Вспомним войну

    Прайшоў паў Еўропы

    Ужо некалькі тыдняў на граніцы Літоўскай ССР было неспакойна. А ў апошнія дні напружанне павісла ў паветры, нібы навальнічная хмара. 3 нейкім асаблівым хваляваннем і прадчуваннем бяды салдат тэрміновай службы Вярэнік заступіў на свой баявы пост. Аднак у тое, што пачнецца вайна, не верылася. Калі табе ўсяго дваццаць, цяжка ўявіць сабе, што заўтра можа і не наступіць. Каля дзвюх гадзін ночы ў неба ўзвіліся сігнальныя ракеты. На мяжы пачалося шавяленне, узняліся самалёты, а потым грымнулі ўзрывы... Аляксандр Вярэнік паспеў далажыць камандзіру: "Немцы перайшлі граніцу! Вайна. Ён быў адным з тых, каму давялося першым сутыкнуцца з ворагам. Наступіла раніца 22 чэрвеня 1941 года.
     
     
    Фашысцкія агрэсары абрушылі на СССР удар велізарнай сілы, бесперапынны артабстрэл не заціхаў ні на хвіліну. 3 першых жа мінут завязаліся цяжкія баі, аднак, нягледзячы на ўпартае супраціўленне нашых войскаў, прыйшлося адступіць. Непрыяцельскія часці працягвалі наступленне, галоўнай мэтай іх на першапачатковым этапе была Масква. Туды ж накіравалі і тое падраздзяленне, з якім сваё баявое хрышчэнне прыняў Аляксандр Каленікавіч. Пасля расфарміравання яе, радавы Вярэнік пабываў на многіх франтах. Абарона, а затым і прарыў блакады, вызваленне Ленінграда, шматкіламятровыя пераходы і амаль без адпачынку зноў пекла бою. Гарады і населеныя пункты зліваліся ў месіва з людзей, тэхнікі і крыві. За¬раз нават цяжка ўспомніць іх назвы. У сваіх армейскіх ботах, а калі і босымі нагамі Аляксандр Каленікавіч прайшоў з вызваленчымі баямі палову тэрыторыі Савецкага Саюза, Прыбалтыку, Усходнюю Еўропу. Выбіваць непрыяцеля давялася і з роднай Беларусі. Туга і радасць сціскалі сэрца, калі бачыў амаль цалкам зруйнаваныя гарады і вёскі сваёй радзімы свабоднымі ад акупантаў. Не было ніводнага населенага пункта, куды б не дакацілася вайна, усюды ляжаў яе страшны след.
    Пасля вызвалення Беларусі, накіраваліся ў Малдавію, якая ўсё яшчэ стагнала пад гнётам фашыстаў. Удзельнічаў у Яса-Кішынёускай аперацыі, паспяховае завяршэнне яе дапамагло вывесці Румынію з вайны на баку Германіі. Ужо восенню сорак чацвёртага года пачалася Будапешцкая кампанія. Ужо да пачатку снежня савецкія войскі адрэзалі будапешцкай групоўцы праціўніка шляхі адыходу на поўнач і акружылі яе. Пасля працяглых і кровапралітных баёў 188-тысячнае злучэнне ворагаў было ліквідавана, сталіца Венгрыі вызвалена..
      Вайна скончылася для Аляксандра Каленікавіча ў свабоднай Празе. За праяўленую мужнасць і гераізм падчас вызвалення яе чырвонаармеец Вярэнік быў узнагароджаны медалём "За адвагу". Тады не баяўся нічога, таму што толькі так можна было застацца жывым.

    С. Крывальцэвіч.Голас Любаншчыны. - 2009 №101
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район