Жыццё ў навуцы

    Кукраш Леанід Васільевіч (н. 27.7.1938 г. у в. Рачэнь) — доктар сельскагаспадарчых навук, акадэмік Акадэміі аграрных навук Беларусь. 3 лістапада 1994 г. — галоўны саветнік намесніка прэм'ер-міністра рэспублікі, начальнік экспертнага савета Кабінета Міністраў па праблемах АПК.
      Дзяцінства Леаніда Кукраша абпаліла вайна, аб якой да гэтага часу засталіся жудасныя ўспаміны... Намаганнямі ўсёй вялікай, дружнай сям'і, у якой налічвалася сямёра дзяцей, выхаваных у традыцыі працавітасці і ўзаемадапамогі — усё гэта ад бацькоў, вечных гаротнікаў — пераадольваліся цяжкасці ваеннага ліхалецця. Леанід, закончыўшы дзесяцігодку, змог паступіць у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Вышэйшую адукацыю атрымалі пяцёра дзяцей сям'і Кукрашаў.
     
     Л. В. Кукраш
    Акадэмію Леанід Кукраш закончыў з адзнакай, у 24 гады ўзначаліў найбольш адсталы калгас у Пружанскім раёне. За некалькі гадоў яго ўдалося вывесці ў лік перадавых, а па ўзроўню механізацыі ў галіне жывёлагадоўлі— паказальных. Працуючы ў калгасе, Л.В.Кукраш абараніў кандыдацкую дысертацыю і пачаў навуковую дзейнасць у БелНДІ земляробства. Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам аддзела, намеснікам дырэктара па навуцы. У 1983 г.
    Л. В. Кукраш абараніў доктарскую дысертацыю.
    Навуковая работа Л. В. Кукраша звязана з актуальнымі праблемамі кормавытворчасці. Пад яго кіраўніцтвам і непасрэдным удзеле створаны гатункі гароху Белус і Агат, першы ў рэспубліцы гатунак яравога трыцікале Інеса — новай зерневай культуры. Распрацаваны тэхналогіі вырошчвання многіх зерневых і зернебабовых культур.
      Л. В. Кукраш апублікаваў шэсць навуковых кніг, звыш 110 артыкулаў. Ён курыруе работу ўсёй аграрнай навукі рэспублікі, не спыняе таксама актыўную навуковую дзейнасць.

    В. Р. Феранц
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район