На шляхах калектывізацыі

    Перад першай сусветнай вайной беднякі ў беларускай вёсцы складалі 67,7 %, сераднякі 21,3%. Ім належала 47,5 % сельскагаспадарчых угоддзяў. На Любаншчыне зямельнае пытанне стаяла больш востра, чым у іншых раёнах Беларусі. Гэта было звязана з геаграфічным становішчам краю, дзе большую частку тэрыторыі займалі непраходныя балоты. Сусветная вайна, інтэрвенцыя, грамадзянская вайна яшчэ болыя павялічылі расслаенне сялянства і не дазволілі правесці ў жыццё Дэкрэт аб зямлі, прыняты II Усерасійскім з'ездам Саветаў. Толькі на пачатку 20-х гадоў на Любаншчыне стала магчымым рашэнне зямельнага пытання. Земаддзелы валасных рэўкомаў адразу пасля вызвалення краю ад белапалякаў прыступілі да раздзелу памешчыцкай зямлі і інвентару паміж сялянамі. Не хапала насеннага фонду. Улады аказвалі дапамогу, вясной 1920 г. было выдзелена 400 тысяч пудоў аўса, 20 тысяч пудоў проса, 10 тысяч пудоў грэчкі.
    У 1924 г. на Любаншчыне з 5679 сялянскіх гаспадарак беззямельных было 169, 2711 гаспадарак мелі да 2 дзесяцін зямлі, ад 2 да 5 дзесяцін — 2223, ад 5 да 10 дзесяцін — 473, звыш 10 дзесяцін — 113. Гаспадарак, якія не мелі каня, налічвалася 463, мелі каня 2548, 112 сялянскіх гаспадарак не мелі хатняй жывёлы, да 2 галоў — 2450 гаспадарак, ад 2 да 4 — 1800.
    Органы ўлады актыўна займаліся пошукам форм калектыўнага гаспадарання на зямлі. План кааперавання сялянскіх гаспадарак прадугледжваў сацыялістычную перабудову сельскай гаспадаркі на аснове тэхнічнай рэканструкцыі, уздыму агульнай культуры вёскі. У канцы 20-х — пачатку 30-х гадоў аб'ектыўны ход сацыяльна-эканамічнага развіцця паставіў гэтыя пытанні ў павестку дня. Прадугледжваліся розныя формы кааператываў у залежнасці ад узроўню абагульнення працы і сродкаў вытворчасці. Першапачатковая форма таварыства па сумеснай апрацоўцы зямлі (ТОЗ), дзе абагульняліся толькі праца і землекарыстанне. У арцелі аб'ядноўваліся асноўныя сродкі вытворчасці (рабочая і прадукцыйная жывёла, інвентар і інш.). У камунах абагульняліся ўсе сродкі вытворчасці, улічваючы нават дамашнюю птушку, а таксама ў значнай меры і быт. ТОЗ лічылася пераходнай формай да арцелі, для малападрыхтаванай часткі беднякоў і сераднякоў арцель разглядалася як пераходная форма калектыўнай гаспадаркі да камуны. На Любаншчыне, як і ў іншых раёнах, у 20-я — пачатку 30 х гадоў існавалі ўсе тры формы вытворчай кааперацыі.
    У 1921 г. было заснавана Забалацкае крэдытнае таварыства «Снапок», якое забяспечвала вяскоўцаў неабходным інвентаром, насеннем, адпускала крэдыты, аказвала дапамогу бяднейшым сялянам сельскагаспадарчым інвентаром, садзейнічала далучэнню сялян у вытворчую кааперацыю. Таварыства мела каўбасны цэх і арандавала возера, працаваў аграпункт.
    У 1927 г. у ім налічвалася 1127 членаў, яно абслугоўвала 125 населеных пунктаў, 6088 сялянскіх гаспадарак. У пачатку 20-х гадоў было створана сельскагаспадарчае таварыства «Праца», якое абслугоўвала населеныя пункты сельсаветаў. У сувязі з тым, што Акружны сельбанк не адпускаў крэдыты, у 1927 г. было прынята рашэнне аб ліквідацыі таварыства.
    На Любаншчыне ў 1928 г. існавала 4 машынныя, 10 малочных, 4 меліярацыйныя і жывёлагадоўчае таварыствы. Яны карысталіся вялікім аўтарытэтам сярод сялян. Толькі ў малочным таварыстве Рачэнскага сельсавета налічвалася 51 чалавек. Такімі таварыствамі ў 1927 г. было перапрацавана 105 тыс. кг малака і атрымана 8360 кг масла і 2470 кг сыру, у 1928 г.— 146 995 кг малака, атрымана 6316 кг масла, 1600 кг сыру.
    У сувязі з тым, што значная плошча на Любаншчыне была забалочана і непрыгодна для земляробства, у раёне арганізоўваліся таварыствы меліярацыі. У 1923 г. было створана такое таварыства ў в. Обчын, у 1924 г. — у Сарачах, у 1927 г. — у в. Пласток, Пеклічы, Вежанка (13 чалавек), м. Любань (60 чалавек), а таксама раённая меліярацыйна-будаўнічая арганізацыя «Арэскі калфонд», якая мела добрую матэрыяльную базу для правядзення меліярацыі.
    Обчынскае меліярацыйнае таварыства ў 1927 г. налічвала 150 чалавек. Імі быў пракладзены меліярацыйны канал даўжынёй 6 км, мноства малых каналаў. Белсельбанк аказаў дапамогу таварыству, у 1927 г. для правядзення меліярацыйных работ было выдзелена 7 тыс. рублёў. На асушаным тарфяніку закладзены паказальны ўчастак плошчай 20 га, на якім высеяны бульба, авёс, віка. У 1924 г. на ўгоддзях былога маёнтка Ярэмічы было арганізавана таварыства з 18 гаспадарак па сумеснай апрацоўцы зямлі «Усход».
      У снежні 1927 г. адбыўся з'езд ВКП(б), на якім ішла размова аб развіцці ўсіх форм кааперацыі. Ставілася задача паступовага пераходу да калектыўнай апрацоўкі зямлі на аснове новай тэхнікі, электрыфікацыі і г. д. Ні тэрмінаў, ні адзіных форм і спосабаў кааперавання сялянскіх гаспадарак з'езд не ўстанаўліваў. Пытанні калектывізацыі займалі важнае месца ў рабоце з'езда і праклалі курс на карэнныя перамены жыцця ў вёсцы, хоць суцэльная калектывізацыя пачала ўсімі метадамі праводзіцца з восені 1929 г.
     
     Члены сумеснага таварыства па апрацоўцы зямлі «Усход». 1924 г.
    У 1927 г. у в. Пласток па ініцыятыве Г. М. Гальчэні арганізаваны першы на Любаншчыне калгас, які назвалі «Іскра». У ім першапачаткова налічвалася 12 сялянскіх гаспадарак.
    Для прапаганды калектыўнай формы земляробства зімой 1927 г. былі арга нізаваны сельскагаспадарчыя курсы. У 1927 г. на іх Займалася 35 сялян, працавалі гурткі сельскагаспадарчых ведаў, якія наведвалі 256 чалавек. У 1927 — 1928 гг. працавалі двухтыднёвыя курсы, на якіх займалася 70 чалавек, было прачытана 126 лекцый на сельскагаспадарчыя тэмы.
    У м. Любань быў аформлены агранамічны кабінет, меліся ўзоры насення розных сельскагаспадарчых культур, гербарый 20 відаў пустазелля. Сяляне маглі атрымаць любую кансультацыю па аграноміі. У в. Касцюкі працаваў гадавальнік, дзе вырошчваліся перспектыўныя сарты бульбы, гародніны, збожжавых культур, насенне распаўсюджвалася сярод сялян.
    Мэтам прапаганды калектыўнай формы гаспадарання служылі сельскагаспадарчыя выставы. На першай выставе ў 1924 г. было прадстаўлена 212 экспанатаў, удзельнічала 5500 чалавек.
    14 — 17 кастрычніка 1927 г. на другой раённай сельскагаспадарчай выставе было прадстаўлена 340 экспанатаў ад сялян, 13 ад сельскагаспадарчых арцелей, 20 ад сельскіх гурткоў, 65 ад іншых арганізацый. Вялікую цікавасць вызвалі дэманстрацыя сепаратараў і спецыяльны выпуск насценнай газеты «Новая вёска». Па выніках выставы было выдадзена 72 прэміі, з іх 14 ганаровых.
    Сяляне, уступаючы ў калгас, вельмі сумняваліся, з цяжкасцю развітваліся з уласнай гаспадаркай. У в. Обчын у верасні 1929 г. на сходзе беднаты, дзе разглядалася пытанне аб арганізацыі калгаса, прынялі рашэнне: перш чым арганізаваць свой калгас, направіць у калгас «Іскра» дэлегацыю ў складзе Мікалая Вечара, Наталлі Пажарыцкай і Карнея Кукраша для азнаямлення з яго работай. Такое ж рашэнне было прынята сялянамі в. Таль — азнаёміцца з работай саўгаса «10-годдзе БССР», а затым вырашыць пытанне аб арганізацыі калгаса.
    Колькасць калгасаў на Любаншчыне паступова расла. У 1927 г. было толькі 2 арцелі, у сярэдзіне 1929 г. — 5 калгасаў, якія аб'ядноўвалі 70 сялянскіх гаспадарак, да канца года колькасць калгасаў павялічылася да 13, створаны таксама чырвонаармейская камуна і саўгас. Калгасы існавалі ў вёсках Таль, Пласток, Ямінск, Н. Юрковічы і Ст. Юрковічы, Кузьмічы, Нежын, в. Обчын, Рачэнь, Засмужжа, Старасек, М. Гарадзяцічы, Забалаць.
      У калгасы ў першую чаргу ўступалі бяднейшыя сяляне, беззямельныя. У калгас «Чырвоная зорка» в. Таль першымі ўступілі Піліп Каратчэня, Аўдоцця Каратчэня, Рыгор Парахневіч, Рыгор Цыганкоў, Соф'я Юргенсон, Максім Кашляк. Сярод першых калгаснікаў у в. М. Гарадзяцічы былі Іван Вішнеўскі, Мікалай Вішнеўскі, Васіль Сініцкі, Трафім Семяновіч, Павел Вішнеўскі. У в. Закальное ў калектыўнай гаспадарцы, напрыклад, налічвалася ўсяго 4 сям'і. Калгас у хуткім часе распаўся і зноў арганізаваўся праз год, у жніўні 1930 г., пад назвай «Будаўнік».
     
    Члены калгаса «Пражэктар» в.Турок, 1930г. 
    Патрабаваліся кваліфікаваныя кадры, якіх не хапала. На гэта звярнуў асаблівую ўвагу Пленум ЦК ВКП(б). У лістападзе 1930 г. было прынята рашэнне накіраваць у вёску 25 тысяч прадстаўнікоў рабочага класа, якія змаглі б узначаліць маладыя калгасы. У Любанскі раён накіраваны П.К.Царонак, рабочы воднага транспарту, К.Ф.Цімошкіна, рабочая папяровай фабрыкі, М.Г.Куранец, рабочы-страхар, М.А.Сушко, М.Я.Удавенка, рабочыя-ліцейшчыкі, М. Б. Гдалін, рабочы-шавец. 3 іх у 1935 г. працавалі толькі М.Я.Удавенка, старшыня калгаса «Асвета», М.А.Сушко, інструктар Любанскага райвыканкома.
    1 снежня 1929 г. адбылася I раённая канферэнцыя калгаснікаў, якая зацвердзіла план калектывізацыі. У адпаведнасці з ім у 1930 г. неабходна было арганізаваць 34 новыя калгасы, прыцягнуць у іх 3 тысячы сялянскіх гаспадарак, у 1931 г. мець не менш 60 калгасаў. Зямельныя плошчы калгасаў павінны былі скласці не менш 44 тыс.га.
    У раёне актывізавалася работа па стварэнню калгасаў. У сакавіку 1930 г. на пасяджэнні Рачэнскай партыйнай ячэйкі па падвядзенню вынікаў калектывізацыі былі адзначаны нізкія тэмпы работы. Па Юшкавіцкаму сельскаму савету з 668 сялянскіх гаспадарак у калгасы ўступілі 208, па Рачэнскаму з 1100 — 362. У раёне дзейнічаў толькі 21 калгас, абагульнена 865 гаспадарак. Новыя калгасы былі арганізаваны ў в. Смольгава, Рэдкавічы, Шыпілавічы, Чабусы, Зялёнкі, Трубяціна, Азломль, Слабодка, Н.Дунцы, Ст. Дунцы, В. Гарадзяцічы. Калгасы былі невялікія. «Пражэктар» налічваў 11 гаспадарак, з іх 8 бядняцкіх, «Чырвоны Асавец» — 9, «Новае жыццё» — 6, «Пабеда» — 8 гаспадарак.
    Калектывізацыя ў раёне ішла марудна. Галоўнымі ворагамі калгаснага руху ўлады бачылі заможных сялян, супраць якіх пачалася сапраўдная вайна. Іх прыцяснялі падаткамі, канфіскоўвалі хлеб і іншую маёмасць, душылі нацэнкамі на жыццёва неабходныя тавары. У кулакі залічваліся ўсе, хто жыў больш-менш лепш, хто працаваў на сваёй зямлі старанна і сумленна і меў з сваёй працы лішняга каня ці карову, сельгасінвентар, добрыя будынкі. Набываць такія сродкі вытворчасці, як трактары, аднаасобнікі наогул не маглі. Былі адняты правы арэнды зямлі, а хутка прыняты пастановы аб пазбаўленні кулакоў выбарчага права не толькі ў час выбару органаў дзяржаўнай улады, але і права голасу ў зямельных таварыствах, ва ўсіх відах кааперацыі. Рэзалюцыя Пленума ЦК КП(б) рэкамендавала: «Пры правядзенні суцэльнай калектывізацыі высяляць усе кулацкія гаспадаркі за іх кошт з тэрыторыі калгасаў на горшыя па якасці землі».
    Улады прымушалі сялян уступаць калгасы разнастайнымі, падчас самымі, іншы раз да раніцы, запалохванні жорсткімі метадамі. Найбольш гуман нымі лічыліся агітацыя, доўгія ўгаворы і пагрозы. Чым далей, тым больш рашуча дзейнічалі агітатары, упаўнаважаныя, міліцыя і работнікі органаў НКДБ. Звычайнай справай стала абкладанне аднаасобнікаў і залічаных да заможнікаў сялян, а потым і сераднякоў так называемым цвёрдым падаткам, непамерна завышаным, выканаць які было практычна немагчыма, а выканаўшага зноў абкладвалі новым, яшчэ больш высокім...
      У сялян аднаасобнікаў забіралі лепшыя землі і надзялялі імі калектыўныя гаспадаркі. Арышты, высылка незадаволеных або залічаных да класу кулакоў асобна ці з сем'ямі, турэмнае зняволенне, суды і расстрэлы — такім быў шлях калектывізацыі па краіне, хоць значная частка сялян, найбольш бедных, беззямельных і бясконных, уступала ў калгасы добраахвотна, бачыла ў іх адзінае выйсце з бядотнага становішча...
     
    Сход рабочых Арэскага калфонду. 1927 г. 
    У рэзалюцыі лістападаўскага Пленума ЦК ВКП(б) у 1929 г. аб недапушчэнні кулакоў у калгасы даводзілася, што колькасць кулацкіх гаспадарак у раёне не павінна складаць болып 5 % ад усіх сялянскіх гаспадарак. Пачаўся пераход ад палітыкі абмежавання кулацтва да ліквідацыі яго як класа. Кулацкай гаспадарка лічылася, калі мёла больш 6 дзесяцін зямлі (да 2 дзесяцін — бедняцкая, ад 2 да 6 — серадняцкая). На Любаншчыне такіх гаспадарак было каля 10 %. Колькі душ, якая карысталася надзелам, не ўлічвалася.
     
    М. Ф. Купрэева, старшыня Любанскага райвыканкома 
    Жорсткая развёрстка падаткаў і планавых заданняў, калектывізацыя, насілле з боку ўлады выклікалі процідзеянне з боку сялян. Меліся такія выпадкі і на Любаншчыне. Газета «Звязда» паведамляла: «У в. Шабаш група кулакоў пад кіраўніцтвам былога памешчыка Забелы сарвала культурны вечар і збіла яго ўдзельнікаў». У ноч з 5 на 6 кастрычніка 1930 г. у калгасе «Чырвоны ўсход» было спалена гумно з калгаснай маёмасцю, прычынена страт на суму 3566 руб. Згарэла гумно са збожжам і ў калгасе «Асвета». У 1931 г. у калгасе «1 жніўня» кулакі спалілі хлеў з буйной рагатай жывёлай, у калгасе «Чырвоны ўсход» гумно са збожжам, у камуне імя БВА — хлеў з жывёлай».
    У пачатку 1930 г. стала зразумела, што ў вёсцы чыніцца сапраўдны хаос, ігнаруецца ўсякая законнасць, вытворчасць сельгаспрадукцыі знаходзіцца ў крытычным стане. 2 сакавіка быў на друкаваны артыкул I. Сталіна «Галавакружэнне ад поспехаў», які асуджаў практыку прымусовай калектывізацыі, даваў указанні весці гэту работу ў адпаведнасці з мясцовымі ўмовамі. Ён выклікаў вялікую хвалю выхаду сялян з калгасаў. Да і чэрвеня 1930 г. працэнт калектывізацыі сялянскіх гаспадарак у Беларусі знізіўся з 58 да 11, колькасць ворнай зямлі ў калгасах — з 66 да 15. Людзі забіралі абагуленыя інвентар, жывёлу, фураж. У канцы 1930 г. на Любаншчыне дзейнічалі 22 сельгасарцелі, у якіх налічвалася 1009 сялянскіх гаспадарак (162 — у камуне). Працэнт калектывізацыі складаў 14,7. Частка сельгасарцелей распалася, некаторыя аказаліся на мяжы развалу. Да пачатку 1931 г. распаліся сельгасарцелі імя Леніна, «Чырвоны барацьбіт», «Чырвоны сцяг», «Чырвоная Слабодка», імя Маркса і іншыя.
      Тым не менш у верасні 1931 г. бюро ЦК КП(б)Б прыняло пастанову аб за вяршэнні суцэльнай калектывізацыі да вясны 1932 г. Выконваючы пастанову, мясцовыя органы ўлады дапускалі новыя памылкі і перагібы: па-ранейшаму прымусова абагульнялі жылыя памяшканні, жывёлу, выплата працадзён праводзілася па рэшткаваму прынцыпу пасля выканання дзяржпаставак, калі ў калгасах ужо нічога не заставалася. Працягвалася практыка раскулачвання. Вялікімі намаганнямі ўдалося аднавіць работу некаторых калгасаў, давесці працэнт калектывізацыі бядняцка серадняцкіх гаспадарак да канца 1931 г.
     
    Навучэнцы рабфака саўгаса 1932 г.«10-годдзе БССР» 
    Да 1932 г. было створана 43 калгасы, але вясной пачаўся новы масавы выхад сялян з калектыўных гаспадарак. Каб падтрымаць іх, дзяржава аказвала розную дапамогу — прадастаўляла ільготы ў падаткаабкладанні, пастаўляла трактары і іншую тэхніку, мінеральныя ўгнаенні, стварала МТС. Першая МТС арганізавана ў 1933 г. у Любані. Яе парк налічваў 7 трактароў, а ўсяго ў раёне мелася 65 трактароў (54 у саўгасе «X год БССР», 4 у камуне імя БВА). У 1936 г. была створана Палеская, у 1937 г. — Загальская і Чабуская МТС.

    Н. М. Сіняк

    НА Беларусі, ф. 6, воп. 1, с. 1851, 2489; ф. 48, воп. 1, с. 4808, 4849; ф. 338, воп. 1, с. 93; ф. 349, воп. 2, с. 2, 31; ф. 1474, воп. 1, с. 2 — 3.
    Фонды Любанскага дзяржаўнага музея народнай славы.
    © 2024. П а м я т ь. Любанский район