Горад у белым рамонку

     «Зручнае для жыцця цi, па-iншаму, — «любае» месца». Кажуць, што спачатку ў гэтым палескiм краi сталi будавацца людзi, якiх прываблiвала паўнаводная i багатая на рыбу рэчка Арэса. Прычым калi гэта адбылося на самай справе, невядома дагэтуль. Дакладна адно: першая пiсьмовая згадка пра Любань з’явiлася ў iнвентары Слуцкага княства за 1566 год. А прыкладна праз стагоддзе жыхары мястэчка атрымалi права на самакiраванне. 
    Дзеля справядлiвасцi варта заўважыць, што доўгi час само па сабе мястэчка было невялiкiм i налiчвала не больш за 200—250 чалавек. Царква, сiнагога, школка, два вадзяныя млыны, колькi кушнерскiх, сталярных, кавальскiх рамесных майстэрняў — вось цi не ўсе мясцовыя «асаблiвасцi» канца пазамiнулага стагоддзя. I толькi за «савецкiм» часам тут пачынае развiвацца прамысловасць, з’яўляюцца крухмальны i масларобчы заводы, адчыняецца бальнiца, будуецца мост праз раку, новыя вулiцы. Любань набывае статус райцэнтра. А перад самай вайной ператвараецца з мястэчка ў гарадскi пасёлак.
    Першыя камунары, першыя мелiяратары, першыя партызаны — гэта таксама пра iх. Мiнулая вайна стала адной з найбольш адметных старонак у гiсторыi краю. Нягледзячы на сваё далёка не цэнтральнае становiшча, Любаншчына аказваецца галоўнай зонай супрацiўлення ва ўсёй Мiнскай вобласцi. Партызанскi аэрадром, партызанская школа, падпольны друк «Звязды» i «Чырвонай змены» на востраве Зыслаў. Тут была праведзена адна з найбольш вядомых партызанскiх акцый пачатку Вялiкай Айчыннай — разгром Любанскага нямецка-палiцэйскага гарнiзона ў ноч з 6 на 7 лiстапада 1941 года.
    — Урон, якi быў нанесены раёну падчас вайны, вымяраўся мiльярдамi рублёў, — распавядае дырэктар Любанскага музея народнай славы Наталля Сiняк. — Была цалкам разбурана гаспадарка, прыйшлi ў заняпад, сталi зарастаць пустазеллем мелiярацыйныя каналы i шлюзы. Аднак самымi цяжкiмi аказалiся людскiя страты — Любаншчына недалiчылася кожнага трэцяга свайго жыхара.
    Аднаўленне давялося пачынаць практычна з нуля — раён быў выпалены амаль на 90 працэнтаў. Прычым адначасова з адраджэннем масларобчага i крухмальнага заводаў тут стваралiся цалкам новыя вытворчасцi — ільнозавод, будаўнiчыя арганiзацыi, рыбгас. Любань пачала расцi i, як вынiк, зноў змянiла статус — з гарадскога пасёлка на горад. Праўда, новы час прынёс ужо iншыя выпрабаваннi. У пачатку 1990-х гадоў тут, як i ва ўсёй Беларусi, сутыкнулiся з такой з’явай, як эканамiчны крызiс.
    — Гэта быў вельмi няпросты перыяд, асаблiва калi ўлiчыць, што Любаншчына была i застаецца пераважна сельскагаспадарчым раёнам, — зазначае намеснiк старшынi райвыканкама Iрына Медушэўская. — Аднак добрым аказалася ўжо тое, што ў першыя ж гады мы здолелi наладзiць супрацоўнiцтва з шэрагам раёнаў Расiйскай Федэрацыi. I рэгулярна пастаўляць туды бульбу, моркву, капусту. А потым пачаўся рост эканомiкi. Пры гэтым, да прыкладу, за апошнiя пяць гадоў усе прагнозныя паказчыкi развiцця «сплюсавалi» як мiнiмум у паўтара раза.
    Лепшая сiтуацыя ў эканомiцы — большыя заробкi. I да таго ж — дадатковыя ўкладаннi ў iнфраструктуру. Горад змяняе сваё аблiчча. У Любанi будуецца жыллё, асфальтуюцца вулiцы, быў добраўпарадкаваны сквер, з’явiлiся плiтка на тратуарах, вячэрняя падсветка ў алеi Славы. Плюс да таго толькi сёлета тут адчынiлiся тры новыя крамы. А таксама — сучаснае кафэ. Што да блiжэйшай будучынi, то ў планах — рэканструкцыя фiзкультурна-аздараўленчага комплексу.
    Магчыма, сёння тут не сустрэнеш вялiкiх палацавых ансамбляў цi якiх-небудзь iншых велiчных старажытных архiтэктурных збудаванняў. Любанцы збольшага былi сялянамi, працавалi на зямлi, жылi ў звычайных драўляных хатах. I ў той жа час гэта мясцовасць надзiва багатая на курганы i гарадзiшчы. А яшчэ — на помнiкi, якiя ствараюцца ўжо нашымi днямi. Так, у горадзе паўстаў новы, сучасны будынак Спаса-Праабражэнскай царквы, з’явiлiся помнiкi славутым землякам, помнiк ураджэнцам раёна, якiя загiнулi падчас вайны ў Афганiстане. Любаншчына — радзiма вядомага польска-беларускага паэта Уладзiслава Сыракомлi, а таксама беларускага этнографа i пiсьменнiка, аўтара нарысаў «Падарожжа па Палессi i беларускiм краi» Паўла Шпiлеўскага. А калi ж дадаць да гэтага мемарыяльны комплекс на востраве Зыслаў, музейны пакой Сыракомлi ў вёсцы Смольгава i унiкальны музей гiсторыi мелiярацыi ў вёсцы Камуна, атрымаецца, што край — сапраўдная знаходка для шматлiкiх падарожнiкаў.
      Аднак пры гэтым — не толькi для аматараў даўнiны. Ёсць тут i iншыя, не менш цiкавыя куточкi, i сярод iх — вададром, Блакiтныя азёры, некранутая часам i людзьмi прырода. Нездарма ў раёне, каля вёскi Малыя Гарадзяцiчы, не так даўно з’явiўся домiк паляўнiчага. А задачай на заўтра стане ўладкаванне адразу некалькiх месцаў для экалагiчнага адпачынку. Любань, 440-гадовы «горад у белым рамонку», чакае гасцей. I мае прапанаваць iм усе ўмовы.
     
    Сяргей ГРЫБ. Газета "Звязда"
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район