Зорка Героя

    Наруцкі Дзіанісій Сільвестравіч (н.18.10.1904 г.) — палкоўнік, Герой Савецкага Саюза. У Чырвонай Арміі з 1925 г. Удзельнік вызвалення Заходняй Беларусі, савецка-фінляндскай і Айчыннай войнаў.

    У баях у Польшчы зімой 1945 г. полк пад камандаваннем Д. С. Наруцкага прарваў абарону праціўніка і за тры дні прайшоў на захад каля 100 кіламетраў, знішчыўшы вялікую колькасць жывой сілы і тэхнікі ворага. У канцы вайны ён камандаваў танкавай брыгадай, якая вызначылася ў баях за Берлін.
    Памёр Д. С. Наруцкі 4.10.1960 г. Пахаваны ў Маскве.

      Нялёгка і драматычна складваўся лес Дзіанісія Наруцкага. Немаўлём страціў бацькоў, выхавалі яго чужыя людзі ў в. Малы Смольгаў. Яны замянілі хлопцу родных, далі свае прозвішча, і ўсё жыццё Дзіанісій ставіўся да іх, як да бацькоў, ніколі не забываў. Час выпаў яму нялёгкі, складаны — рэвалюцыі, войны. Сталелі рана, і ўжо ў 1921 г. 17-гадовы Дзіанісій уступіў у камсамол, а праз некаторы час працаваў старшынёй Пагосцкага сельскага савета.
     
    Д. С. Наруцкі 
    Дзіанісія Наруцкага прызвалі ў Чырвоную Армію, і тут сялянскі хлапец знайшоў свае прызванне, па сапраўднаму праявіў свой вайсковы талент. Здольнага, граматнага юнака камандаванне накіравала на вучобу ў бранятанкавую школу. Дзіанісій закончыў яе на выдатна, атрымаў афіцэр скае званне, і хутка маладому афіцэру давялося ісці вызваліцелем у Заходнюю Беларусь, а потым атрымаць баявое хрышчэнне на савецка-фінляндскай вайне.
    Вялікую Айчынную вайну капітан Наруцкі сустрэў на пасадзе камандзіра батарэі самаходак. Перажыў горкі шлях адступлення, першыя перамогі Чырвонай Арміі пад Масквой, цяжкія баі на Ленінградскім фронце. У верасні 1943 г. ён камандаваў палком. На заключным этапе вайны палкоўнік Наруцкі ваяваў на пасадзе камандзіра 22-й асобнай Гатчынскай Чырванасцяжнай танкавай брыгады, якой за гераічны ўдзел ва ўзяцці Берліна было прысвоена найменне Берлінскай. У сакавіку 1945 г. .Д. С Наруцкі быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза.
    Палкаводчы талент камандзіра брыгады асабліва праявіўся пасля фарсіравання р. Одэр, прарыву моцна ўмацаванай лініі абароны ворага і рашучага кідка да Берліна. Тады за 17 дзён брыгада зрабіла марш каля 600 кіламетраў, штодзень уступаючы ў бой з праціўнікам. 23 красавіка танкісты пачалі жорсткія баі ў самым Берліне. Шлях да цэнтра горада перагарадзіла р. Шпрэе, але і яна не стала перашкодай. 30 красавіка воіны пад камандаваннем Наруцкага прабіліся да самага цэнтра Берліна і завязалі бой за авалоданне будынкам гестапа. Воіны брыгады Наруцкага пакінулі свае подпісы на сценках рэйхстага.
      Герой Савецкага Саюза Д. С. Наруцкі за ратныя подзвігі ўдастоены шэрагу ўрадавых узнагарод — ордэнаў Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай Вайны II ст., Суворава III ст., многіх баявых медалёў. Пяць разоў быў паранены... Раненні, сярод якіх было два цяжкіх, скарацілі жыццё ветэрана.

    В. Р. Феранц
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район