За здароўе народа

    У пачатку 20-х гадоў, адразу пасля вызвалення ад польскіх акупантаў, у м. Любань была адкрыта бальніца на 10 ложкаў, дзе працавалі ўрачы Чадовіч і Козак. У 1924 г. пасля арганізацыі Любанскага раёна пры райвыканкоме была створана санітарная камісія, якая ўзначаліла работу медыцынскіх устаноў — медыцынскую амбулаторыю ў Любані і два фельчарскія пункты. У 1925 г. у райцэнтры адкрыта раённая бальніца на 16 ложкаў, пабудаваны лячэбны корпус. У 1925 — 1927 гг. прыняло першых хворых хірургічнае аддзяленне, узначаліў яго хірург Марголін.
    У 1929 г. райвыканком прыняў рашэнне аб будаўніцтве новага памяшкання для раённай бальніцы. У в. Асавец была разабрана незакончаная царква і пабудавана бальніца. За кошт сродкаў самаабкладання ўзведзены памяшканні для фельчарскіх пунктаў у в. Нежын і Рачэнь. У раёне налічваліся чатыры медыцынскія ўстановы, у якіх працавалі 4 урачы, 5 фельчараў і 3 акушэркі.
    У сувязі з асушэннем балот у канцы 20-х гадоў пачаўся небывалы прыток насельніцтва ў Любанскі раён. Гэта прывяло да ўзнікнення эпідэмій. У 1932 г. успыхнуў сыпны тыф, у 1934 г. — дызентэрыя. Раённыя органы ўлады яшчэ больш увагі надавалі ахове здароўя людзей. Была створана санітарная інспекцыя, у пасёлку Сосны здадзена ў эксплуатацыю новае памяшканне бальніцы. Пабудаваны корпус для інфекцыйных хворых у Любанскай раённай бальніцы, якім загадваў Гос. У першай палове 30-х гадоў таксама пабудаваны бальніцы на 130 ложкаў у в. Рачэнь, Калінаўка, Барыкоў, Урэчча, фельчарскія пункты ў в. Асавец, Юшкавічы, Турок, Рэдкавічы, Ямінск, Загалле, Дарасіно. Працавалі аптэкі' ў м. Любань, ва Урэччы і Барыкове.
    У 1937 г. на патрэбы медыцыны раёна было асігнавана 15 тыс. руб., частка з іх выкарыстана на будаўніцтва радзільных дамоў у в. Ямінск, Рачэнь, Турок, Асавец, Гарадзяцічы, Нежын, Загалле. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў раёне было 6 бальніц, 7 фельчарскіх пунктаў, 3 аптэкі, 5 аптэчных пунктаў.
    У 30-я гады значна павялічылася колькасць кваліфікаваных медыцынскіх кадраў. Загадчыкам раённай бальніцы працаваў Козак, у ёй працавалі тры ўрачы — В.I.Чадовіч (тэрапеўт, з 1932 г. загадчык Соснаўскай участковай бальніцы), Марголін (хірург), Рубінштэйн (стаматолаг), два фельчары —Ізбраеў і Шаплыка, дзве акушэркі, чатыры медыцынскія сястры. Загадчыкам Соснаўскай участковай бальніцы працаваў Пляшкевіч, фельчарам — Захарык П. Я., загадчыкам Рачэнскай бальніцы быў Ясінскі, фельчарам —Шпіленя.

    А. В. Сіманава
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район