Сям'я Статкевічаў

    Фёдар Мікалаевіч быў чалавекам не надта словаахвотлівым, не любіў расказваць пра сябе. Работа яго — а ён усё жыццё працаваў трактарыстам, у полі — не спрыяла гэтаму. Але ўсе ў Загаллі ведалі яго простае жыццё, дзе было месца ўсяму — і напружаным працоўным будням, і простай сялянскай, чалавечай радасці, і ваеннаму ліху... Аднойчы, разгаварыўшыся, Фёдар Мікалаевіч расказаў:
    — Курсы трактарыстаў я закончыў, калі мне было 24 гады. Вучыўся на «Фардзоне», а працаваць пачаў на ХТЗ. На Загальскім балоце пракладваў першыя барозны. Жылі мы тады каля Загальскага возера на хутары, бацька яго ўзяў у арэнду ў 11-м годзе... Жаніўся, да вайны на трактары працаваў. I ўсю вайну на ім гармату цягаў. Да самага Кёнігсберга дацягнуў...
    Сям'я ў гэты час — жонка Елізавета Васільеўна з чатырма малалетнімі дзецьмі — гаравала на акупіраванай Любаншчыне. Жылі ў зямлянцы ў Соснах. Саўгас там дзейнічаў і ў час акупацыі — падпольны. Саўгасных кароў і валоў раздалі людзям. Сяляне нарыхтоўвалі для партызан прадукты, перадавалі вопратку, пяклі хлеб. А потым, калі згусціліся хмары над партызанекай вёскай, усе ў лес падаліся...
    Усю вайну Фёдар Мікалаевіч пакутаваў ад думак — што робіцца там, на радзіме, ці жывыя дзеці і жонка?.. Але абышлося, Бог мілаваў... Вярнуўся пасля вайны ў родную вёску. На папялішчы трэба было ладзіць новае жыццё. 3 году ў год станавілася лягчэй жыць. Падрасталі дзеці, ужо старэйшы, Георгій, пачаў працаваць на машынным двары саўгаса разам з бацькам. Затым і Мікалай... Васіль таксама закончыў вучылішча механізацыі ў Бабруйску, самы меншы, Федзя, рыхтаваўся ісці па слядах старэйшых братоў, з дзяцінства мог вадзіць трактар...
      Аднаму з першых у раёне Фёдару Мікалаевічу Статкевічу ў 1950 г., калі ён атрымаў рэкордны ўраджай зерневых — звыш 32 цэнтнераў з гектара, было прысвоена высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагарода — за рэкордныя паказчыкі ў рабоце, за выхаванне слаўнай дынастыі... Яе заслужыў старэйшына любанскіх земляробаў усім сваім неспакойным, чэсным жыццём. У лёсе адной сям'і, як у люстэрку, адбілася жыццё ўсяго народа...

    М. I. Шыбаліс
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район