Вспомним войну

    Лютавалі ворагі

    Міхаіл Аляксеевіч Жалтоў, партызан атрада імя Гарбачова, у сваім дзённіку запісаў: "1/11-17/11.44 г. Пасля некалькіх баёў з танкамі і бронемашынамі немцаў прыйшлося эвакуіравацца ў лес у зялёныя лагеры. Немцы занялі бліжэйшыя вёскі. Разам з намі жывуць іх жыхары. Немец шэраг вёсак спаліў, шмат каго з мірнага насельніцтва, якое было ў вёсках, забіў. Адчуваецца, што Чырвоная Армія падышла зусім блізка - у 45-50 км. Штодзённа чуецца кананада. Партызаны выходзяць на дарогі, абстрэльваюць асобныя групы і машыны немцаў, мініруюць дарогі".
    У ходзе карнай аперацыі супраць атрадаў партызанскай брыгады № 25 імя П. К. Панамарэнкі ў тыя лютаўскія дні часткова была спалена в.Н.Юрковічы, поўнасцю згарэла в. Фёдараўка, загінула 15 жыхароў яе, фашысты поўнасцю спалілі в. Прыклінец і забілі 4 жыхары гэтай вёскі.
    12 лютага пачалося другое наступление карнікаў супраць атрадаў партызанскіх брыгад № 64 імя В. П. Чкалава і № 100 імя С. М. Кірава. Штаб партызанскай брыгады № 64 імя В. Чкалава размяшчаўся ў в. Пярэспа, а ў в.Пласток знаходзіўся атрад імя С.Лазо, які і прыняў першы ўдар карнікаў на сябе.
    Іван Трафімавіч Салавей успамінаў, што ў ноч на 12 лютага ў Палічным з'явіліся немцы і паліцаі. Нікога не чапалі, прайшлі праз вёску і накіраваліся далей у бок Пластка. У Палічным засталося каля 10 паліцаяў, якія сталі рабаваць мірных жыхароў. Людзі добра іх напаілі, а самі, сабраўшы ўласны скарб, пакінулі вёску і схаваліся ў лесе. Весткі распаўсюджваліся хутка. Пра наступление карнікаў стала вядома і ў Пластку, і жыхары яго вырашылі пакінуць свае хаты. Але іх за вёскай чакалі карнікі. Некаторым жыхарам удалося выратавацца, а многія загінулі пад агнём ворага на балоце. Атрады партызанскай брыгады № 64 імя В.Чкалава на працягу некалькіх дзён вялі абарончыя баі, а затым вымушаны былі адступіць углыб партызанскай зоны.
    Для мірных жыхароў наступілі змрочныя дні. В.М.Сяховіч успамінаў: "У лютым 1944 г. на вёску (Трайчаны) наляцелі карнікі. Мы схаваліся ў зямлянцы ў лесе. Фашысты схапілі тады многіх вяскоўцаў, большасць з іх спалілі жывымі ў калгасным кароўніку. Згарэла там і мая маці. У нас тады жылі яўрэі - бежанцы з Глуска, Бабруйска, Старых Дарог - усіх іх было дзесяць чалавек. Каб не трапіць у рукі азвярэлых ворагаў, яны ўзарвалі сябе ў хаце гранатай. 15 лютага мы схаваліся ў лесе паміж вёскамі Трубяціна і Плюсна. Побач па дарозе ездзілі і хадзілі гітлераўцы, мы з бацькам і сястрой Кацяй ляжалі, баючыся паварушыцца. Цэлы тыдзень не адважваліся выйсці з лесу. Не маглі развесці агонь, нельга было нават заснуць, а стаялі маразы..."
    Не лепшым было становішча і ў партызан брыгады № 100 імя С.М.Кірава. Карныя атрады ўварваліся ў зону дыслакацыі брыгады (штаб размяшчаўся ў в.Асавец). Сілы былі няроўныя, і партызаны вымушаны былі адступіць.
    Да 13 лютага становішча партызанскіх атрадаў пагоршылася, а хутка перарвалася і радыёсувязь са штабам партызанскага злучэння Мінскай вобласці. Нямецка-фашысцкае камандаванне, нягледзячы на страты, вырашыла пакончыць з партызанскімі атрадамі ў сваіх армейскіх тылах і накіравала супраць іх дадатковыя воінскія падраздзяленні. БШПР прыняў рашэнне: каб адцягнуць сілы праціўніка з Любанска-Акцябрскай партызанскай зоны, неабходна распачаць актыўныя баявыя дзеянні партызанскіх фарміраванняў у іншых раёнах Беларусі. Блакіраваным партызанскім атрадам Любаншчыны і суседніх раёнаў савецкія самалёты пастаянна дастаўлялі боепрыпасы, да іх былі накіраваны 5 радыстаў з рацыямі. Франтавая авіяцыя некалькі разоў бамбіла скапленні варожых часцей у раёне Слуцка, Любані, Асіповіч і іншых месцах.
      У выніку карных аперацый у пачатку лютага 1944 г. вораг авалодаў дарогамі Любань-Пагост, Любань-Шыпілавічы-Сялец-калгас імя БВА-Калінаўка-Гарадзяцічы. Нямецка-фашысцкае камандаванне спрабавала адрамантаваць іх для забеспячэння работы сваіх тылоў. Было распачата аднаўленне і чыгункі Старушка-Пасталы - саўгас "10 год БССР". Але лясная гвардыя Любаншчыны, каб парушыць планы ворага, працягвала вайну. Толькі партызанскімі атрадамі брыгады № 25 імя П. К. Панамарэнкі за гэты час былі знішчаны тры эшалоны з жывой сілай і тэхнікай праціўніка. На дарозе Любань - калгас імя БВА - Калінаўка на мінах падарвалася 10 аўтамашын з боепрыпасамі, прадуктамі харчавання і жывой сілай. На гэтай жа дарозе, з засад, было знішчана 6 падвод, забіты 36 і паранены 22 нямецкія салдаты і афіцэры.

    Н.СІНЯК, дырэктар музея
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район