Урэчча

    Урэчча — гарадскі пасёлак каля рэчкі Беразоўкі, прытока Таліцы (на плане XIX ст. — р. Урэчча); відавочна, адсюль пайшоў і тапанім. Упершыню ў пісьмовых крыніцах сустракаецца пад 1635 г. у складзе Слуцкага княства. Мястэчка належала ў розныя часы Алелькавічам, Радзівілам, Вітгенштэйну. Славу Урэччу прынесла гута (шкляная мануфактура), якая была заснавана ў маёнтку Радзівілаў у пачатку XVII ст. (па іншых крыніцах — у XVIII ст.). 
    У 1841-1844 гг. ва Урэччы працавалі дзве гуты: па вытворчасці люстэрак (3 печы) і па вытворчасці ліставога шкла і посуду (6 пячэй), меўся таксама цэх па вытворчасці кафлі. Кракаўская акадэмія мастацтваў адносіла вырабы Урэцкай мануфактуры да лепшых у Рэчы Паспалітай. Славутае прадпрыемства спыніла дзейнасць у сярэдзіне XIX ст. У 1830 г. у маёнтку Урэчча адкрыты вінакурны завод, які штогод выпускаў 7400 вёдзер спірту на суму 5400 рублёў. Дзейнічала праваслаўная царква св. Міколы, якая была ўзведзена ў 1740 г.
    У пачатку XIX ст. Урэчча — мястэчка Горкаўскай воласці Бабруйскага павета. У 1890 г. пражывала 1017 жыхароў, у 1909 г. налічвалася 167 двароў, 1042 чалавекі (жыхароў чыгуначнай станцыі, маёнтка, мястэчка і сяла Урэчча). Урэчча набыло другое жыццё з будаўніцтвам чыгункі, лінія якой Асіповічы — Слуцк даведзена сюды ў 1904 г. У канцы XIX ст. ва Урэччы дзейнічалі бровар, керамічныя майстэрні і смалакурня, былі адкрыты царква, касцёл, сінагога, 2 школы, 2 бібліятэкі, пошта, аптэка, арганізавана пажарная каманда. У 1915 г. пабудавана чыгуначная станцыя, побач — воданапорная вежа.
    Школа сістэмы Міністэрства народнай асветы ва Урэччы ўпершыню ўпамінаецца над 1864 г. (навучалася 34 вучні — 33 хлопчыкі і 1 дзяўчынка). У царкоўнапрыходскай школе ў 1880 г. займалася 67 вучняў (60 хлопчыкаў і 7 дзяўчынак).
    3 1924 г. Урэчча — мястэчка ў складзе Слуцкага раёна, з 27 верасня 1938 г.— гарадскі пасёлак. У 1930 г. арганізаваны калгас імя Сталіна.
    У 1939 г. жыло 5,6 тысячы жыхароў.
      3 25 снежня 1962 г. Урэчча аднесена да Любанскага раёна. Генеральны план забудовы пасёлка распрацаваны Мінскім філіялам Цэнтральнага навукова-даследчага і праектнага інстытута горадабудаўніцтва ў 1974 г., праект дэталёвай планіроўкі заходняга жылога раёна — у 1978 г. Беларускім інстытутам па будаўніцтву ў вёсцы. Тут працуюць хлебазавод, спіртзавод, цэх Слуцкага вытворчага металаапрацоўчага аб'яднання, камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва, дзейнічаюць дзве сярэднія школы, пяць дашкольных устаноў, тры бібліятэкі, кінатэатр, сельскі дом культуры, тры аддзяленні сувязі.

    В. I. Карпіевіч
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район