх жадаючых мы не можам. Лес не схованка.
    — Прашуся ў лес не хавацца — з ворагам змагацца. Душа рвецца да сапраўднай справы.
    — Запомні, Конанава, сваю справу мы робім не дзеля выратавання сваёй душы. Мы служым народу.
    — Мне б у самы агонь барацьбы.
    — I ў логаве ворага — не меншы агонь. Скажы — згодна ісці?
    — Згодна!
    — Нам патрэбны надзейныя людзі, да якіх мы маглі б звяртацца ў любы момант і атрымліваць неабходную дапамогу.
    — Васіль Іванавіч, ды я...
    — Добра. Слухай далей. Гераізму паказнога не трэба.
    Феня аж пачырванела, разгублена паглядзела на сакратара абкома.
    — А вы... Вы ўсё ведаеце. Я сапраўды не ўтрывала...
    — Нам шмат трэба бачыць і ведаць. Мы ж партызаны. Але і ты ведай: вораг не дрэмле, за падазронымі сочыць, так што трымай вуха востра,— Васіль Іванавіч панізіў голас.— Твая задача ведаць кожны крок гітлераўцаў, распазнаваць яўных і тайных памагатых ворага. Адна ўсюды не паспееш. Падбірай надзейных людзей, паднімай хлопцаў, дзяўчат. Няхай вядуць разведку і агітацыю. Трэба, каб нашы людзі ведалі пра становішча на фронце і пра тое, як мы змагаемся ў глыбокім тыле.
    Ёй чамусьці прыгадаўся Слуцк, педвучылішча... Яе педагогам вельмі хацелася, каб іх выхаванцы вытрымалі экзамен на грамадзянскую сталасць. Яна той экзамен вытрымала ў школе. Цяпер трэба вытрымаць яго ў жыцці. Пра многае падумала сёння і зразумела: не экзамен то быў, а толькі подступы да яго, да найцяжэйшых выпрабаванняў. Толькі ў партызанскай барацьбе, у падполлі належыць здаць самы галоўны экзамен ёй, настаўніцы Фені Конанавай,— і Васілю Іванавічу, і Андрэю Труцікаву, і ўсім-усім, з кім давялося сустрэцца, з кім давядзецца яшчэ сустракацца і біць ворага... Яна і думаць не думала, што для яе той суровы экзамен працягнецца амаль 250 дзён і начэй, нясцерпна цяжкіх, доўгіх, запатрабаваўшых нечалавечых намаганняў...
    Бліжэй к вечару памацнеў вецер. Васіль Іванавіч паглядзеў на неба, на якім збіраліся хмары, сцепануў плячамі:
    — Пэўна, дождж нагоніць вецер. Давядзецца пад елкаю мокнуць, дубець,— і тут жа забыўся аб гэтай неўладкаванасці партызанскага побыту, пацікавіўся: — Здаецца, у Слуцку вучылася, горад ведаеш? — і разгортваў сваю думку: — Табе, Феня, прыйдзецца наведацца ў Слуцк. У горадзе правалілася вельмі важная яўка. Трэба звязаць парванае звяно.
    — Калі даручыце, зраблю...
    — Заданне небяспечнае. Хачу, каб ты ведала, на што ідзеш...
    —Ведаю пра небяспеку,— яна памаўчала, быццам раілася са сваёй душой.— Ўсё вытрымаю!
    — Спадзяёмся на цябе... Памятай, нам не патрэбны ахвяры — нам патрэбны змагары,— ён памаўчаў і дадаў: — Табе неабходна засвоіць прыёмы і метады канспірацыі, навучыцца быць простай вясковай дзяўчынай і паненкай-настаўніцай. Навука не з простых. Тут галоўнае вытрымка і акцёрскае майстэрства. I барані божа перайграць, як кажуць, перагнуць палку. Ва ўсім — разумная мера. Ведаю — цяжка будзе, неверагодна цяжка. Падпольная работа запатрабуе ўсіх сіл, уважлівасці і да самых нязначных, на першы погляд, дробязей. Трэба прыцярпецца і да абраз. Знойдуцца, што фашысцкай служкай назавуць. Цярпі. Знайдзі ў сабе сілы і цярпі. Адзін няправільны крок, і ўся справа, усё з такой цяжкасцю сабранае разваліцца, разаб'ецца ўшчэнт. I не толькі сама, многія тады апынуцца ў руках гітлераўцаў. I тады вельмі малыя шансы на выратаванне. Ведай жа, у падпольшчыкаў толькі адна прывілея: сустрэць смерць цвёрда, не выдаць сваіх паплечнікаў па барацьбе. Настаў час сілы збіраць, каб сталі мы адзіным, непадзельным... Мы ж іх пакуль што сілай не можам адужаць, дык будзем біць хітрасцю. Будзем біць, Конанава?
    — Паб'ём, Васіль Іванавіч.
    — Пасылаем цябе на рызыкоўную аперацыю, а ў самога сэрца шчыміць. Вазьмі вось ад мяне падарунак,— і ён дастаў з кішэні невялікі парабелум і паклаў ёй у руку.— На ўсякі выпадак. Ці мала што можа здарыцца ў дарозе...
    Гаварыў Казлоў, і слухала Феня яго з нейкім незразумелым хваляваннем. Яна гатова ісці хоць у пекла, сёння, неадкладна. I яшчэ яна добра зразумела — да гэтага трэба рыхтавацца і памятаць, як нагадваў сакратар абкома, барацьбу нельга весці аднаму — патрэбны верныя, надзейныя, адданыя людзі. I ёй належала гуртаваць моладзь, аб'ядноўваць патрыётаў...
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район