Вспомним войну

    Я плачу, калі ўспамінаю

    Набліжаецца вялікая дата - 65-ая гадавіна вызвалення вялікай Перамогі ад фашысцкіх захопнікаў. Напярэдадні яе ўсё часцей успамінаюцца вайна, яе суровыя выпрабаванні. I ад успамінаў гэтых на вачах наварочваюцца слёзы. Бо столькі гора давялося зведаць у Вялікую Айчынную, столькі страху і трывогі - што забыць гэтага немагчыма ніколі. У тыя гады жыла я ў вёсцы Малая Плюсна, якая была на перадавой лініі барацьбы з ворагам. Непадалёку ў в.Прусы Старадарожскага раёна размяшчаўся нямецкі гарнізон. А ў Плюсне Вялікай стаяў партызанскі атрад. У нашым жа населеным пункце кватэравала адна рота "лясных воінаў". Спалі яны ў доме, дзе абсталявалі для сябе двух'ярусныя нары, харчаваліся па 3-4 чалавекі ў хатах пастаянных жыхароў Малой Плюсны.
     
     
    Пабудову, дзе жылі партызаны, ахоўвалі іх таварышы па зброі, а па вёсцы праводзілася яшчэ вярховае патруляванне на конях. У абодвух канцах яе мелася грамадзянская ахова з ліку мясцовых жыхароў. Дзяжурылі яны кожную ноч па два чалавекі на працягу чатырох гадзін. А днём працавалі ўсе ў полі, расцілі хлеб.
    I так працягвалася два гады, пакуль не пачалася блакада.
    Тады партызаны пайшлі на востраў Зыслаў, а насельніцтва з Плюсны і Трубяціна падалося ў лес. Толькі не доўга хавалася яно там. Ухуткім часе немцы выгналі людзей адтуль, пастроілі ў калоны і пачалі сартаваць. Маладых адпраўлялі ўправа, старых і дзяцей — улева. Першых пасадзілі на павозкі і павезлі некуды для далейшай адпраўкі ў Германію. 3 дапамогай астатніх жа фашысты выяўлялі міны на палях. А на справе было гэта так. Да жэрдкі прывязвалі тры бараны. Затым жанчыны бралі тую жэрдку і цягнулі яе на адлегласць 3 кіламетраў у бок вёскі Прусы. Разварочваліся — і такім жа чынам вярталіся назад ужо з левага боку дарогі. Немцы з сабакамі ішлі далёка ззаду і толькі лаяліся ды падганялі гаротных людзей.
    Другая група вяскоўцаў гэтак жа абследавала палі ў бок Трубяціна. Усё гэта партызаны бачылі, а таму яны не ставілі мін паблізу навакольных населеных пунктаў, каб не падвяргаць вяскоўцаў небяспецы.
    У суседнім Трубяціна былі немцы. Яны параскідалі там шмат дамоў і сабе пабудавалі дзве казармы, а двор абнеслі двайною сцяною. Па кутках двара зрабілі два бункеры, якія злучаліся траншэямі. А вось капаць іх прымушалі мясцовае насельніцтва. I тах працягвалася два месяцы. Гітлераўцы планавалі, што гэтыя збудаванні засцерагуць іх, але пралічыліся. Чырвоная Армія без асаблівых намаганняў заняла Трубяціна і пагнала ворага з нашых мясцін.
    Прыход савецкіх войскаў людзі ўспрынялі з радасцю. Бо вайна ўсім нам прынесла шмат бяды. Толькі з нашай Плюсны яна назаўсёды забрала 13 чалавек. Напрыклад, з сям'і Міхаіла Барысевіча на фронце ваявалі 4 сыны і два з іх загінулі там. Сам жа гаспадар разам з малодшым сынам Іванам ахоўваў вёску і карміў партызан. Цяпер ужо Міхаіла Барысевіча няма сярод жывых, а Іван Міхайлавіч з'яўляецца інвалідам I групы.
      Хаця і няшмат, але яшчэ ёсць у нашай Плюсне людзі, якія дапамагалі партызанам і такім чынам набліжалі доўгачаканую Перамогу. Сярод іх Леакадзія Антонаўна Голуб-Забродская, Аляксандра Міхайлаўна Гірыловіч.

    Фаіна БРАГІНЕЦ, г. Любань.Голас Любаншчыны. - 2009 №101

    © 2024. П а м я т ь. Любанский район