Вспомним войну

    Праз іх дзяцінства прайшла вайна

    Час няспынна ідзе наперад. І ўжо стала гісторыяй Вялікая Айчынная вайна. Нядаўна мы адсвяткавалі 65-годдзе з дня яе заканчэння. Але вайна не сцерлася з народнай памяці, бо людзі яскрава помняць тыя трывожныя дні і ночы. Тады цяжка было ўсім, але асабліва пакутавалі дзеці. Яны - апошнія сведкі той бязлітаснай вайны.
    У пачатку Вялікай Айчыннай ім было мала гадоў. Але сёння яны ўсё часцей і часцей успамінаюць тое, што калісьці было перажыта, адчута, убачана ў страшным дзяцінстве.
    Вось што ўспамінае ўраджэнец з вёскі Рэдкавічы Мікалай Іванавіч СЕМЯНЕНЯ, 1932 года нараджэння:
    -Як пачалася Вялікая Айчынная вайна, мне было няпоўных дзевяць гадоў, паспяхова закончыў першы клас.
    - Дзень 22 чэрвеня 1941 года для жыхароў в. Рэдкавічы пачаўся весела. Справа ў тым, што ў вёску прыехалі артысты з Мінска на сваёй машыне-паўтаратонцы.
    Хоць у нас меўся прасторны драўляны клуб, канцэрт чамусьці праходзіў на лясной паляне, якая знаходзілася каля цяперашняга аўтобуснага прыпынку па шашы Любань-Гарадзяцічы. І вось пад вялікім, раскладзістым дубам сабраліся амаль усе вяскоўцы. Дзень быў сонечным і цёплым. Сцэнай служыў кузаў паўтаратонкі, барты былі адкрыты, там выступалі спевакі і гумарысты, а цыркавыя нумары праходзілі на зямлі. У канцэрце ўдзельнічала і балерына Ларыса Пампееўна Аляксандроўская.
    Раптам падбег незнаёмы чалавек і моцна крыкнуў: "Людцы, вайна пачалася!".
    Канцэрт быў спынены, артысты спешна сабраліся і паехалі ў Мінск. Вяскоўцы таксама замітусіліся і разышліся па дамах. З Любані прыехалі людзі, адказныя за мабілізацыю ваеннаабавязаных мужчын і моладзі. Мабілізацыя прайшла паспяхова, прызвалі годных да вайсковай службы, а вось да месца прызначэння адправіць удалося не ўсіх, таму што многія чыгуначныя станцыі аказаліся захопленымі фашыстамі. Таму частка вяскоўцаў вярнулася дамоў, ім даводзілася быць вельмі асцярожнымі, каб не трапіць на службу ў паліцыю ці на работу ў Германію.
    Фашысты з'явіліся прыкладна праз тры дні пасля пачатку вайны. Ехалі яны на матацыклах, веласіпедах, некаторыя ішлі пешшу. Спыніліся ў вёсцы, забягалі ў некаторыя хаты і крычалі: "Матка, дай яйка, малака!". Што было, тое і давалі, бо баяліся гэтых нелюдзяў.
    Вялікага ж супраціўлення ворагам ніхто не аказваў і пайшлі тыя ў бок Барыкова. Калі ж у Любані размясціўся нямецкі гарнізон, тады ў нашу вёску сталі часцей наведвацца вылюдкі і наводзіць свой новы парадак, бо ім патрэбны былі хлеб, мяса і іншыя прадукты харчавання.
    У нашай вялікай драўлянай школе-сямігодцы пасяліліся два чалавекі - Мікалай Мікалаевіч Розаў, а імя другога не памятаю. Днём яны кудысьці знікалі, а ноччу вярталіся назад у школу. Прасілі старшыню калгаса Марціна Семяненю, каб ён нічога калгаснага не даваў немцам. Той стараўся так і рабіць, але 7 лістапада 1941 года позна ўвечары да старшыні прыйшлі ўзброеныя людзі, забралі з хаты і павялі… Назаўтра раніцай знайшлі яго за вёскай бліжэй да Чачэнска забітым.
    Паставілі новага старшыню калгаса Фёдара Сухана, ён добра ўпраўляўся са справамі. У канцы 1941 года вылюдкі спалілі школу. Праз некаторы час расправіліся і з новым старшынёй калгаса: забралі ў Любань ды павесілі. У пачатку 1942 года немцы ў Рэдкавічах назначылі старасту, звалі яго Мірончык. Калгас да таго часу разваліўся, коней і зямлю падзялілі паміж вяскоўцамі. Мірончык быў прыезджым, пайшоў жыць да адной рэдкаўскай жанчыны, у якой было чацвёра маленькіх дзяцей. Жыў быццам бы мірна, але ж яго дзеянні партызанам не падабаліся і ў хуткім часе за ім прыйшлі, каб забраць. Напэўна, ён гэта прадчуваў, бо ўцёк у Любань.
    У 1943 годзе ў нашу вёску вельмі часта сталі наведвацца чужынцы, хоць партызаны давалі ім рашучы адпор, праўда, зброі ў іх было малавата, нават не ў кожнага мелася вінтоўка. Мы, старэйшыя хлапчукі, заўважылі, у іх толькі два аўтаматы, два ручныя кулямёты і адзін станкавы кулямёт. Немцы ў гэты час гаспадарылі ў вёсцы. Што не было схавана, паліцаі забіралі на фурманцы і везлі ў гарнізон, частку хат спальвалі. Так за лета здаралася тры разы. Лясы наўкол на той час былі вельмі вялікія, уся тэрыторыя ад вёскі Сарачы, Палічнае, Пласток, Азярное, Чачэнск пакрывалася імі, вакол абступалі неасушаныя балоты. Таму немцы баяліся туды сунуцца. Многія жыхары, хаваючыся ад вылюдкаў, пабудавалі сабе зямлянкі на астраўках сярод балот. Там жа знахо-дзілася і наша, падобная на цяперашні склеп, мелася акенца і невялічкая печка, якой можна было абагрэць зямлянку і прыгатаваць простую ежу.
    Позняй восенню 1943 года здарыўся цяжкі бой. Партызаны панеслі вялікія страты, але і нелюдзяў было знішчана таксама нямала. Пасля адступлення партызан у лес, немцы зноў занялі вёску і да вечара яна была амаль спалена. Засталося ўсяго сем хат і то толькі таму, што калі фашысты пакінулі Рэдка-вічы, партызанам удалося іх затушыць. Мне вельмі запомнілася тое, як адзін "мадзяр", запальваючы хлеў Жоржа Семянені, прыпазніўся. Яго застрэліў камандзір партызанскага атрада імя Труцікава Васіль Сцяпанавіч Статкевіч.
    Калі вяскоўцы вярнуліся з лесу, дагаралі апошнія галавешкі хат і хлявоў. У той страшны дзень загінулі яшчэ два жыхары Рэдкавіч, якія не паспелі ўцячы. Гэта Максім Семяненя, у якога былі хворыя ногі, яго застрэлілі ў сваім двары, а дзеда Лазоўскага спалілі ва ўласнай хаце. Калі я з маці, брацікам і трыма меншымі за мяне сястрычкамі вярнуўся ў вёску, то ўбачыў жудасную карціну: каля галавешак ляжаў не зусім згарэлы чалавек. Было вельмі страшна - убачыць яго.
    Пасля гэтага мы зноў пайшлі жыць у свае зямлянкі, а партызанскі атрад размясціўся ў суседняй вёсцы Чачэнск. Адтуль "лясныя воіны" хадзілі на баявыя заданні ў вёскі Арлёва, Касцюкі, Дубнікі і іншыя. Там у іх былі сувязныя, якія здабывалі для партызан зброю, медыкаменты, соль. Аднойчы ў разведку ў Арлёва пайшлі двое адважных партызан, а хтосьці падказаў немцам аб іх прыхо-дзе. Фашысты зрабілі засаду, акружылі хату, у якую яны прыйшлі. Завязалася крывавая перастрэлка, у якой Васіль Іванавіч Семяненя быў забіты, а Мікалай Аляксандравіч Зотаў падарваў сябе з некалькімі немцамі гранатай. Памятаю я гэта таму, што герояў не маглі забраць некалькі дзён, бо фашысты не давалі падступіцца да іх. Калі ж астанкі забралі, сабралася шмат людзей, хавалі іх за вёскай Чачэнск, на стары Новы год партызаны зрабілі невялікі салют.
    У сваіх халодных зямлянках мы дажылі да 19 сту-дзеня 1944 года. Тады ўвесь дзень чуліся гул і выбухі з усходу. Мы ўсе думалі, што нам на дапамогу ідзе Чырвоная Армія, але радасць аказалася дарэмнай... Зноў прыйшлі вылюдкі. Некалькі нашых зямлянак знаходзілася ў Смалянцы, непадалёку ад возера. Немцы сталі паліць іх з боку Савалуцка, уцячы ўдалося не ўсім. Калі пачаўся пажар, зямлянкі толькі тлелі, а гарэлі хляўчукі і стагі сена. Наўкол з-за дыму нічога не было бачна, таму некаторым вяскоўцам удалося ўцячы. Тых жа, хто не паспеў зрабіць гэтага, немцы па-гналі ў вёску Азярное з падводамі, у якіх быў сялянскі скарб, жывёла. Мы некалькі дзён пражылі там, пакуль паліцаі праз сваіх людзей не ўгаварылі рэдкаўцаў вярнуцца назад. Пасля вярнуліся ва ўцалелыя хаты, якія былі перапоўнены людзьмі, усе чакалі невядома чаго, вельмі хацелася есці...
    Перад абедам паказаўся абоз, які ішоў з Азярнога праз Чачэнск у Рэдкавічы. Людзей, якія засталіся ў Азярным, вылюдкі сагналі ў гумно і спалілі. Там згарэлі і дзве жанчыны з Рэдкавіч - Сцепаніда Ярмак і бабка Кругленіха. Нас пагналі за абозам. Усе думалі, што вядуць расстрэльваць, галасілі жанчыны, крычалі дзеці. Але дзякуй Богу, усё абышлося. Прыгналі нас у вёску Шыпілавічы ўжо ў прыцемках, развялі па хатах на начлег. Абоз з людскімі пажыткамі і жывёлай паехаў у Любань, гэта была здабыча для немцаў і іх прыслужнікаў. Ноччу наша сям'я ўцякла ў суседнюю вёску Арлёва. Там жылі ў бацькавай сястры, дзе і дачакаліся прыходу нашых салдат-вызваліцеляў.
    З успамінаў яшчэ аднаго ўраджэнца вёскі Рэдкавічы Уладзіміра Аляксандравіча КРУГЛЕНІ.
    - На пачатку вайны мне было няшмат гадоў. Разам з тым, памятаю, што ўсё наўкол грымела і грукатала, чуліся крыкі і плач. Я разумеў, што адбываецца нешта жудаснае. Вельмі запомнілася, як восенню 1943 года немцы палілі вёску Рэдкавічы, было такое ўражанне, што гэта вогнішча будзе гарэць бясконца. Наша сям'я разам з аднавяскоўцамі ўцякла ў лес, там жылі ў зямлянках, пакуль хтосьці не выдаў наша месцазнаходжанне. Пачалася страляніна, чуліся крыкі не на нашай мове, брэх нямецкіх аўчарак. Мне зрабілася вельмі страшна, я прытуліўся да маці, заплакаў. Бацька прыбег і сказаў, што паедзем назад у вёску. У той час у Рэдкавічах уцалела толькі некалькі хат, у тым ліку і наша, згарэў толькі хлеў. Мама зпелянала маю малодшую сястрычку, якая, дарэчы, некалькі тыдняў назад нарадзілася тут жа, у халоднай зямлянцы. У лютаўскі траскучы мароз Бог даў пачатак жыццю маленькаму чалавечку, які павінен быў выжыць, ня-гледзячы на складанае становішча. Другая трохгадовая сястрычка ўжо была сабрана і ціхенька стаяла каля парога і трымала ў руках клуначак. Бацька хутка запрог каня, мы ўсе селі ў воз. Было вельмі небяспечна, асцярожна паехалі праз кусты. Даехалі да ракі, маста не было, ён быў ужо ўзарваны. Як толькі конь ступіў на лёд, адразу паслізнуўся і ўпаў. Злезшы з воза, мы ўтраіх з усіх сіл дапамагалі жывёліне падняцца, але нічога не атрымлівалася. Прачнулася сястрычка, напэўна, замерзла або захацела есці, пачала моцна плакаць. Маці хуценька ўзяла яе на рукі, дзяўчынка адразу супакоілася. Бацька загадаў мне бегчы назад да зямлянак, каб паклікаць каго-небудзь на дапамогу. Ціхенька я стаў прабірацца да кустоў. Неўзабаве я пачуў, што мяне хтосьці кліча. Азірнуўшыся, убачыў, як насустрач бяжыць хлапчук гадоў чатырнаццаці. Над намі праляцеў чорны нямецкі самалёт. Хлапец крыкнуў, каб я лёг на зямлю. У гэты момант пачулася кулямётная чарга, мяне зачапіла куля. Калі наўкол пацішэла, нягледзячы на невыцерпны боль, я ўскочыў на ногі і мы шпарка пабеглі да ракі. Усе разам дапамаглі каню падняцца. Вывеўшы яго на дарогу, хлопец развітаўся з намі, як стары знаёмы, сказаў, што яго клічуць Жэня і ён ідзе да партызан.
    Калі ўвайшлі ў родную хату, я думаў, што ўсё страшнае ўжо закончылася, хоць дома было вельмі халодна, ціха. Маці распаліла печ, а бацька паехаў назад у партызанскі атрад.
    Мама карміла сястрычку, неўзабаве, як з-пад зямлі, вырас немец, тупаючы па падлозе сваімі вялізнымі ботамі. Не зачыніўшы дзвярэй, стаў крычаць нешта на незнаёмай мове. Затым падскочыў да маці і хацеў набіць. Закрычала сярэдняя сястрычка ды так моцна, што гэты недзіцячы плач прабудзіў і мяне, я схамянуўся. Немец крышачку адышоў у бок. Маці лагодна па-глядзела на мяне і ласкава па-прасіла: "Сыночак, зачыні, дзіцятка, дзверы, не дай Бог сястрычкі прастынуць". Я хуценька падбег і зачыніў перакошаныя дзверы. Вылюдак злосна паглядзеў на нас, вылаяўся, піхнуў нагой у аконную раму - і шкло са звонам пасыпалася на зямлю, халодны парыў ветру прайшоўся па хаце. Затым немец зноў падскочыў да маці, працягнуў да роднага мне чалавека хударлявую руку. Тут я не вытрымаў, падбег і ўпіўся зубамі ў ненавісную далонь фашыста. Ён адскочыў, закрычаў і як звар'яцелы схапіў мяне за каўнер, а затым выкінуў праз разбітае акно. Я моцна выцяўся, бо ўпаў прама на востры плот. Калі апрытомнеў ад жаху і болю, немца ўжо не было, а маці зноў збірала клункі. Трэба было ўцякаць, бо вылюдак у любы момант мог вярнуцца назад. Пайшлі мы ў суседнюю вёску Шыпілавічы. Як цяпер памятаю, што ў хаце, дзе мы пасяліліся, было вельмі цесна, бо там знаходзілася шмат людзей, спалі, прыціснуўшыся адзін да аднаго.
    У Шыпілавічах мы прабылі таксама нядоўга, бо аднойчы да нас з лесу прабраўся партызан і сказаў, што сям'і трэба хуценька ўцякаць адсюль, бо ўсіх нас, хто знаходзіцца ў гэтай хаце, немцы могуць расстраляць, паколькі наш бацька ваюе ў партызанскім атрадзе. Пачалі адразу ж збірацца ў дарогу, нас на падво-дзе падвезлі да вёскі Обчын, дзе мы і прабылі да канца той жудаснай вайны.

    ... Дзіцячыя лёсы ваенных дзяцей падобныя, бо вайна стала іх агульнай біяграфіяй. Нягледзячы на тое, што гэтыя два хлапчукі знаходзіліся ў тыле, усё роўна яны былі ваеннымі дзецьмі.
    Дзеці і вайна... Два словы, якія ні ў якім выпадку не павінны стаяць побач. Дзеці вайны, маленькія героі і сведкі жахлівых падзей - гэта яскравы прыклад мужнасці, смеласці, гераізму для сённяшняга падрастаючага пакалення.

    Успаміны запісала М. СЛІВЕЦ, бібліятэкар Рэдкавіцкай бібліятэкі.Голас Любаншчыны, 2010
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район