Образование

    Палічынская дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа

    Паспяховасць сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў значнай ступені залежыць ад творчага, інтэлектуальнага патэнцыялу нацыі.
    У вырашэнні задач па яго нарошчванні вядучая роля належыць школе, дзейнасць якой накіравана на якасныя змены ў змесце адукацыі, абнаўленні вучэбна-выхаваўчай работы, забеспячэнні пераемнасці і бесперапыннасці адукацыйнага працэсу.
    У кожнага часу – свой шлях да ведаў, але заўсёды ў спарве навучання і выхавання вялікая роля належыць настаўніку. Жыццё перад настаўнікам больш, чым перад якім іншым чалавекам, ставіць многа нестандартных праблем. Уменне вырашаць іх творча, з аптымальным эфектам вызначае прафесійны поспех, ступень задаволенасці сабой, жыццём.
    Кожны з настаўнікаў марыць працаваць у добрым педагагічным калектыве, а яго можна назваць такім толькі тады, калі калектыў можа з гатоўнасцю ўспрымаць усё новае, не губляючы, не адмаўляючы той станоўчы вопыт, які быў накоплены старэйшымі пакаленнямі настаўнікаў.
     
     
    Трэба зазначыць, што ў створанай адукацыйна-выхаваўчай прасторы Палічынскай школы, вялікую ролю адыгрываюць настаўнікі-ветэраны педагагічнай працы. Іх памятаюць, пра іх клапоцяцца, пра іх цёплае слова.
    Доўгі час у раней Калінаўскай школе працаваў настаўнікам матэматыкі і завучам школы Сярко Серафім Цітавіч, 1910 года нараджэння, які меў незакончаную вышэйшую адукацыю.
    Доўгі час працаваў у школе выкладчыкам працоўнага навучання Сушчэня Васіль Паўлавіч, 1925 года нараджэння. У свой час скончыў Слуцкае педагагічнае вучылішча. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. За мужнасць і гераізм, праяўлены ў гады Вялікай Айчыннай вайны, быў узнагароджаны Ордэнам Славы І і ІІ ступені, медалямі.
    Сулім Любоў Фёдараўна, 1929 года нараджэння, ўсё сваё жыццё працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў Калінаўскай школе. Былыя выпускнікі памятаюць яе ўрокі, часта наведваюцца да яе зараз.
     
     
    Плённы ўклад у работу школы ўнесла і Скварцова Наталля Сяргееўна, 1919 года нараджэння, настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Наталля Сяргееўна скончыла Мазырскі педагагічны інстытут і пасля яго заканчэння ўвесь час працавала ў Калінаўскай школе. 2 гады Наталля Сяргееўна працавала ў свой час дырэктарам.
    Ветэранам педагагічнай працы з’яўляецца і Высоцкі Мікалай Міканоравіч, 1919 года нараджэння. Скончыў Мазырскі педагагічны інстытут, атрымаў спецыяльнасць хіміка-біёлага. Яго ўрокі вылучаліся змястоўнасцю, мелі цесную сувязь з жыццём. Мікалай Міканоравіч – удзельнік Вялікай Айчынный вайны, мае шэраг дзяржаўных узнагарод.
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район