З успамінаў У. I. Карповіч, былой вязніцы нямецкага канцлагера

    Да замужжа я жыла з бацькамі ў вёсцы Калінаўка. Выйшла замуж і пераехала ў Азёрнае. Мужа майго, Арсеня, у першы дзень вайны забралі на фронт, і закончылася маё сямейнае жыццё, прапаў Арсень без вестак. Немцы не адразу наведаліся да нас. Многія вяскоўцы падаліся ў партызаны, а мы, што засталіся ў вёсцы, чым маглі дапамагалі ім.
    Так прайшло тры гады. Спадзяваліся, што вёску абміне бяда. Але ў красавіку 1944 г., у час апошняй блакады партызанскай зоны, немцы з'явіліся і ў нас. Што тут рабілася!.. Людзі плакалі, крычалі. Хто спрабаваў уцякаць, таго даганяла куля. Куды мне бегчы з малым дзіцём? Прывязалі нас да падводы і павезлі ў Любань, потым у Старыя Дарогі. Трымалі ў зямлянках цэлы тыдзень. Калі выпускалі на некалькі хвілін "на двор, у праходзе стаялі па абодва бакі паліцаі і немцы. Паліцаі часта былі больш бязлітаснымі, чым немцы.
    Забралі ў нас дзяцей. Мы плачам, галосім. Думалі, спаляць жывымі ці расстраляюць. Пагналі на станцыю, пагрузілі ў вагоны. Дзе Валодзька, што з ім?.. Дабралася да акенца, што пад столлю ў вагоне, бачу — немец вядзе майго Валодзьку. Той голенькі зусім, плача. Немец кажа: «Бяры, матка, сына». I сухароў даў. Якое было шчасце!.. У невялікі вагон напіхалі больш пяцідзесяці чалавек. Ні ежы, ні вады. Колькі ехалі — не памятаю. Потым даведаліся, што прывезлі нас у Германію, у канцлагер Ландсберг.
    Жылі ў бараках. Там былі французы, палякі. Працавалі на агародзе. Бывала, хто-небудзь прыхопіць морквіну ці бурак, пасля работы варым здабычу на ўсіх. У бараку была печ, дзеці бегалі на чыгунку і збіралі вугаль. На месяц нам давалі вядро бульбы, драбок солі і два боханы хлеба.
      Вызваліла нас Чырвоная Армія ў красавіку 1945 г. Мяне ўзялі на работу на склад. Хацелася дамоў, але толькі ўвосень з сынам дабралася да радзімы. Хаты не было, згарэла. Людзі як маглі дапамагалі адзін другому ў тыя гады. Пайшла працаваць у калгас конюхам, затым вартаўніком. Вырас сын, зараз у мяне пяцёра ўнукаў...

    В. М. Сяховіч

    © 2024. П а м я т ь. Любанский район