З народнай творчасці

    * * *

    За цёмным баром брала дзеўка лён,
    Да й забыла павязаці.

    Вой, вярнуся я да й павяжу лён,
    Хоць сырою дубінаю.

    Ой, прыходзь, прыходзь, мілы мой ка мне,
    Хоць лугамі, берагамі.

    Не прыбуду я, мілая мая,
    За ліхімі ворагамі.

    Вох, я варожкі скачу пад ножкі,
    Я варожкі перабуду.

    Вох, тады жа я, мілая мая,
    На вячорачкі прыбуду.

    Запісала Л. К. Якубоўская
    ад жыхаркі в. Ямінск Н. А. Сігай.


    ВЯСЕЛЬНАЯ
    У агародзе, у зялёнай руце,
    Плакала дзевачка, вяночкі ўючы.
    Зачуў дзяцінка, па коня йдучы:
    - Чаго, мая дзевачка, сільна плачаш,
    Сільна плачаш, цяжка ўздыхаеш?
    — Як мне, маладой, быць вясёленькай?
    У цябе, маладога, племечка многа,
    У мяне, маладой, падарачкаў мала.
    - Не плач, дзевачка, не плач, маладзенькая,
    Я шапачку зніму, племечка спрашу,
    Для цябе, маладой, падаркаў прынясу...

    Запісала В. С. Ільюкевіч у 1972 г. у в. Касцюкі



    Адкуль пайшла назва вёскі Гарадзяцічы

      Старыя жанчыны апавядалі, а ім бацькі перадалі, што нядаўна яшчэ тут было зусім мала людзей, шэсць-восем хат стаяла. Цяпер пасяліліся, бо цэнтр калгаса. А даўно-даўно тут быў горад. Месца тое знаць і цяпер, гара пясчаная ў тым месцы, дзе ў Арэсу ўпадае прыток, цяпер асушаны. Пацеркі знаходзілі, пярсцёнкі і іншае. А там, дзе быццам быў касцёл, мох зыбучы, пні велізарных дрэў, касцёл скрозь зямлі пайшоў. Дык вось і назва ад таго горада — Гарадзяцічы.

    Запісаў Л. М. Салавей у в. М. Гарадзяцічы
    ад В. Р. Дрынеўскай і М. П. Слівец


    Каменныя валы

    Калісь людзі былі цёмныя. Чалавек гаворыць жонцы:
    — Я паеду араць, бо гавораць, што сягоння вялікі дзень.
    Ён думаў, што Вялікдзень — гэта вялікі дзень і ўдвая зробіць. Паехаў араць. Прыйшло ўрэмя абедаць. Жонка панесла яму абед. Ён сеў на камень, паеў. Калі жонка йшла дамоў, ён ска заў ей:
    — Ідзі, ды не аглядайся.
      Жонка адышла з кіламетр, аглянулася і акамянела. Акамянелі валы, чалавек і сабачка. Людзі сабраліся, паставілі хрэст. Хрэст быў з такога дрэва, што і гніль яго не браў. Палякі ўжо потым спалілі. Мы былі хлопчыкамі, бывала, павядзем на валы, б'ем каменнем, з яго сыплецца краска. Разатрэш на руцэ — чыстая кроў. 3-пад каменных валоў выскаквае сабачка шэранькая і гоніць нашы авечкі аж да Бібікаў. Пойдзем шукаць — авечкі стаяць у кучцы, а сабачкі ніякай няма. Гэтыя валы і цяпер ёсць, але яны ўвайшлі па клубы ў зямлю...

    Запісала Г. А. Барташэвіч у 1975 г. у в. Рачэнь.



    ПРА БЯЗРУЧКУ
    (казка)

    Жыў-быў купец, і была ў яго сястра. Вельмі ён любіў сястру. Ну, ён ездзіць на работу, прыедзе, смяюцца яны з сястрой, чай п'юць. Жонка з-за рэўнасці пабегла ў сарай, зарэзала самага лепшага жарабца да й кажа мужу:
    — Ты з сястрою вельмі добра жывеш, ідзі паглядзі, што яна табе нарабіла. Ён пайшоў:
    — Ну то што? Жарабец — чорт яго бяры, яшчэ адзін будзе...
    Потым на другі дзень зноў гэтак. Яна пайшла ў сарай і зарэзала лепшую карову.
    — От ідзі паглядзі, што яна табе нарабіла. Ён пайшоў, паглядзеў:
    — Ну, карову зарэзала. Чорт яе бяры, гэту карову.
    Потым у васкрасенне яны пайшлі ў цэркаў. У яе, у жонкі гэтай, адно едзінственнае дзіця было. Сталі людзі ўхадзіць з цэрквы, і яна бягом прыбегла дадому і яе, сястру тую, адправіла гуляць, а сама зарэзала свае дзіця. Ён прыйшоў, да яна яму:
    — От, сматры, што твая сястра зрабіла.
    Тады ён не ўдзяржаўся ўжо, запрог каня і прывез яе ў лес. Прывязаў да тоўстай калоды:
    — Калі твае рукі, сястра, рабілі, кладзі на калоду! — I паадсякаў ей рукі так во, па локці. Ну, і паехаў. Яна, бедна, блудзіла, блудзіла і прыблудзіла к царскаму дварцу, села на лавачку.
    Царскі сын выйшаў і так ужо яе спадобаў:
    — Мамачка, буду з гэтай бязручкай жаніцца. Дак яна:
    — Ой, сынок, нашто табе яна?
    Ён ні ў якую. Ажаніўся, маці памерла, ну а цар ужэ стары, перадаў яму гэта ўсё царства. Яна забярэменела і радзіла сына — у лбе сонца, у патыліцы месяц. Ну, а ў тую вёску, дзе жыў купец, прыйшоў неяк паштальён. Купец паехаў некуды. Трэба, каб паштальён начаваў у лепшай, купецкай хаце. Расказаў ей, той жонцы, што такая і такая бязручка радзіла такога і такога сына. Яна ўжо напаіла яго, спаць палажыла, выняла гэта пісьмо, пачытала, перапісала так: «Радзіла твая жонка невядомую звярушку, мядзведжыя ногі, воўчая галава». Ну, занёс гэты паштальён, — ён пачытаў і напісаў: «Што бы ні радзілася, да майго прыходу штобы не страбілі».
    Яна зноў пераняла, як паштальён начаваць прыйшоў, назад ідучы. Дак яна зноў яго напаіла, пачытала пісьмо і напісала так: «Да майго прыходу каб яе і дзіцяці следу не было».
    Гэты яго ацец ужо вельмі яе палюбіў, шкадаваў. Пачыталі, ну што ж, трэба адправіць. Увязалі ей гэтага рабёнка і пусцілі. Пайшла яна. Прайшла яна к мору, захацела вады папіць. Нагнулася, дзіця страпянулася і паплыло. Яна стаіць ля мора і плача. Прыходзіць сівы дзядочак і сказаў:
    — Мачы руку.
    Яна абмачыла — рука прырасла. I другая так прырасла.
    — Ну ідзі, — кажа той дзядок, — дзіця лаві!
    — Ну, калі прыраслі, пайду лавіць дзіця.
    Пайшла, так ей вады во так усяго... Яна ўлавіла гэтага хлопца свайго. А хлопец расце не па днях, а па часах. Яна ўжо ідучы расказала яму быль сваю, усё, што было.
    Ну, прыйшлі яны да гэтага купца начаваць, і цар ужо ідзе дадому, начуе там. Ну, гэты цар спяшыць, хоча дадому як можна, нудна яму, не хоча спаць:
    — Ну, хто ўмее баі бавіць?
    I купец бачыць, што сястра яго, і цар, бачыць, што гэта жонка яго, але з рукамі. Да кажа:
    — У гэтай жанчыны сын ёсць, харашо ён умее баі бавіць. Пазвалі яго.
    — Толькі, — кажа,— як раз пераб'е, палавіну гаспадаркі прападзе, а як другі раз — уся гаспадарка, а калі трэці раз — то і галава з плеч. Ну і стаў казаць так, і гэта ўсё пераказаў, як жарабца зарэзала пайшла ў хлеў. Так яна не ўдзяржалася: «Не-а!» Так палавіна гаспадаркі ўжо няма. А ўжо як карову ізноў зарэзала, так яна: «Не-а! ». Ну, то ўся гаспадарка прапала. А далей ужо як пайшлі ў цэркаў, прыйшлі з цэркві, яна адправіла гэту сястру гуляць і вот сваё роднае дзіця зарэзала і на сястру сказала. Так яна, купцова жонка, ізноў: «Не!» Ужо галава з плеч. Тады ён кончыў гэту казку і кажа:
      — Вось мая мама, а гэта мой дзядзька, гэта мая цётка. — К цару падышоў: — Гэта мой тата...

    Запісала Г. А. Барташэвіч у в. Рачэнь
    ад Е. К. Ляўчэні.



    ЯК ПАЛЕШУКІ СОНЦА Ў МЯХАХ НАСІЛІ

    Жылі ў Баянічах чатыры браты. Жылі дружна. Усе чацвёра сем'ямі абзавяліся. Бацькоўская хата малою стала... Вырашылі пабудаваць новую. Узвялі дыхтоўную пяцісценку. Адно дрэнна — цёмна, няма ў хаце святла. Нядоўга пераблытаць, дзе свая жонка, дзе братава, дзе свае дзеці, а дзе пляменнікі — вокнаў у хаце няма...
    Сышліся браты на савет. Сядзяць, радзяць, як святло здабыць у хату.
    — Браточкі, давай усе разам, талакой, у мяхах святла наносім, — прапанаваў старэйшы. Сабраліся ўсе, жанчын і дзяцей узялі, кожнаму мех далі і прыняліся за справу. На двары набіраюць поўныя мяхі сонечнага святла, нясуць у хату, высыпаюць І цемрай мяхі набіваюць, выносяць з хаты.
    Бегаюць цэлы дзень туды-сюды. Гвалт, глум паднялі, уся веска збеглася. Стаяць, чакаюць, пакуль у хаце пасвятлее. Аднак час ідзе, а вынікаў не відаць...
    Праходзіў праз вёску падарожнік. Доўга стаяў, глядзеў на вэрхал — нічога зразумець не змог.
    — Што тутака ў вас здарылася, людзі добрыя?
    — Ды вось браты пабудавалі хату, а святла няма. Цяпер носяць святло. Пасмяяўся падарожнік і кажа:
    — Дайце сякеру. Я вам хутка святло дам!
    Узяў сякеру, прасек у сцяне акно. З'явілася ў хаце святло. Падзякавалі браты чужынцу, той сваёй дарогай пайшоў.
    Пасядзелі браты, парадаваліся святлу. Але ж бачаць, што святло толькі на адной палове. I вырашылі пусціць у хату як мага больш сонца. Давай кожны прасякаць па вакну. Чым больш сякуць, тым больш святла. Так захапіліся, што не заўважылі, як усю сцяну знеслі, хата развалілася... Пачасаў старэйшы патыліцу:
    — Няма святла — дрэнна, і задужа шмат святла — таксама бяда... Такая добрая хата была! Пабедавалі небаракі, ды зноў за сякеры ўзяліся — будаваць хату занава. 3 вокнамі...


    © 2024. П а м я т ь. Любанский район