Смерць патрыёткі

    У штаб прыйшоў сакратар Любанскага падпольнага райкома камсамола Адам Майстрэнка. Я слухаў яго даклад аб рабоце камсамольскай арганізацыі і з трывогай чакаў, што скажа Майстрэнка пра Феню Конанаву. Ён расказаў пра актыўную работу камсамольскай арганізацыі атрада Храпко , назваў прозвішчы асобных камсамольцаў, у прыватнасці Мікалая Татура, які вызначыўся ў многіх баях і найлепш праявіў сябе як камсамольскі арганізатар. Падрабязна расказваў ён пра дзейнасць камсамольцаў-падпольшчыкаў у Баянічах, Рэдкавічах, Жывуні, Загаллі, Азярным, а пра Ніжын змаўчаў, у той час калі заўсёды ён раней абавязкова пачынаў з ніжынскай камсамольскай арганізацыі. Я сам спытаў:
    — А як ніжынцы? Як Феня? Майстрэнка апусціў вочы твар яго пацямнеў:
    — Не збераглі мы Феню, — нарэшце сказаў ён глухім голасам.
     
     Помнік Ф. Г. Конанавай у г.Любань
    Відаць, яму нялёгка было гаварыць. Майстрэнка разумеў, што з гэтага яму трэба было пачынаць свой даклад, але вымавіць такія словы было вельмі цяжка, неяк не паварочваўся язык, пачынала перасыхаць у горле.
    — Ніжынская камсамольская арганізацыя, — працягваў Майстрэнка, — і да гэтага часу ў глыбокім смутку. Падпольшчыкаў больш стала, а Феню не збераглі...
      Больш месяца таму назад Феня была накіравана райкомам на заданне і, вяртаючыся назад, трапіла на засаду эсэсаўцаў. Дзяўчыну схапілі. Пазналі, што гэта Конанава, і павялі ў Ніжын. Соснаўскі камендант і кузьмічоўская паліцыя разлічвалі на рэванш за свае ранейшыя няўдачы ў Ніжыне і навакольных вёсках. Плюгавы бургамістр Дубік ужо смакаваў сваю будучую славу, уяўляў сябе з нямецкім ордэнам на грудзях. У вырадка з'явіліся намеры правесці допыт Конанавай у яе роднай вёсцы, на вачах людзей. Ён разлічваў, што праз Конанаву ўдасца раскрыць усю ніжынскую падпольную арганізацыю.
     
     Помнік Ф. Г. Конанавай у в. Нежын
    Ну, цяпер усё! — ашчэрыўшы зубы, гаварыў Дубік. — Наглумілася з нашых паноў, дапякла многім... Цяпер усё скажаш. Зараз тут будуць названы прозвішчы ўсіх тых, хто звязан з партызанамі.
    Загадаўшы прывесці Феню на плошчу, Дубік развязаў ей рукі.
    — Паказвай, хто тут бандыт! — крыкнуў ён. — Усіх выкажаш, жывой застанешся!
    Над галавой звераватага бургамістра праляцеў камень і ўрэзаўся ў пераносіцу паліцая, які стаяў з вінтоўкай каля Фені. Паліцай схапіўся рукамі за твар, завойкаў. Дубік разгубіўся... Феня шпарка падняла з зямлі той жа камень і стукнула ім бургамістра па мордзе... Паліцаі збілі Феню з ног. Паляцелі яшчэ каменні, гітлераўцы і паліцаі пачалі страляць, людзі разбегліся.
    Дні праз два Дубік зноў наведаўся ў Ніжын. Твар у бургамістра быў абвязаны. Нічога не дабіўшыся ад Фені ў Кузьмічах, ён зноў прывёз яе ў Ніжын. Дзяўчына сядзела на возе змучаная, ледзь жывая.
    Цяпер ты будзеш гаварыць! — сіпеў наліцай.
    Ён загадаў выгнаць да Арэсы ніжынскіх дзяўчат і прыгразіў Фені, што калі яна не выкажа падпольшчыкаў, то кожная дзесятая з яе сябровак будзе расстраляна.
    Феня зірнула на дзяўчат. Яна сядзела на возе. Паліцаі ведалі, што стаяць яна ўжо не можа, і не ссаджвалі яе. Дзяўчаты стаял і шчыльнай купкай, туліліся адна да адной, са спагадай глядзелі на Феню.
    Феня рабіла выгляд, што не чула пагроз фашысцкага прыслужніка. Дубік падышоў да воза, штурхануў дзяўчыну і паўтарыў тое, што нядаўна сказаў. Феня падняла на яго запухлыя вочы і бездапаможна апусціла галаву. Яна, відаць, вырашыла не рэагаваць на пагрозы і катаванні, не стагнаць, не гаварыць ні слова.
    — Прызнавайся! — крычаў Дубік і штурхаў дзяўчыну ў галаву. — Прызнавайся!
    Феня маўчала.
    — Бачыце, дурніцы, — павярнуўся паліцай да дзяўчат, — ёй не дорага ваша жыццё, яна нават і слухаць не хоча.
    — Губіцелі! — крыкнула адна з дзяўчат, — людаеды, вы яе замучылі, закатавалі, цяпер нежывую гаварыць вымушаеце!..
    — У нас і мёртвыя загавораць, мы ёй развяжам язык!
    Паліцаі падхапілі Феню пад рукі, паднялі і паставілі на мёрзлую зямлю. Дзяўчаты загаласілі, падаліся наперад: Феня была босая, ногі пасінелыя і апухлыя ад пабояў. Хістаючыся, намагаючы апошнія сілы, Феня настаяла з паўхвіліны і павалілася. Паліцаі паднялі яе.
    — Развязаць? — адзін з іх спытаў Дубіка.
    — Не, не! — замахаў рукамі бургамістр.— Вырывайце ёй валасы...
    Дзяўчаты рынуліся да Фені, збілі з ног аднаго паліцая, але другія конныя загарадзілі ім дарогу.
    Феня мужна пераносіла катаванні. Ёй вырывалі валасы, выкручвалі рукі. Калі яна страціла прытомнасць, Дубік загадаў кінуць яе ў ледзяную ваду Арэсы...
      Так загінула Феня Конанава...

    В. I. Казлоў. 3 кнігі «Людзі асобага складу»

    © 2024. П а м я т ь. Любанский район