Вспомним войну

    «Рэйкавая вайна»

    Упачатку чэрвеня 1944 года на савецка-германскім фронце склалася спрыяльнае становішча для маштабных наступальных дзеянняў Чырвонай Арміі. Да гэтага часу лінія фронту праходзіла на ўсход ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, Бабруйска, на захад ад Мозыра па рацэ Прыпяць да Ковеля. Агінала Беларусь з поўначы і поўдня амаль на ўсю глыбіню яе тэрыторыі і ўтварала вялікі выступ на ўсход. У пачатку чэрвеня камандаванне Мінскага партызанскага злучэння атрымала пісьмо старшыні СНК БССР, сакратара ЦК КП(б)Б П.К.Панамарэнкі аб правядзенні трэцяга этапа "рэйкавай вайны" на камунікацыях праціўніка. У ім гаварылася, што вораг актывізаваў перавозкі жывой сілы і тэхнікі па чыгунках, таму партызанам неабходна тэрмінова ўсе сілы кінуць на разбурэнне чыгуначнага палатна. Першы падрыў правесці ў ноч на 20 чэрвеня. У далейшым наносіць бесперапынныя ўдары, дзейнічаць самастойна, так як дадатковых указанняў давацца не будзе.
     
     
    16 чэрвеня камандзір партызанскай брыгады № 25 імя П.К.Панамарэнкі А.І.Далідовіч атрымаў загад штаба партызанскага злучэння аб правядзенні аперацыі ў ноч з 20 на 21 чэрвеня па разбурэнню чыгуначнага палатна на ўчастку Пасталы-саўгас "10 год БССР". Напярэдадні аперацыі разведка далажыла аб умацаваннях праціўніка. Для аховы гэтага ўчастка чыгункі нямецкае камандаванне трымала гарнізон у Соснах да 300 чалавек, у Пасталах - да 200 чалавек і ў Серадзібары - да 30 чалавек. Паміж гарнізонамі ўздоўж чыгункі мелася 9 дзотаў на адлегласці 1-1,5 км адзін ад другога. У кожным дзоце налічвалася 10-15 ахоўнікаў.
    Улічваючы разведдадзеныя, быў складзены план правядзення аперацыі. Кожны атрад атрымаў заданне па разбурэнню чыгункі на асобных участках, куды яны павінны былі выйсці 20 чэрвеня да 20.00. Пачатак аперацыі быў прызначаны на 24.00 у ноч з 20 на 21 чэрвеня. Штаб брыгады размяшчаўся ў раёне цаглянага завода (Чарга). Пасля выканання задання атрады павінны былі сабрацца на канаве ў 3 км ад в. Завыхад.
      Партызаны разумелі, што, магчыма, гэта іх апошняя буйная баявая аперацыя ў тыле ворага, так як з дня на дзень чакалася наступленне Чырвонай Арміі; што гэта іх важкі ўклад у агульную справу знішчэння ворага і вызвалення роднай зямлі. Таму да пастаўленай задачы аднесліся з вялікай адказнасцю. Кожны з байцоў імкнуўся прыняць непасрэдны ўдзел у аперацыі.
     
     
    Першымі да чыгункі падышлі групы блакіроўкі. Яны павінны былі знішчыць нямецкія патрулі, якія хадзілі ад дзота да дзота і кожныя 5-10 хвілін пускалі ракеты. Партызаны адначасова напалі на дзоты і на працягу 5 хвілін авалодалі намечаным участкам чыгункі. Затым пачалася работа груп падрыўнікоў, якія закладвалі толавыя шашкі і падпальвалі шнуры. Амаль дзве гадзіны над чыгункай стаяла бесперапынная кананада выбухаў. Пасля адыходу асноўных сіл задзеяннямі праціўніка на чыгунцы ажыццяўлялі назіранне да 23 чэрвеня групы з атрадаў Р.І.Плышэўскага і Я.М. Качанава.
      Баявая задача была выканана. Толькі партызанамі брыгады №25 імя П.К.Панамарэнкі ў гэту ноч было знішчана 987 рэяк. Адыход праціўніка на гэтым накірунку стаў немагчымым. Без страт партызаны вярнуліся да месца дыслакацыі сваіх атрадаў.

    Н.СІНЯК, дырэктар музея народнай славы.Голас Любаншчыны. 2009 № 94


    © 2024. П а м я т ь. Любанский район