До 1917 года

    Смольгаў: загадкі знаёмых малюнкаў

    Тым, хто займаецца даследаваннем свайго радаводу або краязнаўствам, добра вядома: факт нараджэння ў дадзенай мясцовасці чалавека, які с цягам часу зрабіўся знакамітым, ня толькі дадае вядомасці гэтаму населеннаму пункту, але і падобны ліхтару, што ярка асвятляе нябачныя ў змроку дробныя гістарычныя дэталі, на якія, каб гэтага святла не было, ніхто не звярнуў бы ўвагі.

    Можна лічыць, што радзіме маіх продкаў - вёсцы Смольгава Любанскага раёна Мінскай вобласці - пашанцавала двойчы: па-першае, тут нарадзіўся вядомы беларуска-польскі паэт і пісьменнік сярэдзіны ХІХ стагоддзя Ўладзіслаў Сыракомля (Людвік Уладзіслаў Францішак Кандратовіч, 1823 – 1862). Па-другое, факт нараджэння паэта на смольгаўскай зямлі прыцягнуў увагу да гэтага месца не менш вядомага беларускага мастака-вандроўніка Напалеона Орды (1807 – 1883), аўтара шматлікіх замалёвак старадаўніх беларускіх архітэктурных краявідаў, які намаляваў месца нараджэння паэта.
    Напалеон Орда, які ўдзельнічаў у паўстанні 1831 г., вымушаны быў эміграваць у Эўропу і вярнуўся на радзіму толькі ў 1856 г., пасля абвяшчэння амністыі ўдзельнікам паўстання. Нягледзячы на складаныя жыццёвыя абставіны, ён штогод здзяйсняў вандроўкі, падчас якіх рабіў замалёўкі славутых мясцін роднага краю.
    Паколькі мае продкі паходзяць са Смольгава, мяне вельмі зацікавіла, што за пабудовы адлюстраваў мастак у Смольгаве, і ці могуць яны мець дачыненне да маіх продкаў?
    Вёска Смольгава існуе і цяпер. Але ў тыя часы, калі там нарадзіўся будучы паэт і пісьменнік, як і ў тады, калі Смольгава наведваў мастак Напалеон Орда, гэты населены пункт фактычна складаўся з некалькіх частак. У сярэдзіне была размешчана вёска Смольгава, у якой жылі сяляне. З абодвух яе бакоў, усходняга і заходняга, месціліся паселішча чыншавай шляхты - засценкі - Смольгаў Вялікі і Смальгавок адпаведна. І на ўскраінах – усходняй і заходняй – месціліся два фальваркі, якія зваліся таксама: фальварк Смольгаў Вялікі і фальварк Смальгавок.
    Кожны фальварк быў асобнай гаспадаркай, дзе вырошчвалася збожжа і вырабляліся розныя сельскагаспадарчыя прадукты, як для патрэбы гаспадароў, так і на продаж. Акрамя палеткаў, агародаў і сенажацяў, у склад фальварка ўваходзіў комплекс гаспадарчых і жылых пабудоў, галоўнай з якіх быў гасподскі (жылы) дом. Смольгаўскія землі з пачатку ХІV стагоддзя і цягам наступных чатырох стагоддзяў належалі зямельным магнатам князям Радзівілам, якія аддавалі свае шматлікія маёнткі ў арэнду менш заможнай шляхце, т.зв. пасесарам. Адным з такіх пасесараў і быў бацька паэта – Аляксандр Каэтан Кандратовіч, які арандаваў фальварк Смольгаў Вялікі.
    З жыццяпісу Ўладзіслава Сыракомлі вядома, што сям’я Кандратовічаў з’ехала са Смольгава, калі паэту не было шчэ й двух гадоў. У знакамітым нарысе Сыракомлі «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» [17] аўтар не прысвяціў Смольгаву аніводнага радка: Уладзіслаў жадаў быць праўдзівым перад сваім будучым чытачом – смольгаўскіх ваколіц па малалецтву ён проста не памятаў.Адсутнічаюць звесткі аб смольгаўскім перыядзе жыцця і ў шматлікіх біяграфіях паэта. Аўтар жа найбольш грунтоўнай біяграфіі ўладзіслава Сыракомлі польскі даследчык Фелікс Фарнальчык у сваёй кнізе «Hardy Lirnik Wioskowy» [22] у якасці ілюстрацыі жыцця сям’і Кандратовічаў у Смольгаве прапануе толькі артыкул з выдання «Słownik geograficzny Królestwa Polskiego …» [23] ды апісанне вядомага ўсім малюнка Орды.
    У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (НГАБ) маецца вялікая калекцыя інвентароў смольгаўскіх фальваркаў, якія датычацца перыяду ўладання імі Радзівілаў (1713-1888 гг.).
    Пашукаем жа звесткі пра жыццё сям’і Кандратовічаў у Смольгаве на старонках гэтых інвентароў, пачаўшы з вядомай нам даты ад’езда сям’і са Смольгава.
    Насамрэч, у інвентару фальварка Смольгава Вялікага за 1822 г. [5] на першай старонцы адзначана, што «фальварк знаходзіцца ў арэнднай пасесіі ў вяльможнага Александра Кандратовіча», а Ў наступным інвентары [6] складзеным ў ліпені 1825 г., стаіць прозвішча ўжо іншага пасесара.
    У ранейшых інвентарах пасесія Кандратовіча пазначана ў 1818, 1816 і ў 1810 гг. [4,3,2], а ў інвентары за 1808 г. пасесар наогул не пазначаны. Можна заўважыць, што інвентары, на якіх стаіць прозвішча Кандратовіча, напісаныя вельмі ахайна, прыгожым, каліграфічным почыркам – магчыма, гэта і ёсць почырк самога арандатара. Калі згадаць, што почырк – адна з характарыстык асобы чалавека, можна выказаць здагадку, што таксама дбайна і акуратна кіраваў Кандратовіч гаспадаркай фальварка.
    Такім чынам, мы можам адзначыць факт, пацвержаны дакументамі: Аляксандр Кандратовіч быў пасесарам смольгаўскага фальварка на працягу не менш, чым 15 гадоў: з 1810 па 1824 гг.
    Хочацца адзначыць яшчэ адзін факт, які не знайшоў адлюстравання ў публікацыях пра Сыракомлю за савецкім часам. У адрозненне ад сваіх суседзяў – шляхты засценка Смольгаў Вялікі – Кандратовічы не займалісь хлебаробствам самі. На палетках фальварка працавалі «падданыя» - сяляне найблізкай вёскі Смольгава, «узятыя ў арэнду» разам з фальваркам. У інвентарах адзначана іх колькасць:у розныя часы ад сямі да дзевяці сем’яў. Няшмат, але ж – гэта былі прыгонныя, прыпісаныя да фальварка.
    Згаданы вышэй біёграф Сыракомлі, польскі даследчык Ф.Фарнальчык у сваёй кнізе [22]выказвае меркаванне:
    «Кандратовічы былі людзьмі сціплымі і не варожымі нікому. На зямлі, якую арандавалі, карысталіся, па-праўдзе, працай халопаў (паэт назаве іх «работнікамі»), але няма нават падстаў дапушчаць, каб магла іх спаткаць з боку панства Кандратовічаў якая-кольвек крыўда» (тут і ў далейшым пераклад з польскай зроблен аўтарам артыкула – заўв.аўт.).
    Гэты выраз можна было б лічыць проста «рэверансам» Фарнальчыка ў бок паэта, калі б аўтарам даволі нечакана не было знойдзена дакументальнае пацвердженне гэтаму выказванню ў метрычных кнігах Ярэміцкай царквы Раства Багародзіцы Бабруйскага павета. У страшэнным 1812-м, калі агульная смяротнасць насельніцтва ўзрасла ў тры разы, калі ўпершыню на ўрадлівай глебе Случчыны ў метрычных запісах цэркваў з’явілісь прычыны смерці «з голаду» і «з цынготнай хваробы», калі пра памерлых ў росквіце жыцця (ва ўзросце 15-50 гадоў) святары пісалі, што смерць іх была «натуральнаю», - у вёсцы Смольгава НІВОДЗІН селянін не памёр ад вышэй названых прычын. У 1812-м заактавана толькі дзве смерці: адно немаўля памерла «з воспы», адзін дарослы – «з гарачкі».
    Вернемся ізноў да інвентароў: звернем увагу на пералік будынкаў фальварка Вялікі Смольгаў у інвентары 1816 г. [3]: 
    жылы дом, пякарня, спіжарня (сховішча прадуктаў, найчасцей мукі ды круп), два гумна (месца для сабранага збожжа і малацьбы), дзве адрыны (месца для захоўвання сена, саломы), абора (памяшканне для кароў), сырніца (асобны будынак для захоўвання і прасушкі сыроў), піўніца (склеп для захоўвання піва, квасу, малака, садавіны і гародніны), сушня (будынак для сушкі збожжа), крама. У 1818 г. да гэтага спісу будынкаў былі даданыя эканамічны дом і два свіронка (у іх захоўвалася адборнае абмалочаннае збожжа), у 1822 г. – вазоўня (сховішча калёс і павозак), хлявочак, бровар (тут гатавалі піва і гналі гарэлку), сажалка (ня толькі дзеля рыбагадоўлі ды купання, але й дзеля броварных тэхналогіяў).
    Адчуваецца, што Кандратовіч быў вельмі руплівым і дбайным гаспадаром! У апісаннях гаспадаркі сустракаюцца «пні пчол старых і млодых», вабіць вока і садочак у канцы гарода, у якім «…дрэўцы вішань, колькі яблань і грушак, знаходзяцца тамака і хмельнікі…» Нават, завітаўшы сюды ў думках, хочацца пагасцяваць тут даўжэй: усё магчымае зрабіў гаспадар, каб яго жонка і будучыя дзеткі мелі неабходнае для забяспечаннага жыцця. Нават ня хочацца згадваць пра тое, што сям’я праз якіх два гады раптам з’едзе з гэтага «зямнога рая» па невядомай прычыне.
    З дапамогай інвентара 1822 г. [5] паспрабуем убачыць, якім быў жылы дом звонку і знутры акурат перад нараджэннем будучага паэта:

    «ЖЫЛЫ ДОМ стары…»
    Колькі ж гадоў ён прастаяў? У інвентары 1810 г. акуратны и дакладны Кандратовіч занатоўвае: «Дом жылы з ганкам на 4-х слупах пабудаваны ў 87 (1787 – заўв. аўт.)годзе»

    «…даўжыня ў локцях 40, шырыня 18…»
    Хутчэй за ўсё, ў 1822 г. у якасці меры даўжыні ўжываўся так званы «варшаўскі» локаць, роўны 0,596 м. Пераробім памеры дома ў больш звыклую для нас метрычную сістэму – атрымаем каля 24 м х 11 м – больш за 260 кв.м плошчы!

    «…дранкамі крыты…» Дранкі – доўгія і тонкія сасновыя дошчачкі, якія замацоўваліся па даху гарызантальнымі радамі. У 2011 г. аўтару пашчасціла знайсці рэшткі такога даха на старым будынку ў суседняй вёсцы недалёка ад Смольгава (гл.фота).

    Тыповая унутраная кампаноўка гасподскага дома ў тыя часы была трохчасткавай. Частку даўжыні займалі скразныя сенцы, зробленыя пасярэдзіне будынка, з якіх было два выхада: з аднаго боку на ганак, з другога – у сад. Паабапал месціліся жылыя памяшканні.

    «…у ім з аднаго боку пакой вялікі 1, меншых 2, з іх у адным – перагародка…»
    Гэта апісанне «гасподскай» палавіны дома, якая займала траціну агульнага пляцу: па сучасных мерках, каля 80 кв. м на сям’ю з трох чалавек – зусім няблага.

    «…з другога боку ізба чалядна 1, камора 1, спіжарня 1, сенцаў 2»
    Гэта гаспадарчая палавіна, дзе месціліся памяшканне для слуг, сховішча для захоўвання розных рэчаў і харчовых запасаў.

    «Ва ўсёй хаце вокнаў вялікіх з шкла белага ў малыя рамы восем, вокнаў той жа велічыні з шкла дробнага пяць.
    Дзвярэй адзінарных з дошак столярскай работы – усе без якіх-небудзь вокнаў 14, з іх на завесах і кунах жалезных сем, на бегунах 8
    (усяго – 15! – заўв. аўт.), пры іх клямак дзве, зашчапаў з прабоямі шэсць, гаплікаў з прабоямі пяць»
    Трохі здзіўляе вялікая колькасць дзвярэй: пятнаццаць - на восем памяшканняў у доме. Мабыць, большасць памяшканняў былі прахаднымі – у тыя часы гэта не лічылася нязручным (нагадаем сучасные тэндэнцыі рабіць кожны закутак абасобленным).

    «Печаў ардынарных з кафлі зялёнай тры, печ крыжовая цагляная адна, звычайная з кафлі шэрай адна. Камінкоў малых тры»
    Вядома ж, печы з прыгожай зялёнай кафлі былі на панскай палове хаты, гэтак жа, як і тры невялікіх камінка, якія выкарыстоўваліся не столькі для цяпла, колькі для асвятлення ў вячэрні час. На гаспадарчай палавіне – крыжовая печ для гатавання ежы і звычайная – для абагравання.

    «Падлога ў пакоях і адных сенцах з дошак, у астатніх з гліны. Ашалёўка сцен паўсюдна з дошак. Труб над дахам выведзеных дзве»
    Традыцыя аб’ядноўваць коміны некалькіх печаў паўстала яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай, калі падаткі плаціліся «падымна» - у залежнасці ад колькасці труб – «дымоў» у гаспадарцы.

    «ГАНАК стары, на чатырох слупах усталяваны, дранкамі крыты, прыступкі з парэнчамі. Дзверы адзінарныя на бегунах (адмысловая драўляная прылада, якая замяняе дзвярныя завесы – заўв. аўт.) і зашчапках з прабоямі»
    Такі ганак з’яўляўся абавязковай прыналежнасцю абшарніцкага дома, у адрозненне ад сялянскай хаты. З ганка гаспадар мог назіраць за ходам работ ў маёнтку, улетку ганак мог служыць тэрасай.

    Сярод галоўных будынкаў фальварка трэба адзначыць яшчэ адзін: дом эканамічны. Паводле апісання ў інвентары – гэта звычайная сялянская хата-пяцісценка. Падобныя старыя хаты яшчэ захаваліся ў Смольгаве і наваколлях (гл.фота).

    Кандратовічы пражылі ў Смольгаве 15 гадоў: даўжэй, чым у іншых фальварках, якія яны бралі ў арэнду пасля: у Ясковічах – 6 гадоў (1825-1831), у Кудзіновічах – 4 гады (1831-1835), у Мархачоўшчыне – 6 гадоў (1835-1841). Можна выказаць здагадку, што чыннікам, які прымусіў іх пакінуць «наседжанае» месца, было падвышэнне арэнднай платы: натуральная рэакцыя ўладальніка фальварка на рост прыбыткаў пасесара, які надта паспяхова вёў гаспадарку фальварка.

    Як жа змянялася забудова фальварка Вялікага Смольгава пасля ад’езду сям’і Кандратовічаў?
    Наступны інвентар [6], складзены 9 ліпеня 1825 г. новым пасесарам Мержыеўскім, змяшчае апісанне той самай дваровай забудовы, што і пры Кандратовічах. А вось у двух наступных інвентарах: за 1836 г. [7] і 1837 г. [8] адзначана дата пабудовы ў фальварку новага жылога дома: 1825 і 1828 гг. адпаведна. Інвентары складаліся рознымі асобамі, таму даруем ім гэтае разыходжанне ў тры гады.
    Магчыма, што 38-40 гадоў (нагадаем – дом быў пабудаваны ў 1787 г.) – сапраўды вялікі тэрмін «жыцця» для хаты без падмурка, з бярвёнаў, хаця і хваёвых, але нічым не ашалёваных і не прагрунтаваных водаўстойлівым растворам? Хіба дом знішчыў пажар пасля ўдару маланкі або з-за нядбайнасці пры паленні печаў? Дакументы нічога не кажуць пра гэта.
    Вось апісанне новага жылога дома з інвентара фальварка Смольгава Вялікага 1847 г. [8]:

    «Панскі дом пабудаваны ў 1828 г. у палове з круглага, а ў палове з абчасанага бярвення (круглыя і абчасаныя бярвёны ў зрубе чаргаваліся – заўв. аўт.), пакрыты драняю, даўжынёю 25 шырынёю 17 локцяў, у ім сенцы, пакояў рознай велічыні шэсць і сталовая, падлога і паталок з дошак, печы, акенца і дзверы з належнаю акоўкаю»
    Новы дом мае іншыя суадносіны памераў бакоў (3:2) і меншую плошчу: перавёўшы «варшаўскі» локаць у метрычную сістэму атрымліваем 15 м х 10 м – 150 кв. м. Наяўнасць у доме ганка на чатырох слупах у інвентары не адзначана.
    Колькі гадоў прастаяў гэты жылы дом? Дакладная лічба не вядома, але ў наступных па часе захаваўшыхся інвентарах фальварка Вялікіга Смольгава за 1863, 1867 і 1868 гг. [9, 10, 11] ў апісанні дворных будынкаў жылы дом наогул адсутнічае (няўжо ізноў пажар?). Галоўным будынкам фальварка на пэўны час робіцца перабудаваны дом эканамічны.

    «ДОМ ЭКАНАМІЧНЫ ў 1809 г. (насамрэч упершыню адзначаны Кандратовічам у інвентары 1818 г. – заўв. аўт.) з драўляных брусоў пабудаваны, а ў 1853 г. падроблены, на штандарах (дубовыя калоды, якія замянялі падмурак – заўв. аўт.) драняю крыты, даўжынёю 30ць шырынёю 10ць локцяў (18 м х 6 м – заўв. аўт.) Уваход праз малы з чатырма слупамі з дахам ганак…»
    Магчыма, праіснаваўшы ня больш за 25 гадоў, ізноў пабудаваны ў 1825(28) г. жылы дом, каля 1853 г. быў страчаны падчас пажару, а новы арандатар, які не жыў у фальварку, не палічыў неабходным яго ўзнаўляць, а аддаў перавагу перабудове дома эканамічнага: апошні быў падоўжаны на траціну, да яго прыбудавалі ганак і зрабілі перапланіроўку памяшканняў.
    Праз 9 гадоў, у 1876 г. [12], мы зноў бачым наяўнасць у фальварку чарговага нядаўна (не больш васьмі гадоў таму – пасля 1868 г.) пабудаванага жылога дома:

    «Жылы гасподскі дом часткова на штандарах, часткова на камянях, дах саламяны, даўжыня 33, шырыня 16 аршын, вышыня 4 ¼, трывалы…»
    Чацвёрты варыянт галоўнага фальварачнага дома памерамі нагадвае першы, які існаваў у фальварку пры Кандратовічах. Але інвентар складзены вельмі лаканічна, без апісання архітэктурных дэталяў, і наяўнасць у будынку ганка са слупамі не адзначана.
    У кантэксце нашага даследвання, нельга не згадаць адзначаны ў пачатку артыкула факт: фальваркаў у Смольгаве было два. З цікаўнасці, кінем погляд мімаходзь і ў інвентары фальварка Смальгаўка, які знаходзіўся з заходняга боку смольгаўскага жылога масіва. Інвентары гэтага фальварка за 1839 [13] і 1860 [14] гг. даюць апісанне аднаго і таго ж жылога дома памерам каля 22 х 11 метраў:

    «Жылы дом з сасновага дрэва дзёрам крыты, з дзвюма цаглянымі праз дах выведзенымі трубамі, з ганкам на чатырох слупах, даўжынёю 32 шырынёю 16 аршын. У ім сенцы з дзвюма паўкруглымі вакенцамі…»
    У апісанні маёнтка Смальгаўка 1877 г. [16] знаходзім дату пабудовы гэтага дома – 1830 г. Тут адзначана, што ён «крыты саломаю».
    Надышоў час адцягнуць увагу ад апісанняў і разгледзець уважліва малюнак Напалеона Орды. На ім мы бачым парадны двор маёнтка небагатага абшарніка: прасторны драўляны дом з зашклёнымі вокнамі, увянчаны высокім (палова агульнай вышыні будынку) дахам. Такі высокі дах, з аднаго боку, рабіў нават аднапавярховы будынак вельмі вялікім, з іншага боку, стромкія пахілы засцерагалі ад праходжання вільгаці. Аўтар не можа дакладна вызначыць, які матэр’ял даху намаляваў мастак – магчыма, гэта і салома, таму што гарызантальных шэрагаў, характэрных дзеля кладкі дранак, на малюнку не відно. Сваеасаблівым упрыгожваннем будынку служыць ганак з калонамі, звернуты на шырокі двор-дзядзінец, прызначаны для зручнага праезду павозак да ганку. На дзядзінцы, акрамя жылога дома, яшчэ дзве гаспадарчыя пабудовы, у сярэдзіне яго – адмыслова высаджаныя колам дрэвы, завяршае зялёную кампазіцыю высокая таполя.

      Цяжка ацаніць прапорцыі – даўжыню да шарыні – намаляванага дома, бо далягляд памяншае памеры, а малюнак – гэта ўсё ж такі не чарцёж, які падпарадкоўваецца строгім правілам. Аўтар ацэньвае іх, як (2-2,5):1, г. зн. даўжыня ў 2-2,5 раза больш за шырыню. 

    А зараз параўнаем з малюнкам дадзеныя аб жылых дамах у смольгаўскіх фальварках, звёўшы апошнія ў табліцу:

    Гады          Памер і                      Ганак                         Колькасць
                     суадносіны бакоў        на 4х слупах               труб
    -----------------------------------------------------------------------
    Фальварк Смольгаў Вялікі
    1787-1825 24м х 11м 2,2:1           ёсць                          дзве

    1828-1853 15м х 10м 3:2            не адзначаны            не адзнач.  
    1853-1868 18м х 6м 3:1                ёсць                        не адзнач.

    1876 24,5м х 11,4м 2,15:1         не адзначана                   дзве

    Фальварк Смальговок
    1830-1877 22м х 11м 2:1              ёсць                            дзве
    ---------------------------------------------------------------------

    Паспрабуем вызначыць па вельмі ашчадным знешнім прыкметам гэтых будынкаў, згаданым ў інвентарах, які з іх мог убачыць і намаляваць Напалеон Орда.
    У першым радку нашай табліцы – характарыстыкі дома, у якім у 1810-1824 гг. жылі Кандратовічы, і насамрэч нарадзіўся будучы паэт. Дом, намаляваны Напалеонам Ордаю, суцэльна адпавядае гэтаму апісанню. Але дом з першага радка спыніў сваё існаванне ў 1825-28 гг., і намаляваць яго да гэтага тэрміну мог няўжо што толькі бацька паэта, але ніяк не Орда, які вярнуўся на радзіму толькі ў 1856 г.
    Глядзім другі радок табліцы: наступны па часе жылы дом фальварка адрозніваецца іншымі суадносінамі асноўных памераў і адсутнасцю галоўнай дэталі – ганка на чатырох слупах. У сукупнасці з фактам спынення яго існавання да 1853 г. робім выснову, што Напалеон Орда намаляваў не гэты будынак.
    Трэці варыянт – перабудаваны эканамічны дом – які не супярэчыць па часе існавання (пабудаваны ў 1853-м, у 1868-м яшчэ быў), скептычна настроены даследчык адкіне, згадаўшы знакамітую фразу К.С.Станіслаўскага: «Не даю веры!». Не даю веры, таму што вялікі, самавіты, без прыкмет перабудовы дом на малюнку аніяк не можа быць перабудаванай сялянскай пяцісценкай. У звычайных хат не рабілі такіх высокіх дахаў. Ды і суадносіны бакоў не супадаюць з прапорцыямі дома на малюнку: занадта даўгі і вузкі перароблены эканамічны дом у параўнанні з намалёванным.
    Дзеля ўпэўненнага пацверджання, што на малюнку Орды – дом 1876 г. з чацвёртага радка табліцы - нам не хапае наяўнасці ў адпаведным інвентары важкай архітэктурнай дэталі – таго ж ганка на чатырох слупах.
    Вядома ж, характарыстыкі жылога дома ў фальварку Смальгаўку (апошні радок табліцы) здаюцца «прыцягнутымі сюды за вушы», бо фальварк жа не той – але ўсё ж… Поўная адпаведнасць дому на малюнку! А ў славесным апісанні прысутнічае яшчэ адна дакладная дэталь: наяўнасць у сенцах дзвюх паўкруглых вакенцаў (адно з іх мы і бачым на малюнку справа ад уваходных дзвярэй, другое павінна быць заслонена калонай).
    Нагадаем, што фальварк Смальгавок месціўся каля таго ж смольгаўскага жылога масіва (засценкі ды вёска), маючага даўжыню ўсяго-тка каля кіламетра – але з процілеглага, заходняга боку. Менавіта з гэтага боку, па дарозе ад Слуцка, і павінна была пад’язджаць да Смольгава павозка нястомнага мастака. І будынкі менавіта фальварка Смальгаўка – гэта першае, што ён убачыў бы, пад’язджаючы. А што звычайна робіць вандроўнік, які прыехаў у незнаёмае месца? Зразумела: спыняецца й распытвае месцічаў, што гэта за будынкі? Што ж Орда мог пачуць у адказ?
    Шасцідзесятыя гады, з моманту ад’езда арандатараў Кандратовічаў прайшло 40 гадоў… Сучасныя дарослыя, якія тады былі дзецьмі, ніякіх Кандратовічаў ня памятаюць, а быўшыя ў 1820-х дарослымі - ўжо на пагосце. А Смольгаў наогул быў палескай глыбінкаю, месціўся ў баку ад галоўных шляхоў, якія злучалі буйныя населеныя пункты. І самыя культурныя яго жыхары – шляхта смольгаўскіх засценкаў – як сведчаць рэвізскія казкі 1864 г. – у той час былі пагалоўна непісьменнымі (гэта іх дзеткі ўжо будуць умець чытаць, дзякуючы адкрыццю тут царкоўна-прыходскай школкі). Што ім Уладзіслаў Сыракомля, прозвішча якога надрукаванае на незразумелых кнігах? І хто ён такі наогул?
    Гэта ўсё да таго, што наўрад ці хто з месцічаў мог дакладна паказаць, дзе жылі былыя паны Кандратовічы. А павозка ж як раз спынілася каля фальварка Смальгаўка, і ўсё тут, як мае быць: і гасподскі дом, і ганак з чатырмя калонамі… Канешне, нельга выключаць і варыянт адказу на пытанне, што на процілеглым баку Смольгава ніякага гасподскага дома няма (мы ведаем з інвентароў, што у шасцідзесятыя гады так яно і было). Цішэй-цішэй, супынім палёт фантазіі – мы яшчэ не разгледзілі ўсе факты.
    Будзьма ва ўсім дакладнымі: малюнак, які мы разглядаем, зусім не малюнак(?!). Гэта – літаграфія, якая вынайдзена ў 1796 г.: адбітак малюнка на паперы, прыкладзенай да спецыяльнага гладкага камяню, на паверхню якога адмысловай апрацоўкай наносяцца лініі малюнка, якія атрымліваюць уласцівасць прымаць друкарскую фарбу. Звычайна камень апрацоўвае майстра па загадзя «прамаляванаму» мастаком узору, выкананаму на капіявальнай паперы, якая дазваляе перанесці выяву на камень.
    У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваецца тэчка з сапраўднымі літаграфіямі Напалеона Орды, у тым ліку і «смольгаўскай». На некаторых з іх Ордай пазначаны не толькі год, але дзень і месяц, калі быў зроблены малюнак, які паслужыў узорам для літаграфіі. На «нашай» літаграфіі, нажаль, дата стварэння малюнка адсутнічае, паказаны толькі даты народзінаў і смерці Ўладзіслава Сыракомлі. Хутчэй за ўсё, выточны малюнак да моманту выдання літаграфіі быў згублены, а ўзнавіць дакладную дату яго стварэння па памяці мастак не змог.
    Аўтару артыкула пашчасціла знайсці яшчэ два варыянты малюнка смольгаўскага фальварка, зробленых Напалеонам Ордай.

    На малюнку (http://ru.wikipedia.org/wiki/Файл:Smolgow_Smolhow_Syrokomla_birthplace_Klosy_1877.jpg ) усе элементы краявіду на сваіх месцах, толькі мастак «паднавіў» будынкі, «акультурыў» дрэвы, «скасіў» траву… Калі на першай выяве ў смольгаўскім фальварку бачны адбіткі некаторага запусцення: спарахнелыя дахі, напаўразбураныя коміны, сям-там пабітыя шыбы - то на другім малюнку мастак, пэўна, імкнуўся паказаць гледачу, як ахайна выглядала б тая ж будыніна падчас знаходжання там Кандратовічаў.

    Напалеон Орда зрабіў і трэці варыянт гэтага краявіда: малюнак алоўкам, падфарбаваны акварэллю мы бачым на ілюстрацыі ў кнізе Л.Несцярчука «Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны» [24].

    Чамусці ён робіць уражанне наогул «марсіянскага» пейзажа… Магчыма, з-за адсутнасці чалавечых постацей, травы, ці ад рэзкіх ценяў дрэў і будынкаў пры зацягнутым аблокамі небе. А галоўны будынак наогул выглядае «лялечным» з-за адсутнасці ценяў ад слупоў ганка.

    Робім выснову, што з трох варыянтаў выяў смольгаўскага фальварка, зробленых Напалеонам Ордаю, найбагацейшым па адлюстраванню падрабязнасцяй дэталяў краявіду ёсць першы. Пэўна, малюнак для першай літаграфіі і быў зроблены «на пленэры», астатнія два – гэта не зусім скончаныя «кабінетныя» варыянты.
    Дзіўна, але ж да нас дайшла і чацвёртая(!) выява «калыскі» паэта! Тыя ж будынкі мы бачым на ілюстрацыі да нарысу Адама Кіркора «Литовское полесье», змешчанай на стар.132 першай частцы 3-га тома шматтамовіка «Живописная Россия» [16], надрукаванага П.П.Сямёнавым у 1882 г. у Пецярбургу. Аўтар нарыса Адам Кіркор пазначыў толькі прозвішча мастака - Дмахоўскі (дарэчы, імён ці ініцыялаў няма і побач з прозвішчамі астатніх шаснаццаці мастакоў-ілюстратараў нарыса). Дмахоўскаму прыпісаны яшчэ 43 ілюстрацыі – найвялікшая колькасць сярод усіх мастакоў-ілюстратараў нарыса (дзеля параўнання адзначым, што другое месца займае Крашэўскі з адзінаццацю ілюстрацыямі, а аўтарства Орды пазначана толькі на чатырох).
    Спачатку здаецца, што малюнак Смольгава несумненна належыць алоўку мастака Вінцэнта Дмахоўскага (1807 – 1862)- нажаль, не такога вядомага ў нас, як Напалеон Орда. У Вінцэнта тыповая для ліцвіна-патрыёта свайго часу біяграфія: няскончаны Віленскі ўніверсітэт (1826 – 1829), удзел у паўстанні 1831 г., змушаная эміграцыя, вяртанне на радзіму пасля амністыі ў 1837 г. Жыў і працаваў у Вільне, меў там сваю мастацкую майстэрню. Таксама, як і Орда, маляваў, галоўным чынам, пейзажы і знакамітыя гістарычныя мясціны Беларусі. Праўда, колькасць твораў у яго больш сціплая, чым у Орды – трохі больш за сотню. У выданні «Slownik artysow polskich…» [20]знаходзім інфармацыю, што Вінцэнт Дмахоўскі намаляваў 7 малых акварэляў з выявамі літоўскіх замкаў непасрэдна па замове Кіркора, а па вяртанні ў Вільню ў 1858 г. (пасля трох гадоў жыцця ў фальварку Брыцянка пад Наваградкам) «…намаляваў шмат невялікіх пейзажаў».
    Памёр Вінцэнт у тым жа 1862 г., што і Ўладзіслаў Сыракомля, толькі на паўгода раней – у студзені. Менавіта Сыракомля быў аўтарам некралогу на смерць Вінцэнта Дмахоўскага, што сведчыць аб сяброўстве двух выбітных прадстаўнікоў беларускай культуры.
    Але давайце ціхенька, незнарок, перагарнем толькі адну старонку кіркоравага нарысу і паглядзім на наступную ілюстрацыю – «Магіла Кандратовіча ў Вільне» на стар.133, аўтарам якой пазначаны таксама Дмахоўскі… Як Дмахоўскі?! Вінцэнт, памёршы на паўгода раней за Ўладзіслава, намаляваць яго магілу ня мог аніяк!
    Звернем увагу на літары T.J.D., якімі мастак пазначыў сваё аўтарства ў кутку малюнка. Напэўна, што D. – гэта Дмахоўскі, а вось разгадку літар T.J. мы знойдзем у вышэй згаданым выданні «Slownik artysow polskich…» [20]: гэта Тадэвуш Ян Дмахоўскі (1856-1930), таксама мастак и, дарэчы, «крэўны» Вінцэнта. У гэтым слоўніку засведчана, што Тадэвуш Ян сапраўды быў ілюстратарам кіркоравых нарысаў у «Живописной России», «…дзе яго малюнкі пазначаны літарамі T.J.і T.J.D, якія ў спісу ілюстрацыяў паданыя, як працы Дмахоўскага (без імя)».
    Хаця (а можа – таму), што ілюстрацыя з выявай Смольгава не пазначана ніякімі ініцыяламі, трэба адзначыць, што ў слоўніку [20] мы знойдзем інфармацыю яшчэ пра дзвюх Дмахоўскіх, маючых дачыненне да мастацтва.На ўсялякі выпадак, прагледзім і іх кароткія жыццяпісы: раптам пад нікам «Дмахоўскі» Кіркорам зашыфраваныя не дзве, а чатыры асобы?
    «Беларускага Чэ Гевару» Генрыка Дмахоўскага (1810-1863)можна адразу выключыць са спісу магчымых ілюстратараў нарысаў Кіркора: ён практычна ўсё жыццё правёў за мяжой. У час паміж паўстаннямі мастацтва з’яўлялася дзеля яго сродкам заробку грошай, але займаўся ён не маляваннем, а выключна скульптурай: вырабляў плакеткі і медальоны з барэльефнымі партрэтамі сучаснікаў і выбітных гістарычных асоб. У маі 1861 ён вярнуўся на радзіму. Восенню 1862 г. яшчэ паспеў спраектаваць надмагільны помнік Уладзіславу Сыракомлю ў выглядзе абеліска з партрэтным медальёнам апошняга (помнік так і застаўся праектам), а у студзені 1863 г. узяў актыўны ўдзел у паўстанні і быў забіты ў баі 14 мая 1863 г.
    Чацвёртай персонай, адзначанай у слоўніку [20] з’яўляецца сын Вінцэнта Дмахоўскага – Уладзіслаў Дмахоўскі (1838-1913). Навучаўся ён спачатку ў Вільне, потым у Парыжы, з’ехаць на радзіму ў 1862 г. яго прымусіла смерць бацькі. Далей усё, як мае быць: удзел у паўстанні 1863 г., арышт, турма. З 1866 г. жыў у Варшаве, дзе працаваў, між іншым, і ў якасці ілюстратара ў польскіх часопісах. Уладзіслаў маляваў маслам і акварэллю, найчасцей сцэны з коньмі. Ёсць у яго жыцці і этап малявання краявідаў, але польскіх, а не літоўскіх. У 1884 г. пераехаў на сталае жыхарства ў маёнтак Нагародавічы Гродзенскай губерніі і пачаў грунтоўна займацца гаспадаркай, амаль пакінуўшы маляванне.
    Ці мог Уладзіслаў Дмахоўскі браць удзел у выданні нарысаў Адама Кіркора ў «Живописной России»? Без сумневу, мог, бо быў прафесійным ілюстратарам. Ад моманту смерці бацькі да выдання нарысаў прайшло 20 гадоў, трэба было ж падрыхтаваць малюнкі бацькі, каб яны маглі быць выкарыстаны ў якасці ілюстрацыяў. Вядома, што лепш за сына гэтага ніхто не мог зробіць, хаця б Уладзіслаў у гэты час і жыў у Варшаве. Аднак, пра тое, што, жывучы ў Варшаве, Уладзіслаў здзяйсняў падарожжы па беларускім абшарам і маляваў беларускія краявіды, нідзе інфармацыі не сустракаецца.
    Такім чынам, ілюстрацыя ў «Живописной России» [16] была размешчана ўжо пасля смерці Вінцэнта Дмахоўскага, але ж малюнак для гэтай літаграфіі мог быць зроблены ім не пазней восені 1861 г. (на намаляваных дрэвах ёсць лісце) – яшчэ пры жыцці Ўладзіслава Сыракомлі.

    З першага погляду малюнак моцна ўражвае: ня толькі тыя ж самыя будынкі, але і той жа ракурс, тая ж вышыня дрэў, што і ў Напалеона Орды! Як гэта магчыма? Няўжо адзін з мастакоў скапіяваў малюнак у другога? Ці мастакі разам выязджалі на «смольгаўскі пленэр»? Пытанне аб тым, што менавіта намалявана, адразу адыходзіць на другі план…

    Уладзіслаў Сыракомля прыехаў у Вільню ў студзені 1853 г. малавядомым аўтарам, які апублікаваў пакуль яшчэ некалі вершаў. Менавіта на віленскі (аднясём сюды і яго жыццё ў фальварку Барэйкаўшчыне) перыяд яго жыцця прыпадае росквіт яго таленту, публікацыя лепшых яго твораў і набыццё шырокая вядомасці. Ён адразу ўвайшоў у гурток віленскай інтэлігенцыі, якая збіралася ў гіторыка, этнографа, археолага і выдаўца Адама Кіркора. Магчыма, там і адбылося яго знаёмства з Дмахоўскім. Не пускаючыся ў падрабязнасці стасункаў паэта і мастака, адзначым, што тэарэтычна Дмахоўскі мог намаляваць сядзібу ў Смольгаве на працягу 9 гадоў: з вясны 1853 да восені 1861 гг.
    Параўнаем даты: на тэчцы з малюнкамі краявідаў Мінскай губерніі Напалеон Орда сам пазначыў гады, калі яны былі зроблены: 1864-1876. Адсюль выснова: на «сумесным пленэры» мастакі не былі, а малюнак Вінцэнта Дмахоўскага – першасны па часе.
    Калі і як мог быць зроблены малюнак Дмахоўскага? Вядома, што ў 1853 г. Вінцэнт Дмахоўскі атрымаў замову ад вядомага археолага, гісторыка і этнографа Яўстаха Тышкевіча на шэраг выяваў руінаў літоўскіх замкаў, маляваннем якіх з натуры ён займаўся некалькі гадоў. Магчыма, у адным з гэтых падарожжаў у яго і знайшоўся час, каб наведаць Смольгава? Але гэтая здагадка здаецца малаверагоднай: у пачатку 50-х Сыракомля яшчэ не быў такім знакамітым, каб малазнаёмы мастак паспяшаўся ўвасобіць месца яго народзін. Больш верагодна, што Дмахоўскі паехаў туды наўмысна, ў 1861 г., каб зрабіць прыемны падарунак свайму сябру Ўладзіславу, ужо цяжка хвораму, змучанаму бязладзіцай у асабістам жыцці, алкагалізмам і матэрыяльнымі праблемамі. Але незалежна ад канкрэтнага года падарожжа, у перыяд 1853 – 1868 гг. натурай для малюнка мог быць толькі фальварк Смальгавок (бо ў фальварку Смольгаў Вялікі ў гэты перыяд жылога дома наогул не было!) – г. зн. зусім не той, дзе жылі Кандратовічы.

      Можна разгледзіць яшчэ адзін варыянт: ніякай паездкі ў Смольгава і не было. Талент Уладзіслава Сыракомлі быў шматгранным. У выданні яго кнігі «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» [17] маецца малюнак сядзібы Залучча, якую сям’я паэта арандавала ў 1841-51 гг., з каментарам: «Малюнак аўтара».

    Магчыма, мастацкія здольнасці Ўладзіслаў атрымаў у спадчыну ад бацькі, а ў сямейным архіве быў малюнак смольгаўскай сядзібы, зробленый калісьці Аляксандрам Кандратовічам. А Дмахоўскі гэты малюнак толькі «акультурыў». Урэшце, нагадаем сучасны спосаб стварэння фотаробатаў і ўявім сабе такую сцэну: Вінцэнт Дмахоўскі, які прыехаў пагасціць у Барэйкаўшчыну, сядзіць з алоўкам над аркушам паперы, а побач з ім – Аляксандр Кандратовіч (памёр у 1858 г.) распавядае мастаку пра выгляд фальварка ў Вялікім Смольгаве і робіць заўвагі да створанага на яго вачах мастаком фотаро… прабачце, малюнка фальварка.

    Вядома, будынак у Смольгаве з ганкам на чатырох слупах быў тыповым архітэктурным праектам сядзібы небагатага абшарніка таго часу, такіх будынкаў было шмат, і намаляваць яго «па памяці» было б нескладана. Але ці можна лічыць, што ў гэтым выпадку быў бы намаляваны сапраўдны фальварк Вялікі Смольгаў 1823 г.?
    Вернемся яшчэ раз да пытання, якое пастаўлена аўтарам у пачатку артыкула: што ж за пабудовы намаляваў мастак? Бо на малюнках – не толькі гасподскі дом, ёсць яшчэ і поўнае дакладне адлюстраванне невялікага гаспадарчага будынка злева ад яго. Прагледзім яшчэ раз апісанні будынкаў ў інвентарах, каб знайсці пабудаваную з бярвення гаспадарчую хату пад саламянай страхой, якае мае дзве печы і вокны, памерамі значна менш галоўнага дома.
    У апошніх інвентарах «кандратовічскага» перыяда (1818 і 1822 гг.) мы знойдзем дом эканамічны (той, які пасля згубы жылога дома быў перабудаваны)- але ён крыты дранкаю і мае толькі адну печ.
    Ёсць тамака яшчэ й ацеплены, крыты саломаю свіронак – але ён не мае вакон і мае «галерэю на шасці слупах». Нажаль – ніводны з гэтых будынкаў нам не падыходзіць. Адкуль выснова: ніхто «па памяці» месца нараджэння паэта не маляваў.
    А ў інвентарах «няправільнага» фальварка Смальгаўка 1859 і 1860 гг.(14) у апісанні дворных будынкаў знаходзім, акрамя жылога, яшчэ два ацепленых будынка: фальварачны дом і кухню.
    Фальварачны дом, пабудаваны ў 1850 г., мае саламяную страху і дзве трубы, але па памерам ён амаль такі ж вялікі, як жылы (32 х 16 і 34 х 14 аршын).
    А вось апісанне будынка кухні – нічога не магу з гэтым парабіць – цалкам адпавядае будынку на малюнках: з бярвення, з саламяным дахам, мае дзве печы, тры вакенца з шасцю шкельцамі і адно з адным шклом.

      Звычка давадзіць усе справы да канца прымусіла аўтара праглядзець і апошні па часе дакумент, які тычыцца фальварку Смальгаўка: «Апісанне маёнтка Смальгаўка 1877 г.» [15](пасля 1877 г. абодва смольгаўскія фальваркі пачалі звацца маёнткамі). Тут чакала прыемная неспадзяванка ў выглядзе плана размяшчэння будынкаў (гл. малюнак):

    Жылы дом (аб’ект №1)і кухня (аб'ект №2) размешчаны на плане менавіта так, як на выявах абодвух мастакоў. На плане маецца і трэці будынак, частка якога намалявана Напалеонам Ордаю ў левам баку малюнка: гэта «дом для рабочых»(аб’ект №3) па «Апісанню…» 1877 г. [15], ён жа «фальварачны дом» па інвентарам 1859 і 1860 гг. [14].

    Гледзячы на план, можна ўявіць сабе і месца, дзе былі размешчаны мальберты мастакоў: з левага боку стайні (аб’ект №7), якая таксама выходзіць на дзядзінец, але не трапляе «ў кадр».
    Атрымліваецца, што і Вінцэнт Дмахоўскі, і Напалеон Орда выбралі адзін і той жа «пункт здымкі» у розны (калі глядзець на вышыню дрэў на малюнках – з розніцай не больш, чым 2-3 гады) час таму, што абодва былі мастакамі-пейзажыстамі, меркавалі аднолькава и абодва палічылі гэтае месца найлепшым. Гэта і ёсць тлумачэнне здзіўляючага падабенства іх малюнкаў.
    Як ужо было адзначана, Вінцэнт Дмахоўскі ня мог быць у Смольгаве пазней за восень 1861 г. З улікам таго, што дату малюнка Орды трэба максімальна наблізіць да даты малюнка Дмахоўскага (з-за практычна аднолькавых памераў крон дрэў, бо таполя – чэмпіён па хуткасці роста ў нашай мясцовасці!), рэальным часам стварэння малюнка Орды будзе лета 1864 г.

    Такім чынам, для меўшых цярплівасць дачытаць да канца развагі аўтара,падвядзём вынікі:

    1.Сапраўдны жылы дом фальварка Смольгава Вялікага, дзе нарадзіўся Ўладзіслаў Сыракомля, ні Вінцэнт Дмахоўскі, ні Напалеон Орда намаляваць з натуры не маглі: гэты будынак спыніў сваё існаванне ў 1825-28 гг.

    2.Супастаўляючы даты з жыццяпісаў Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэнта Дмахоўскага і Напалеона Орды, можна сцвярджаць, што выезды двух апошніх у Смольгава маглі адбыцца ў 1861 і 1864 гг. адпаведна.

      3.Бо няма сумневу, што на абодвух малюнках мастакі адлюстравалі галоўны будынак фальварка – жылы дом, але ў азначаны перыяд часу (1861-1864 гг.) у «кандратовіцкім» фальварку Смольгаве Вялікім жылога дома наогул не было, а таксама з улікам супадзення размяшчэння будынкаў на малюнках з планам размяшчэння будынкаў у маёнтку Смальгаўку 1877 г. і знешняга выгляду будынкаў на малюнку з іх апісаннем у інвентарах фальварка Смальгаўка, можна з упэўненнасцю сцвяржджаць, што натурай для абодвух мастакоў паслужыў жылы дом фальварка Смальгаўка, размешчанага на заходняй ускраіне Смольгава. Так, ён быў вельмі падобны на будынак, у якім у 1823 г. нарадзіўся Ўладзіслаў Сыракомля, але менавіта ў гэтым доме сям’я Кандратовічаў, нажаль, ніколі не жыла.

      Прайшло амаль два стагоддзя, і ў сучасным Смольгаве ўжо нічога не нагадвае пра існаванне былых фальваркаў. Вось так выглядае зараз месца, дзе калісьці жыла сям’я Кандратовічаў (гл.фота)

    А на месцы, дзе знаходзіўся «няправільны» фальварк Смальгавок, наогул няма за што “зачапіцца воку”.

    І толькі пажоўклыя старонкі архіўных дакументаў захоўваюць памяць аб былых смольгаўскіх фальварках і іх гаспадарах.

     

    Міхалоўская С.У.

    Мінск, 2012

     


    Пералік выкарыстаных дакументаў:

    1. НГАБ, КМФ-5 воп.1 адз.3900 Інвентар фальварка В.Смольгава 1808 г.
    2. НГАБ, КМФ-5 воп.1 адз.3901 тое ж, 1810 г.
    3. НГАБ, КМФ-5 воп.1 адз.3902/1 тое ж, 1816 г.
    4. НГАБ, КМФ-5 воп.1 адз.3903 тое ж, 1818 г.
    5. НГАБ, КМФ-5 воп.1 адз.3904 тое ж, 1822 г.
    6. НГАБ, КМФ-5 воп.1 азд.3905 тое ж, 1825 г.
    7. НГАБ, КМФ-5 воп.1 адз.3905а тое ж, 1836 г.
    8. НГАБ, Ф.142 воп.1 адз.1728 Інвентар фальварка Смольгава 1847 г.
    9. НГАБ, КМФ-5 воп.1 адз.3906а Інвентар фальварка Смольгова 1863 г.
    10. НГАБ, КМФ-5 воп.1 адз.3907 тое ж, 1867 г.
    11. НГАБ, КМФ-5 воп.1 адз.3907/1 тое ж, 1868 г.
    12. НГАБ, КМФ-5 воп.1 адз.3909 Інвентар м.Смольгава 1876-1888 гг.
    13. НГАБ, ф.142 воп.1 адз.1727 Інвентар фальв. Смальгаўка 1839 г.
    14. НГАБ, КМФ-5 воп.1 адз.3923/1 то ж, 1860 г.
    15. НГАБ, КМФ-5 воп.1 адз.3925 Апісанне маёнтка Смальгаўка 1877 г.
    16. Живописная Россия – Т.3. Репринт. воспроизв. изд.1882 г. – Мн.: БелЭн, 1993.
    17. Сыракомля Ў. Вандроўкі па маіх былых ваколіцах - Мн.: Маст. літ., 2002
    18. Беларусь у малюнках Напалеона Орды – Мн.: Ураджай, 2001
    19. Лаўрэш Л. Нагародавічы / Наша Слова № 49 (1044) 7.01.2011 г.
    20. Slownik artysow polskich i w Polsce dzialajacich/ T.2 - Widawiectwo Polskiej Akademii Nauk, 1975
    21. Litwa w twórczości Władysława Syrokomli /I WILNIANIE ZASŁUŻENI DLA LITWY, POLSKI, EUROPY I ŚWIATA /Syrokomla Władysław (Ludwik Kondratowicz) (1823 - 1862). Autor Irena Rusakiewicz.
    NG 31 (467), 2000 r. Nasz Czas
    22. Fоrnalczik F. Hardy Lirnik Wioskowy - Poznan, 1979
    23. Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich – Т.10 - Warszawa : nakł. Filipa Sulimierskiego i Władysława Walewskiego, 1880-1914
    24. Несцярчук Л. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны – Мн.: Маст.літ., 2009

    © 2024. П а м я т ь. Любанский район