Што давялося перажыць...

    3 успамінаў Н. А. Сергіені, жыхаркі г. Любань ...Была нядзеля, летняя раніца. Мама гатавала снеданне, а тата ўзяў мяне на рукі і пайшоў у клуб слухаць радыё. Ён заўсёды любіў яго слухаць. Праз некаторы час вярнуўся, зайшоў у хату і сказаў: «Вайна»... Жыццё нашу сям'ю і так не песціла. Нас у бацькоў васьмёра было: чатыры хлопцы і чатыры дзяўчынкі. Браты ўжо амаль усе дарослыя — старэйшы Іван служыў у Чырвонай Арміі, Міша вучыўся ў тэхнікуме (абодва прапалі без вестак у гады вайны), Грыша закончыў восем класаў (загінуў у Прыбалтыцы ў красавіку 1945 г.). Сашы споўнілася дванаццаць, а мы зусім яшчэ малыя. Жылі бедна, што мелі — усё з уласнага мазаля. Дапамогі няма адкуль было чакаць. У Трубяціне мы былі людзі новыя, прыехалі сюды з Буда-Кашалёўскага раёна, дзе бацька працаваў старшынёй калгаса. Наш дзядзька, бацькаў брат, скампраметаваў сябе нечым перад уладамі, мы вымушаны былі ратаваць сябе ўцёкамі з родных мясцін.
    У першыя дні немцаў не было, толькі некалькі разоў бамбілі. Людзі хаваліся ў лесе. Многія пайшлі ў партызаны, сярод іх і Грыша з Сашам. Памятаю той дзень, калі ўпершыню ўбачылі фашыстаў. Некаторыя з сяльчан сустракалі іх хлебам-соллю.
    На пачатку акупацыі ўсе жылі ў сваіх хатах. Хто паступіў на службу да немцаў, хто трымаў сувязь з партызанамі, а хто проста аддаўся волі лесу, сядзеў і чакаў, што будзе. Як пазней высветлілася, мама пякла партызанам хлеб. Мы нічога аб гэтым не ведалі. Увечары кладзёмся спаць — маці хлеб пячэ, раніцай прачынаемся — нідзе ні крошкі. А так хлеба хацелася!.. Карову зарэзалі, таксама партызанам аддалі. Праўда, пасля вызвалення нам вярнулі другую жывёліну.
    Але з цягам часу заставацца ў вёсцы стала небяспечна. Непадалёку быў густы ельнік. Там сяляне пабудавалі зямлянкі: лепш са звярамі ў лесе жыць, чым штодзень пакутаваць ад фашыстаў. Да восені 1943 г. служылі нам прытулкам лясныя буданы, тут нарадзілася мая малодшая сястра Каця.
    Зімой немцы пачалі аблаву. Людзі ратаваліся ў балоце. Фашысты палілі нашы зямлянкі, лавілі напуджаных курэй і адкручвалі галовы... Многіх вяскоўцаў схапілі карнікі. Прыгналі ў вёску, зачынілі ў гумне, абклалі яго саломай і паставілі варту. Партызаны хацелі вызваліць людзей, але стала вядома, што салому паклалі не дарма: папярэдзілі, што калі пачуецца хоць адзін стрэл, падпаляць гумно.
    Было вельмі холадна, праз дзіравы дах падаў мокры снег. Раніцай паступіла указанне гнаць людзей у Старыя Дарогі. Ісці пешшу было вельмі цяжка, халодны вецер, шлях далёкі... Дзіву можна давацца, як вытрымалі, дайшлі. У Старых Дарогах нас размясцілі ў сталовай. Пахла хлебам — галава кружылася, але нічога з ежы не было. Людзі ўладкоўваліся дзе маглі: на падлозе, на падаконніку, на сталах. Раніцай я прачнулася і ўбачыла, што таты няма. Усіх мужчын забралі ў асобны барак. Потым і нас перавялі ў будыніну з нарамі ў тры паверхі і маленькай печчу пасярэдзіне. Праз некаторы час пачалі забіраць жанчын і старэйшых дзяўчат для адпраўкі ў Германію. Адчыніліся дзверы, у барак зайшло некалькі фашыстаў з аўтаматамі, з сабакамі. Жанчын выцягвалі з усіх закуткоў і выпіхвалі на вуліцу, адбіраючы ў іх дзяцей. Колькі было слёз, крыку, праклёнаў!.. Адна жанчына не аддавала сваё немаўля. Двое немцаў схапілі яе за рукі, вырвалі дзіця і кінулі яго на верхнія нары. Пачуўся кароткі ўскрык, і ўсё заціхла... Нядаўна дапамагала сястры, якая жыве ў в. Асавец, капаць бульбу. Працавалі разам з мясцовай жанчынай, успомнілі вайну. Я расказала ёй пра той выпадак. Жанчына ўскрыкнула: «Гэта ж мая Надзька!» Аказалася, мы былі ў адным бараку. Пасля смерці дачкі жанчына страціла розум, у Германію яе не ўзялі, адпусцілі. Яна вярнулася ў барак, знайшла трупік дачушкі, паклала ў санкі, пасадзіла побач малалетняга сына і павезла ў Асавец. Прывезла туды два нябожчыкі: хлопчык па дарозе замёрз. Два старэйшыя сыны былі ў партызанах, а дзяцей пахавала...
    У Старых Дарогах мама перадала грудную Кацю старэйшай дачцэ. Мы з Надзяй учапіліся ў яе спадніцу, плакалі. У нас была міска зялёная, у яе атрымлівалі баланду, якой кармілі немцы нявольнікаў. У той дзень мы наадрэз адмовіліся есці і вылілі «суп» пад нары. Мама пакінула нам невялікі клуначак з гарбузовымі зярнятамі і сушанымі чарніцамі, тым і сілкаваліся па крошках.
    Мама потым расказвала, што іх загналі ў вялікі хлеў без вокнаў, і яны ўвесь час глядзелі праз шчыліну на вуліцу — што з дзецьмі. Увечары прыйшлі фашысты і загадалі: «У каго чацвёра дзяцей і ёсць грудное — выходзь». Мама куляй выскачыла з натоўпу разам з яшчэ адной жанчынай, астатніх зноў зачынілі. Кожнай жанчыне, калі адбіралі дзяцей, немцы выдалі нумар, і цяпер патрабавалі паказаць яго. У мамы была такая паперка. Так яна выратавалася. У другой жанчыны нумара не аказалася, і яе штурхнулі назад у хлеў, а мама вярнулася ў наш дзіцячы барак. Мы са слязьмі кінуліся ёй насустрач, мама плакала, абдымала нас... Як магла, яна дапамагала ўсім сіротам, апранала, карміла.
    Вясной 1944 г. нас адпусцілі з лагера. Мы трапілі ў Крываль. Па дарозе збіралі на полі леташнюю бульбу, каб падсілкавацца. У Крывалі ў нас не было ні знаёмых, ні даху над галавой, ні харчу. Улады дазволілі прытуліцца ў хаце аднаго паліцая. Начаваць у вёсцы людзі баяліся, кожны вечар ішлі ў лес: наляталі то немцы, то партызаны, то пад выглядам партызанаў бандыты.
    Аднойчы ноччу пачуўся гул. Страшна было. Хлопцы залазілі на дрэвы, але нічога не ўбачылі. Праз некаторы час паказаўся танк. Спыніўся, з яго доўга ніхто не паказваўся. Мы таксама прытаіліся. Потым люк прыпадняўся, выглянуў салдат. Мы зразумелі, што гэта нашы, кінуліся да танка. Колькі было радасці!.. Праз Крываль у першыя дні бесперапынна ішлі нашы войскі. Салдаты стараліся хоць чым-небудзь пачаставаць нас, дзяцей.
    Хутка прыйшоў Саша — знясілены, хворы тыфам. Дзед-паліцай, у хаце якога мы жылі, быў вельмі сквапны, не дазваляў нам браць нават бульбяныя ачысткі, а калі агурок з грады прападзе, забіць мог. Аднак даваў раз у дзень кубак малака для Сашы.
    У Трубяціне хаты сваей не знайшлі, яе разбурылі. Мы пасяліліся ў напалову разбураным клубе. Адна сцяна падпіралася жардзінамі, дах свяціўся. Так і жылі, пакуль позняй восенню 1945 г. не вярнуўся бацька. Ён быў у лагеры ваеннапалонных у Францыі. Пра гэта ніколі не расказваў, усё больш маўчаў, слухаў радыё.
      Засталося нас у бацькоў шасцёра. I ўсіх трэба было накарміць, апрануць, вывучыць. Бацька займаўся бандарствам, працаваў ад цямна да цямна. Маці шчыравала задарма ў калгасе. Пасляваеннае жыццё было не намнога больш лягчэйшым, чым у акупацыі, асабліва ў першыя гады. Але адно тое, што засталіся жывымі, што вольныя, што свеціць сонца над роднай зямлёй, надавала сэнс жыццю, радавала і пакідала надзею на лепшае будучае, якога ў рэшце рэшт і дачакалася...

    Н. А. Каратчэня
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район