3 герояў — у ворагі...

    Пракоп Адзярыха быў адным з тых першых камунараў, якія разам з Эмануілам Модзіным, Фёдарам Коўрыкам, Цімафеем Смірновым, Паўлам Калыска і іншымі прыйшлі ў 1927 г. на Мар'інскае балота, каб будаваць там камуну, ладзіць новае жыццё. Гэта пра яго пісаў Янка Купала ў паэме «Над ракой Арэсай» :

    Да саўгаса «Сосны»
    Па балоце — рэйкі, —
    Гэта ад камуны
    Йдзе вузкакалейка.

    Правялі ўдарна
    Па даўгім абшары
    Зімою мінулай
    Яе камунары...

    Строіў Адзярыха
    Для працоўных масаў —
    Чырвонаармеец
    Адстаўны да часу.

    Не вучыўся ў ВТУЗах.
    Не быў інжынерам,
    Камунар быў толькі,
    На аўто шлях мерыў...


    Па ўсіх правілах інжынернай навукі праклаў самавук Пракоп Адзярыха чыгунку па дрыгвяністым балоце. Камісія, якая прыехала прымаць работу, не давала веры: без спецыялістаў, без навуковых разлікаў выканана складаная і адказная работа! Але па вузкакалейцы ішлі цягнікі — і гэта была рэальнасць...
    Уся справа ва ўмелых і надзвычай працавітых руках камунараў, якім на пракладцы вузкакалейкі задаваў тон Пракоп Адзярыха. Адзярыхі прыехалі ў Камуну з-пад Слуцка, калі пачулі пра саўгас, загарэліся жаданнем будаваць яго. У малазямельнага селяніна Пятра Адзярыхі было трое сыноў: Пракоп, Адам і Васіль, а таксама дачка Ефрасіння. Пракоп праславіўся ў камуне сваёй шчырасцю і адданасцю ў рабоце, працавітасцю і кемлівасцю. У яго сапраўды быў талент у любой рабоце. Васіль быў ваенным лётчыкам, ім ганарылася ўся Камуна. Ён згарэў на сваім самалёце ў першыя дні вайны. Адам разам з сваёй маладой жонкай Алёнай былі трактарыстамі, прафесія іх на той час лічылася вельмі пачэснай і ганаровай... Загінуў Адам Адзярыха ў 1941 г., абараняючы Маскву.
    Трагічны лёс выдаўся герою купалаўскай паэмы Пракопу Адзярысе. Па ілжываму даносу ён быў арыштаваны ў 1937 г. і бясследна знік у гулагаўскіх засценках... Сыны яго, Іван і Канстанцін, застаўшыся сіротамі, хапілі нямала ліха ў дзяцінстве, а пасталеўшы, працавалі на тых палях, што адваёўваў у багны іх бацька. Дачка Пракопа Ніна ў гады вайны была сувязной партызанскага атрада на Любаншчыне.
    ...Адзярыхі, як і ўсе лепшыя сыны айчыны, аддалі жыццё за радзіму з верай у яе будучыню...

    В. Ф. Рыгораў


    © 2024. П а м я т ь. Любанский район