Па старонках раённай газеты «Калгаснік Любаншчыны» (1932 г.)

     
     
    Кулацкая агітацыя разбіта
    Калгас «Будаўнік» Рачэнскага сельсавету меркаваў па плану пабудаваць свінарнік. Для гэтага калгас яшчэ зімой вывез лесаматэрыял, які праляжаў цэлае лета. Кулацка-заможная частка вёскі пачала ўжо гаварыць: «Вось дзе глуміцца будаўнічы матэрыял, нічога яны не зробяць». Але зрабіўшы самае галоўнае — вясенні сеў, праўленне пераключыла частку калгаснікаў на пабудову свінарніка. Праз 5 — 6 дзён свінарнік будзе скончаны, што нашчэнт разаб'е кулацкую супрацькалгасную агітацыю.
    Струмень
    15 жніўня 1932 г.


    За зрыў збожжанарыхтовак кулак Муравейка пакараны
    Выяздная сесія Любанскага нарсуду ад 18.6. разгледзела ў в. Асавец крымінальную справу гр-на в. Пекліч Муравейка Якава. Муравейка з'яўляецца кулаком, які на працягу 1931 г. ухіляўся ад здачы збожжа дзяржаве. У бягучым годзе таксама ад выканання збожжанарыхтовак ухіляецца, за ўвесь час не здана ім ні аднаго кіло, і між тым, як ён увесь час занімаецца спекуляцыяй збожжам, а таксама хлебам.
    Усе памянёныя факты пасяджэннем нарсуду былі ўстаноўлены, за што Любанскі нарсуд на 5 год пазбавіў Муравейка волі з адбываннем у канцэнтрацыйных лагерах і канфіскаваў усю яго маёмасць.
    Барадзько
    27 жніўня 1932 г.


    Дабіцца рашучага пералому ў справе росту
    На працягу першага паўгоддзя 1932 г. у шэрагі КП(б)Б улілося 25 чалавек, з якіх адна жанчына. Па сацыяльнаму складу: рабочых 8 чал., сялян-калгаснікаў 16 чал. Пераведзена з кандыдатаў у члены КП(б)Б 12 чалавек, з якіх дзве жанчыны.
    Аднак бюро РК КП(б)Б адзначыла, што рост шэрагаў КП(б)Б усё ж нездавальняючы, асабліва па некаторых ячэйках Яменскай, Тальскай, Тураўскай, Райкалгассаюзаўскай і іншым. Гэтыя ячэйкі справай прыёму не займаліся. Дрэнна пастаўлена праца з пераходам кандыдатаў у сябры партыі. Ёсць выпадкі, калі з 1928 г. кандыдаты не пераведзены ў партыю.
    Слаба ідзе рост за кошт жанчын і камсамольцаў. Прычынай нездавальняючага росту партыі па асобных ячэйках з'яўляецца паслабленне масавай працы і вярбоўкі лепшых рабочых і калгаснікаў у партыю.
    Кардаш
    7 верасня 1932 г.


    Рачэнскія апартуністы зрываюць план
    Збожжанарыхтоўкі па Рачэнскаму сельсавету праходзяць маруднымі тэмпамі. Той факт, што калгасамі здана ўсяго 4 т збожжа, а аднаасобнікамі нічога, гаворыць аб няўменні арганізаваць загатоўкі. На пытанне прадстаўніка райгазеты: «Якое ў вас заданне і выкананне збожжанарыхтовак?» старшыня сельсавета Кукраш адказаў: «Бачыце, таварыш, я магу перапутаць заданне і выкананне, нам даюць не точныя звесткі. Магу сказаць, што на 5 верасня мы загатовілі 4 тоны збожжа. Больш свежыя звесткі вы можаце ўзяць у «Заготзярно».
    Відаць, што старшыня сельсавету цікавіцца важнай палітычна-гаспадарчай кампаніяй. Новыя метады працы сацспаборніцтва, ударніцтва, буксір, насценгазеты, сходы не ўжываюцца. Кіраўніцтва збожжанарыхтоўкамі пушчана на самацёк. Шмат сялян яшчэ не маюць кантрактацыйных кніжак.
    Свінко Павел
    7 верасня 1932 г.


    Бяздзейнасць і самацёк прычыны зрыву
    Мабілізацыя сродкаў па Рачэнскаму сельсавету праходзіць марудна. На 17 верасня заданне па сельгаспадатку выканана на 54,4 працэнта (налічана 22 350 р., выканана 12 225 р.). ГІаступленне плацяжоў пушчана на самацёк. Сельсаветчыкі заяўляюць: «Прынясе селянін грошы, то мы прымем безадказна». Масавай працы сярод сялянства няма, націску на кулацка-заможную частку сельсавет не робіць.
    У в. Закальное сельсавет яшчэ не выпісаў паведамленняў кожнаму селяніну, ніводзін селянін не ведае, колькі яму налічана самаабкладання.
    Спецкор
    26 верасня 1932 г.


    Ударыць па зрыўшчыках, замацаваць калгас
    У аддзяленні калгаса «Пражэктар» у в. Песчанец арганізацыя працы пастаўлена зусім слаба. Не ўтвораны вытворчыя брыгады, не ліквідавана абязлічка, не праводзіцца сацспаборніцтва і ўдарніцтва... 14 кастрычніка ў час ударнай кампаніі севу было адпушчана 5 коней з калгаснікамі ў г. Слуцк да касцёлу, загадчык аддзялення Міцкевіч Браніслаў не толькі падтрымаў гэтую шкоднасць, а нават сам ездзіў у Слуцк у той час, калі па аддзяленню не было пасеяна ні аднаго гектару азімага.
    26 верасня 1932 г
    .

    Вёска Арлёва завяршыла адгрузку бульбы Ленінграду
    Выкананне плану адгрузкі бульбы Ленінграду па в. Арлёва Слабадскога сельсавета дасягнула 90 прац. Гэтыя поспехі дасягнуты дзякуючы шырока разгорнутай рабоце сярод беднякоў, сераднякоў і аднаасобнікаў. Бліскучы прыклад у працы паказаў член сельсавету Галай Кузьма, які дабіўся на сваім участку 100 прац. выканання, Дзікун Хведар, Рабы Павел, Галай Сава, Рабы Хведар, якім выдана прэмія на 20 руб. прамтавараў кожнаму. Але нягледзячы на гэта, маюцца і такія члены сельсавета, як Федарчук Нікіпар, які ўвесь час адгрузкі бяздзейнічаў у сваёй працы.
    Перадавікі па адгрузцы бульбы в. Арлёва бяруць на сацыялістычны буксір тых, хто яшчэ да гэтага часу не выканаў план...
    Заруба
    27 кастрычніка 1932 г.


    Тальскае сельпо зрывае забеспячэнне настаўнікаў
    Пастановы партыі ў адносінах забеспячэння настаўніцтва па Тальскім сельсавету не выконваюцца. Старшыня сельпо т. Савельеў (ён жа сакратар парт'ячэйкі) яўна ігнаруе гістарычную пастанову ЦК аб школе ў галіне забеспячэння настаўніцтва. Настаўнікі, якія прымацаваны да Тальскага сельпо, атрымліваюць толькі 10,5 кг мукі, а больш нічога. Тое ж самае з прамтаварамі, калі звяртаюцца настаўнікі да старшыні сельпо, каб адпусціў што-небудзь, ён адказвае: «Гэта шырпатрэб». Адначасова ёсць і адносіна, каб настаўнікам адпускалі з фонду шырпатрэбу ўсе прамтавары па норме прамысловых рабочых.
    Але да тав. Савельева гэтая пастанова не датычыцца, ён робіць, што сам захоча. Калі адбыўся настаўніцкі сход, туды быў запрошаны Савельеў, каб зрабіў даклад аб ходзе выканання пастановы ЦК аб школе па сельпо. Апошні не звярнуў ніякай увагі, не прыйшоў нават на сход. Настаўнікі знаходзяцца ў кепскім эканамічным становішчы, прыходзіцца есьці толькі адзін хлеб. А некаторыя настаўнікі, як Трыгубовіч (в. Дубнікі), не забяспечваюцца нават мукой...
    М. Грышкоў
    27 кастрычніка 1932 г.


    «Х-годдзе БССР» безгаспадарча адносіцца да жывёлы
    У саўгасе «Х-годдзе БССР» жывёла знаходзіцца без прыгляду. Стада кароў складаецца з 400 галоў, з якіх 190 дойных. Яны абслугоўваюцца дастатковым штатам заатэхнікаў, тэхнікаў і старшых жывёлаводаў. Дзякуючы абязлічцы, няправільнай расстаноўцы сіл і адсутнасці прэміяльна-прагрэсіўнай здзелыпчыны сярод рабочых стада знаходзіцца ў безгаспадарчасці. Сумесна з здаровымі каровамі знаходзяцца хворыя туберкулёзам. Малако з каровы цалкам не выдойваецца. 3 190 кароў атрымоўваюць усяго 300 літраў малака ў дзёнь.
    Рыськін
    3 лістапада 1932 г.


    Муравейка бяздзейнічае
    Прайшло болын чым два месяцы, як абралі новага сакратара Яменскай камсамольскай ячэйкі. Стары сакратар быў у твані апартуністычнага балота, ячэйцы пагражаў поўны развал. Культмасавай працы ніякай не праводзілася, членскіх узносаў камсамольцы не плацілі паўгода. Але даволі значны час працы новага сакратара Яменскай ячэйкі ЛКСМ т. Муравейкі паказаў яго незацікаўленасць. За ўвесь гэты час было толькі два пасяджэнні і агульны сход, на якім пастанаўлялі і больш нічога. Абралі кіраўніка палітгуртка т. Красякову, якая правяла двое заняткаў і далей ні шагу. На першы дзень заняткаў прыйшло 6 чалавек, самога сакратара не было. На другія заняткі прыйшоў сакратар, але не было камсамольцаў. Муравейка гаворыць: «Чаго праводзіць заняткі, падручнікаў у нас няма, а што нам прыслалі за падручнік «На рубяжы 2-х пяцігодак»? Мы ўсё гэта ведаем, а хто не ведае, няхай чытае».
    Я. Р.
    10 снежня 1932 г
    .

    Ударыць па бяздзейнасці
    Ячэйкі Асаавіяхіму ў Рэдкаўскім сельсавеце працуюць зусім дрэнна. У самым цэнтры сельсавету ячэйка развальваецца. Сакратар яе, аказваецца, зусім не хоча працаваць. Бюро камсамольскай ячэйкі не цікавіцца працай АСО, не патрабуе сакратара ячэйкі наладзіць працу. За ўвесь час у АСО не праводзілася вайсковых заняткаў. Малапулька, якая ёсць пры ячэйцы, прышла ў нягоднасць з прычыны няўмелых адносін і безадказнасці за яе. РайАСО не зацікавілася і цяпер не цікавіцца становішчам ячэек на раёне. Больш ужываць кіраўніцтва ячэйкамі — вось патрабаванне, якое выносяць сябры АСО.
    Свінко
    24 снежня 1932 г.


    Любань дрэнна падрыхтаваўся і правёў прызыў
    Прызыў па Любанскаму раёну закончыўся. Ён паказаў актыўнасць прызыўнікоў, іх сплачонасць вакол генеральнай лініі партыі. Прызыў паказаў, што класавы вораг прыкладае ўсе сілы, каб пралезці ў шэрагі Чырвонай Арміі. Так, кулак Раменьчык Міхась пралез у калгас дзеля таго, каб папасці ў шэрагі Чырвонай Арміі. Яго бацька меў 80 га зямлі, шкурную майстэрню з пастаянным складам 45 рабочых. Быў раскулачаны ў 1929 г. і ўцёк. Кукраш Піліп заявіў: «Трэба кулакоў таксама браць у армію». Шэўчык Тамаш судзімы за скрыўленне лініі партыі і ўлады, антысеміт, хуліган і п'яніца...
    У час прызыву аказалася 15 прызыўнікоў зусім непісьменных, у тым ліку два камсамольцы, састаячыя ў камсамоле больш як па году, адзін з іх рабочы-ўдарнік. Кепска была пастаўлена праца стала даведак. За 7 дзён прызыву дадзена 9 даведак.
    К. Раковіч
    28 снежня 1932 г.


    3 іх трэба браць прыклад
    Беларуская і яўрэйская ШКМ своечасова ўключыліся ў правядзенне варашылаўскай эстафеты. На сённяшні дзень маюцца наступныя паказчыкі. Па беларускай школе завербавана 198 новых членаў АСО. Ячэйка разбіта на пяць зводаў, што складае 270 чалавек. Таксама арганізаваны гурткі юных прыхільнікаў АСО, якія разбіты на 2 планерныя гурткі. Рэалізавана білетаў латарэі АСО на 500 руб. Працуюць чатыры ўдарныя брыгады, якія ідуць перадавымі па падрыхтоўцы варашылаўскіх стралкоў.
    Не адстае і яўрэйская ШКМ. Тут закончана перарэгістрацыя членаў АСО. Сярод членаў АСО і вучняў ліквідуецца непісьменнасць па супрацьпаветранай абароне. Рэалізавана білетаў латарэі на 200 руб., для ячэйкі АСО куплена 10 процівагазаў. Ход варашылаўскай эстафеты рэгулярна адбіваецца ў насценным друку.
    С. Мірэйчык
    5 студзеня 1933 г.


    Зрабіць неадкладны пералом
    Ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці па Тальскаму сельсавету праходзіць не так, як трэба. Лікпункты і школы малапісьменнасці зусім не забяспечаны алоўкамі, прыходзіцца пісаць вугалем. На 30 працэнтаў забяспечаны падручнікамі, і то старымі — нягоднымі. Сшыткамі таксама забяспечаны толькі 15 працэнтаў. 3 такім забеспячэннем вучняў у лікпунктах і школах малапісьменных мы не забяспечым выкананне пастаноў партыі і ўраду аб ліквідацыі малапісьменнасці на БССР у 1933 г. Трэба райана і інспектару палітасветы т. Грышановіч звярнуць увагу і забяспечыць у хуткім часе лікпункты і школы малапісьменных усім неабходным.
    Чашкін Міхась
    12 лютага 1933 г.


    Падкулачнікі павінны атрымаць рашучы адпор
    Цэлы шэраг членаў Юшкаўскага сельсавету, як Дастанка Іван, Дастанка Мікалай, Гурыновіч і іншыя, выступаюць супраць планаў нарыхтовак, самі не завезлі ніводнага фунта нарыхтовак і не праводзяць работы на сваіх участках. Гэтым далі магчымасць кулацка-заможнай частцы вёскі хаваць і спекуліраваць збожжам. Бахановіч прадала прыватніку 1 пуд збожжа ў в. Забалоцце. Нам. старшыні сельсавету т. Кулыба абараняе кулацка-заможныя гаспадаркі, заяўляючы на пленуме сельсавету: «Што яны павязуць, калі ў іх няма нічога, я таксама не здаў і не здам ніводнага фунта».
    Гэткія апартуністычныя разважанні не атрымалі рашучага адпору на пленуме сельсавету, і сакратары не прымаюць ніякіх мер да такіх дастанкаў, гурыновічаў, кулыбаў, якія зрываюць план збожжазагатовак і з'яўляюцца агентамі класавага ворага.
    Павел
    12 лютага 1933 г.


    Узмацніць работу па агляду
    Месячнік агляду нізавой кааперацыі, аб'яўлены ЦКК НК і газетай «Савецкая Беларусь» і Белкапсаюзам, ставіць задачу баявой мабілізацыі мас і рашучага выпраўлення недахопаў у працы кааперацыі. Аднак, як выявілася нарадай старшынь сельпо і рэвізійных камісій, гэтыя задачы з боку вясковых арганізацый не выконваюцца. Падкрэслена, што за асобнымі крамамі ёсць шмат злоўжыванняў. Прыкладна, крамнік в. Шыпілавічы Пучыла Гаўрыла павышаў цэны на тавар — гарэлку замест 11 р. 50 к. прадаваў па 12 р., кіло сялёдак замест 1 р. 12 к. па 1 р. 20 к. і 1 р. 90 к., у мануфактуры рабіў недамер і г. д. Па Нежынскім сельпо крамнік за кіло канфет браў замест 4 р. 5 р. Паказаныя факты сведчаць аб тым, што ў кааперацыю пралязаюць варожыя нам элементы, якія падрываюць справу павелічэння таваразвароту і змычку паміж горадам і вёскай.
    Кашырын
    11 ліпеня 1933 г.
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район