Даследчык роднага краю

    Аляксандр Іосіфавіч Крукоўскі — вучоны, нястомны даследчык роднага краю, этнограф і гісторык. Нарадзіўся 23 лютага 1901 г. у в. Загалле ў мнагадзетнай сялянскай сям'і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Загальскай царкоўнапрыходскай школе, потым паступіў у Слуцкую духоўную семінарыю.  Аляксандр Крукоўскі скончыў яе на выдатна, але царкоўным служыцелем не стаў, ён марыў працаваць на асветніцкай ніве. А. I. Крукоўскі настаўнічаў у сваёй вёсцы, потым вучыўся на курсах беларусазнаўства ў Мінску. У Мазыры выкладаў беларускую мову і літаратуру, працаваў у акруговым аддзеле народнай асветы. Ён быў адным з найбольш актыўных ініцыятараў разгортвання краязнаўчага руху на Мазыршчыне. На працягу некалькіх гадоў узначальваў праўленне акруговага таварыства краязнаўства, якое было лепшым у рэспубліцы. Таварыства налічвала 39 мясцовых краязнаўчых аб'яднанняў, у якіх было звыш 1100 членаў.
     
     А. I. Крукоўскі
    Вялікую ўвагу А. I. Крукоўскі ўдзяляў збіранню вуснай народнай творчасці і матэрыялаў для геаграфічнага і дыялектычнага слоўнікаў. Гэтая работа пачалася ў канцы 1926 г. А. Крукоўскі склаў інструкцыю да збірання матэрыялаў для геаграфічнага слоўніка «Мазыршчына», якая была разаслана ва ўсе раённыя краязнаўчыя таварыствы. Слоўнік павінен быў зафіксаваць і даць поўнае апісанне ўсіх паселішчаў на тэрыторыі акругі, урочышч, узгоркаў, нізін, рэк, азёр, сажалак, майстэрань, лесапільняў, помнікаў і г. д.
    Праўленне таварыства атрымала 320 апрацаваных у адпаведнасці з інструкцыяй картак, праз год — яшчэ 362.
    Яшчэ больш масавы характар набыло збіранне матэрыялаў для дыялектычнага слоўніка. Да канца 1927 г. праўленне таварыства мела картатэку, у якую было ўнесена 20 135 дыялектных слоў. А. I. Крукоўскі прыступіў да складання, і ў лістападзе 1928 г. Мазырскі слоўнік на 10 тысяч слоў паступіў у Слоўнікавую камісію Інстытута беларускай культуры. Друкаванне яго было адкладзена, а рукапіс загінуў у час вайны.
    У чэрвені 1930 г. А. I. Крукоўскі быў пераведзены ў Мінск на пасаду намесніка дырэктара Інстытута геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР, займаўся даследаваннем прыродных рэсурсаў Беларусі, пераважна Прыпяцкага Палесся. Вынікам гэтай дзейнасці з'явіўся шэраг навуковых прац і краязнаўчых артыкулаў — «Жалезная руда на Мазыршчыне», «Карысныя выкапні», «Вапняковыя пароды Мазыршчыны», «Горад Мазыр і яго ваколіцы», «Тураў і яго ваколіцы» і іншыя. У 1935 г. А. I. Крукоўскі працаваў дырэктарам Інстытута геалогіі і гідрагеалогіі, затым інжынерам-кансультантам ва Упраўленні воднай гаспадаркі БССР. 3 1937 г. — ён геолаг-разведчык на будаўніцтве чыгункі ў Бурат-Манголіі.
    Памёр А.I.Крукоўскі 2 жніўня 1945 г.

    В. I. Карпіееіч


    © 2024. П а м я т ь. Любанский район